У Беларусі па ініцыятыве Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у кастрычніку па традыцыі праходзіць рэспубліканская акцыя “Моладзь за бяспеку”. Прысвечана яна ўтварэнню ў краіне маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, якой сёлета спаўняецца 25 гадоў.
Першы тыдзень акцыі ва Ушацкім раёне прайшоў пад дэвізам “112 добрых спраў”. Адзінокія і адзінокапражываючыя пажылыя людзі, інваліды заўсёды пад увагай работнікаў МНС. Адным з этапаў акцыі з’яўляецца дапамога менавіта такім катэгорыям грамадзян. Завітаўшы на некалькі сядзіб у гарпасёлку, юныя выратавальнікі-пажарныя разам з супрацоўнікамі МНС аказалі пасільную дапамогу: убіралі тэрыторыю каля дома, лісце, насілі дровы, зразалі на дрэвах сухія галіны. Пенсіянеры шчыра дзякавалі і адзначалі, што для іх вельмі важныя клопат і ўвага маладога пакалення.
А ў суботні дзень актывісты маладзёжнай грамадскай арганізацыі, кіраўніцтва Ушацкай школы і выратавальнікі арганізавалі велапрабег па маршруце Ушачы – “Прарыў”. Гэта была не проста велапрагулка, удзельнікі ўшанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання, усклалі кветкі. І менавіта ў гэтым знакавым для ўшачан месцы рады Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных папоўніліся новымі членамі. Так, з задавальненнем уліўся ў іх лік удзельнік рэдакцыйнага клуба юных рэпарцёраў, васьмікласнік Улад Карпаў, а таксама заўсёды актыўныя ў розных школьных і грамадскіх справах Аляксандр Калясінскі, Арына Карэйша, Ягор Лемеш (на здымку).
Згуртаваў удзельнікаў велапрабегу і прывал у партызанскай лясной школе са смачнай гарачай кашай і чаем.
Пра гісторыю маладзёжнай арганізацыі, прафесію выратавальніка ішла размова на дыялогавай пляцоўцы ва Ушацкай школе. З цікавасцю слухалі вучні 7-8 класаў начальніка Ушацкага РАНС Дзмітрыя Дахіна і Ігара Станіслававіча Дзянісава – ветэран МНС, які зараз жыве на Ушаччыне, стаяў ля вытокаў стварэння грамадскай арганізацыі, а таксама журналаў “Служба выратавання” і “Юны выратавальнік”.
Традыцыі руху юных пажарных сыходзяць каранямі ў 30-я гады мінулага стагоддзя, але па-сапраўднаму адзіным цэлым рух стаў 14 кастрычніка 2001 года: у гэты дзень разрозненыя клубы аб’ядналіся ў адну арганізацыю, якая ставіць на мэце работу з моладдзю, фарміраванне ведаў па бяспецы жыццядзейнасці, якія спатрэбяцца ў жыцці кожнаму. У радах раённай арганізацыі зараз больш 100 актывістаў.
Завяршаецца акцыя яшчэ адным цікавым мерапрыемствам: дзяцей і моладзь запрасілі на Дзень адчыненых дзвярэй у пажарную часць.
Вольга КАМАРКОВА.


