Ушачские школьники прогулялись с мамонтами, побывали на луне во время посещения 3D-планетария

Наши дети Общество

Пабываць на Месяцы, апынуцца ў жарале вулкана, прагуляцца з мамантамі і дыназаўрамі, аказваецца, можна, не пакідаючы памяшкання. Пацвердзяць вам гэта ўшацкія школьнікі, якія пабывалі ў падобным захапляльным падарожжы. Не на яве, канечне, але з максімальным эфектам рэальнасці: падчас сеансу пазнавальнага фільма “Адзінокі рух Зямлі” ў 3D-планетарыі, які на адзін дзень разгарнуў свой купал у актавай зале школы.

Навукова-тэхнічны прагрэс развіваецца настолькі імкліва, што мы нават не паспяваем сачыць за ўсімі яго новымі здабыткамі, вось і пра існаванне мабільных планетарыяў ведаюць далёка не ўсе. Гэта надзьмуты купал, унутраная паверхня якога мае спецыяльнае пакрыццё: на ўсёй яго сферычнай плошчы з дапамогай праектара дэманструецца відэафільм. Такім чынам у гледачоў пад купалам складаецца ўражанне поўнага пагружэння ў падзеі, і для гэтага нават не трэба апранаць спецыяльныя акуляры. Як сцвярджаюць арганізатары кінасеансаў, іх праект у першую чаргу мае адукацыйны, пазнавальны напрамак. І сапраўды, пабываўшы ў планетарыі, дзеці амаль у рэчаіснасці бачаць тое, аб чым чыталі, што праходзілі на ўроках.

– Я раней бываў у кіно 5D, думаў, што і тут будзе нешта падобнае, але ў мабільным планетарыі значна цікавей, – падзяліўся ўражаннямі вучань 2 “А” Дзіма Ільюшэнка. – Асабліва спадабаўся эпізод з дыназаўрамі: я чытаў пра іх артыкул у энцыклапедыі, зараз жа, калі ўбачыў амаль што ў жывую, захацелася яшчэ больш даведацца пра гэтую старажытную жывёлу.

– А мы якраз сёння на ўроку чытання праходзілі тэкст “Касманаўты расказваюць”, – заўважыла вучаніца 4 “А” Алеся Бойчанка, – а цяпер самі “пабывалі” ў космасе!

Адным словам, калі ў вас будзе магчымасць наведаць 3D-планетарый – зрабіце гэта: не пашкадуеце!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *