Интернет-банкинг поможет вам сэкономить время и деньги

Калейдоскоп

Новыя тэхналогіі актыўна працуюць на тое, каб сучасны чалавек траціў на бытавыя справы ўсё менш часу. Як вядома, зараз актыўна разгортваецца план павелічэння безнаяўных электронных плацяжоў. Банкаўскімі карткамі беларусы карыстаюцца ўжо даўно, а вось з паслугай “Інтэрнэт-банкінг” знаёмы яшчэ не ўсе. Давайце высветлім, якія выгоды яна дае.

Сістэма “Інтэрнэт-банкінг” дазваляе сачыць за сродкамі на дэбетавых, крэдытных і дэпазітных рахунках сваіх картак. Праз інтэрнэт-банкінг можна ажыццяўляць шырокі спіс плацяжоў. У яго ўваходзяць і паслугі сістэмы “АРІП” і іншыя, калі скарыстацца паслугай банка “Адвольны плацеж”. Гэта значыць, што камунальныя і многія другія плацяжы можна ажыццявіць праз камп’ютар, планшэт ці тэлефон з выхадам у сетку. Інтэрнэт-банкінг дазваляе пераводзіць грошы з адной карткі на іншую. Напрыклад, з заробкавага рахунку можна папоўніць уклад альбо пагасіць крэдытную запазычанасць. У сістэме можна даведацца пра навіны банка, набыць валюту, азнаёміўшыся з яе бягучым курсам. Больш таго, інтэрнэт-банкінг дае магчымасць падключаць да сваёй карткі шэраг такіх карысных паслуг, як SMS-інфарміраванне, атрыманне штомесячнай выпіскі на скрыню электроннай пошты. Каб праз інтэрнэт набываць квіткі, рэчы, разлічвацца за паслугі, трэба ў сістэме актывізаваць картку для выканання названых аперацый.

Для карыстання паслугай “Інтэрнэт-банкінг” трэба быць кліентам банка, мець картку, рахунак ці крэдыт. Атрымаць паслугу можна пасля падачы ў банкаўскае аддзяленне заявы на яе падключэнне. Некаторыя банкі афармляюць гэту опцыю аўтаматычна пры адкрыцці рахунку. “Інтэрнэт-банкінг” – гэта бясплатна і надзейна. Кліенту прысвойваюцца індывідуальныя логін і пароль для ўваходу ў сістэму.

Для тых, каму зручна карыстацца інтэрнэт-банкінгам праз мабільны тэлефон або планшэт, банкі распрацоўваюць мабільныя версіі для аперацыйных сістэм Аndroid, iOS і Windows Phone. Пры гэтым адпадае неабходнасць заходзіць на сайт банка, трэба адзін раз устанавіць дадатак і карыстацца поўным спектрам аперацый.

Пры дапамозе інтэрнэт-банкінгу можна эканоміць. Зараз банкі бяруць камісію за ўсе плацяжы, у тым ліку і са спісу АРІП. Аднак аплата праз “Адвольны плацеж” інтэрнэт-банкінг “Балаграпрамбанка” абыдзецца ў 0,2% ад сумы плацяжу (мінімальнае камісійнае ўзнагароджанне складае 5000 Br, максімальнае – 500 000 Br),а ў касе банка – ад 1 да 2% сумы плацяжу. Мінімальная камісія пры такіх умовах – 10 000 Br, максімальная – 400 000 Br. Напрыклад, прадпрымальніку ці фізічнай асобе трэба аплаціць тавар коштам 9 млн. Br. Калі плаціць праз касу, то камісія складзе 180 000 Br. У інтэрнэт-банкінгу з дапамогай кнопкі “Адвольны плацеж” – 18 000 Br.

Падрыхтавала В. Северына, студэнтка інстытута журналістыкі БДУ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *