Всё для удобства и комфорта людей. Установленная лестница на перекрёстке Ленинской и Комсомольской радует ушачан

Зваротная сувязь

Жыхарка дома №2 па вуліцы Ленінскай Іна Пятроўна Марковіч на мінулым тыдні нягледзячы на марозную раніцу выйшла на прагулку. “Скора не пазнаць будзе нашы двары, — кажа пенсіянерка. – Суседні дом на Фрунзе пасля рамонту, як новенькі, дзіцячы сад радуе вока свежымі фарбамі, прыгажэе прылягаючая тэрыторыя – вядзецца добраўпарадкаванне, укладка бардзюраў. І лесвіцу вунь якую для нас зрабілі!”

Зручнасць новага аб’екта добраўпарадкавання, які з’явіўся ля скрыжавання вуліц Ленінскай і Камсамольскай, паспелі ацаніць не толькі мясцовы жыхары, але і пешаходы з іншых мікрараёнаў.

– Па-гаспадарску зроблена, – далучаецца да размовы жыхар таго ж дома Васіль Васільевіч Лёля (на здымку). – Раней там пастаянна размываўся грунт і людзям ва ўзросце вельмі цяжка было выбрацца да пешаходнага пераходу, каб схадзіць, напрыклад, у магазін “Раніца”, які насупраць. Замест гэтага адпраўляліся ў “Родны кут” або абыходзілі праз плошчу па крузе. Цяпер акрамя лесвіцы побач дарожка з поручнем: і на веласіпедзе з’ехаць, і каляску з дзіцём каціць зручна, нават на інваліднай калясцы пад’ехаць можна!

Пытанне аб устаноўцы лесвіцы ад імя жыхароў прылягаючых дамоў агучыла Ганна Макараўна Дубоўская падчас правядзення “прамой лініі” з дырэктарам УП ЖКГ Станіславам Браніслававічам Завадскім. Тэлефанаванняў як заўсёды было шмат. Тым больш прыемна канстатаваць, што за месяц, які мінуў з таго дня, амаль усе праблемы, з якімі звярталіся жыхары раёна да кіраўніка камунальнай службы, вырашаны паспяхова. Маладая маці з таго ж дома №2 прасіла перанесці лямпачку ў пад’ездзе бліжэй да ўваходу, бо дзіця баялася заходзіць на неасветленую лесвіцу. Пытанне вырашылі шляхам устаноўкі датчыка на рух. Адрамантавана труба і ўчастак дарогі на вуліцы Горкага, праведзены работы на доме №2 па вуліцы Савецкай, дзе пасля моцных дажджоў вада залівала падвал дома. Там выкананы рамонт адмосткі і стыкаў фундаментных блокаў. Спадзяваліся жыхары дома хаця б на ямачны рамонт у двары, а ў выніку камунальнікі знайшлі магчымасць пакласці там асфальт.

Ад імя некалькіх жыхароў паступіла тэлефанаванне з інтэрната ў Градзянцы, дзе на лесвічнай пляцоўцы трэцяга паверха ў пад’ездзе з гэткім жа нумарам калісьці стаяў радыятар сістэмы ацяплення. Пасля таго, як яго знялі, пры вялікіх маразах прамярзала тарцовая сцяна будынка, а потым пры адлігах на ёй пасялялася цвіль – батарэю вярнулі на былое месца.

Не так даўно падрадная арганізацыя выканала работы па капітальным рамонце даху дома па Камсамольскай, 4. Між тым усё роўна цякло – на балконы. З гэтай праблемай да С.Б.Завадскага звярнулася Святлана Канстанцінаўна Турло. Была выклікана падрадная арганізацыя, а праектны інстытут параіў устанавіць адлівы, што і было зроблена. Існуе па гэтым доме і праблема іншага кшталту, але зняць яе тэрмінова не ўдасца пры ўсім жаданні. Калі ідуць дажджы з моцным ветрам, то па шве ў некаторых кватэрах працякаюць сцены. Такая праблема з панельнымі будынкамі па ўсёй вобласці, і спрабуюць яе вырашаць, кропкава і ліквідуючы месцы зацёкаў.

Пытанне Наталлі Фёдараўны Багрэц з Ленінскай, 16 можна аднесці да ліку агульных – адстрэл бадзяжных сабак. Яны, у тым ліку і з яўнымі прыкметамі захворванняў, свабодна гуляюць па рынку, скверы насупраць раённага Дома культуры. Вырашэнне праблемы выклікае розную рэакцыю ў грамадзян, але адстрэл жывёл работнікі камунгаса перыядычна праводзяць. Ён ускладняецца тым, што цяжка падлавіць жывёлу менавіта ў такі час, калі не будзе нікога на тым жа рынку, бо звычайна сабакі з’яўляюцца там разам з адкрыццём палатак і першымі наведвальнікамі.

Шматкватэрны дом на Савецкай, 72 у народзе больш вядомы як “бальнічны”, пабудаваны больш 40 гадоў таму. Вось і цікавілася яго жыхарка Галіна Аляксееўна Даўгаполава перспектывай замены ў іх жыллі труб сістэмы водаправоду і каналізацыі. Работы, на якія неабходны вялікія сродкі, пакуль не запланаваны. А так да ацяпляльнага сезону, як і на астатніх аб’ектах жылфонду, кожны год робіцца прафілактычная прамыўка сістэмы, гідрапнеўматычныя выпрабаванні, якія дазваляюць выявіць дэфекты і замяніць асобныя зношаныя ўчасткі.

Жыхарка аграгарадка Глыбачка Антаніна Міхайлаўна Башун не мае ўласнага жылля і жыве ў дачным доміку сына, таму цікавілася магчымасцю выдзялення ёй кватэры з жылфонду камунгаса. Жанчына гатова за ўласны кошт зрабіць касметычны рамонт. Вось толькі размеркаваннем жылля займаецца не ЖКГ, а сельвыканкам. А галоўная праблема ў тым, што калі ў кватэры (як у дадзеным выпадку) гаспадар не пражывае на працягу нават некалькіх год, але зарэгістраваны, то прадаставіць яе іншаму грамадзяніну юрыдычна немагчыма.

Паступалі пытанні наконт перыядычнасці ўборкі пад’ездаў, аплаты іх рамонту, які зараз праводзіцца за кошт жыльцоў дома – цана будзе ўключана ў жыроўкі пасля завяршэння работ. Цяжка вызначыцца з аб’ёмамі і матэрыялам, бо дзесьці некаторыя ўласнікі кватэр для змяншэння расходаў згодны і на простую пабелку, у той час як суседзям падавай фарбу, ды не лідскую, а “Капарол”.

Адзначу, што Станіслаў Браніслававіч быў у курсе большасці агучаных падчас “прамой лініі” праблем, бо грамадзяне звычайна звяртаюцца непасрэдна ў камунгас. Таму вырашэнне некаторых пытанняў ужо было ў планах. Праведзена замена ліхтароў вулічнага асвятлення па вуліцы Ленінскай і некаторых іншых, пасля замены цеплатрасы пакладзены асфальт у Градзянцы – камунальнікі працуюць кожны дзень, над вырашэннем злабадзённых пытанняў, не чакаючы тэлефанаванняў грамадзян.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *