На вопросы читателей ответил во время»прямой линии» ответил начальник Ушачского районного узла электросвязи Александр Шакута

Зваротная сувязь

“Прамая лінія” з начальнікам Ушацкага раённага вузла электрасувязі А.У.ШАКУТАМ, якая праходзіла ў рэдакцыі на бягучым тыдні, атрымалася насычанай. Магчымасцю задаць свае пытанні Аляксандру Уладзіміравічу скарысталіся многія нашы чытачы. Пачуць адказы на найбольш актуальныя з іх, думаецца, будзе карысна і іншым ушачанам.

– Звяртаецца да Вас жыхарка вёскі Лабані. Падкажыце, калі ласка, ці ёсць магчымасць у нашым населеным пункце падключыць правадное тэлебачанне ZALA?

– Не, для гэтага няма тэхнічных магчымасцяў з­за аддаленасці вёскі ад вузла сеткі перадачы даных – бліжэйшы знаходзіцца ў Сарочыне. А вось эфірную ZALA мы можам падключыць абсалютна ўсім жадаючым, незалежна ад населенага пункта. Каб стаць абанентам названай паслугі, неабходна звярнуцца з адпаведнай заявай у сэрвісны цэнтр Ушацкага РВЭС.

– Чула, што нас, абанентаў тэлефоннай сувязі з Вялікіх Долец, чакае замена нумароў…

– Сапраўды, у сувязі з мадэрнізацыяй тэлефоннай сеткі ў бліжэйшы час у аграгарадку і іншых населеных пунктах Вялікадолецкага сельсавета нумары дыяпазону 2­30­XX, 2­33­ХХ і 2­47­ХХ будуць заменены на новыя: 5­ХХ­ХХ і 3­ХХ­XX. Адзначу, што ніякай платы за гэта брацца не будзе. У сувязі з правядзеннем работ магчымы часовыя перабоі ў тэлефоннай сувязі, за што загадзя прыношу абанентам свае прабачэнні.

– Часта карыстаюся інтэр­нэтам, але ў абароненасці сістэмы ад вірусаў і шпіёнскіх праграм не ўпэўнены: антывіруснікі абнаўляюцца не часта, ды і 100­-працэнтнай гарантыі ў якасці тых, што былі “скачаны” з інтэрнэта, няма. Ведаю, што “Белтэлекам” прапаноўвае такую паслугу як антывірусная абарона. Як яе падключыць?

– Сапраўды, нашым абанентам прапануецца падпіска на адзін з праграмных прадуктаў вытворчасці ЗАТ “Лабараторыя Касперскага”. Падключыць паслугу можна самастойна ў асабовым кабінеце карыстальніка ў закладцы “Тарыфы і паслугі” ці ў сэрвісным цэнтры РВЭС. Хачу падкрэсліць, што для карэктнай работы антывіруснага праграмнага забеспячэння на вашым камп’ютары павінен быць устаноўлены толькі адзін антывірусны прадукт.

– Мой сын­сямікласнік просіць падключыць на яго смартфон паслугу SMART ZALA. Што яна сабой уяўляе?

– Гэта сэрвіс, які дазваляе глядзець тэлевізіныя каналы (кіно, навіны, мультфільмы, спартыўныя трансляцыі і інш.) на камп’ютары, планшэце, смартфоне з дапамогай аперацыйных сістэм Android, iOS. Паслуга захавала многія магчымасці інтэрактыўнага тэлебачання ZALA: адкладзены прагляд, запіс праграм з мэтай іх далейшага прагляду ў зручны час, функцыя “Бацькоўскі пароль”. Дарэчы, адзін акаўнт дае магчымасць прагляду кантэнту на дзвюх прыладах адначасова, таму скарыстацца паслугай змогуць адразу некалькі членаў сям’і.

– З пераходам тэлевяшчання на лічбавы фармат мы набылі спецыяльную прыстаўку, якую даводзілася рамантаваць ужо не раз. Суседка раіць падключыць ZALA ад “Белтэлекам”, кажа, што абслугоўваннем адпаведнага абсталявання займаюцца непасрэдна работнікі РВЭС…

– Так і ёсць. Для ўстаноўкі прыстаўкі, яе настройкі, ухілення непаладак выязджаем да нашых кліентаў на дом. Прычым, робім гэта абсалютна бясплатна. Не трэба плаціць і за само абсталяванне. Замена тэлевізара не патрабуецца.

Карыстаючыся магчымасцю, хачу нагадаць карыстальнікам правадной і эфірнай ZALA аб магчымасці падключэння за невялікую плату дадатковых каналаў рознай тэматыкі. Упэўнены: пакеты дзіцячы, фільмавы і іншыя парадуюць вас і вашых блізкіх.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *