13 вопросов поступило на «прямую линию» с директором УП ЖКХ С.Б.Завадским

Зваротная сувязь

Трынаццаць запісаў пакінуў у рабочым блакноце дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна Станіслаў Браніслававіч Завадскі пасля правядзення “прамой тэлефоннай лініі”. Ды і па тых, што не датычыліся непасрэдна дзейнасці службы, раіў, што рабіць, каб хутчэй атрымаць пажаданы вынік.

“Новую дзіцячую пляцоўку з мноствам горак і арэляў у мікрараёне вуліцы Дзяржынскага пакуль не паставім, аднак некалькі элементаў у дадатак да існуючай пясочніцы – можам”, – адказаў кіраўнік прадпрыемства на пытанне маладога бацькі, якое, дарэчы, паступіла да вызначанага часу. Таксама як і запыт наконт “знікшага” ліхтара па вуліцы Маладзёжнай у гарпасёлку. З апошнім кіраўнік службы паабяцаў разабрацца з выездам на месца, як, дарэчы, заўсёды робіць падчас спрэчных пытанняў.

А вось сушылку для дываноў у двары дома №6 па Віцебскай адновяць без удакладненняў. “Калі яна там патрэбна, будзе”, – адказаў дырэктар старшыні жыллёва-будаўнічага кааператыва І.Клімашэўскаму. Запланаваны і ямачны рамонт пад’ездаў да гэтага дома. Па вуліцы ж Калінінскай ён ужо завершаны: часова быў прыпынены, паколькі асфальт ДРБУ-105 вырабляе толькі тады, калі ёсць аб’ёмы работ і ў самой дарожнай арганізацыі.

Г.Дольнікава дзякавала дырэктару камунгаса за распачаты рамонт даху і фундамента дома па Калінінскай, 44, цікавілася, ці будуць уцеплены сцены, што прадзімаюцца пры моцным ветры, і адрамантаваны печы. Станіслаў Браніслававіч адказаў, што рэканструкцыя дома вядзецца згодна з праектнай дакументацыяй, усё, што прадугледжана, будзе зроблена, а вось клопат пра печы – справа саміх уладальнікаў. І хоць у камунгасе няма штатнага печніка, пры звароце грамадзян могуць дапамагчы і ў гэтым.

Заяўніцы з вёскі Слабада Сарочынскага сельсавета, якая скардзілася на рыжую ваду, камунальнікі могуць дапамагчы толькі прамыўкай сістэмы, якая і будзе выканана. Гэта, аднак, толькі часткова здыме праблему. Павышанае ўтрыманне жалеза ў вадзе – на тэрыторыі ўсяго раёна, а станцыя абезжалезвання існуе толькі ва Ушачах. Таму іншага выйсця, як карыстацца фільтрамі, няма.

Жыхарка крайняга дома па вуліцы Горкага прасіла выкасіць тупік, які зарос кустоўем, а чытач з Глыбачкі Глыбачанскага сельсавета – абкошваць ад баршчэўніку тэрыторыю вакол ачышчальных збудаванняў. “Усё, што ў зоне нашага абслугоўвання – будзе абкошана”, – адказаў Станіслаў Браніслававіч. Аналагічнае пытанне паступіла і ад старэйшыны вёскі Весніцк Вялікадолецкага сельсавета. Расліна апанавала могілкі, у дадатак да гэтага непасрэдна ля старых пахаванняў скідваюць старыя вянкі і смецце. Дырэктар камунгаса паабяцаў выкапаць у канцы могілак яму для смецця, а вось для правядзення агульнага суботніка раіў звярнуцца да старшыні сельвыканкама. Камунгасу не выдзелены грошы на добраўпарадкаванне могілак, ды і падтрымліваць іх у парадку – грамадзянскі абавязак людзей, чые родныя там пахаваны. На Ушаччыне нямала прыкладаў, калі менавіта сіламі мясцовых жыхароў і іх дзяцей, унукаў, што жывуць у гарадах, і наводзіцца парадак на грамадзянскіх пахаваннях. На гэтыя мэты выкарыстоўваюцца і сродкі самаабкладання жыхароў.

Нашым чытачам мы ж нагадваем, што калі ў вас не атрымліваецца патэлефанаваць спецыялістам раённых службаў падчас правядзення “прамой лініі”, пакінуць сваё пытанне вы можаце загадзя на рэдакцыйныя нумары, якія даюцца ў анонсах.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *