Апошнія прыгатаванні ішлі ў сераду ў лагеры “Турасполле”. Апоўдня тут чакалі камісію па прыёмцы, і работнікі гаспадарчай групы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама пастаянныя работнікі лагера наводзілі апошнія штрыхі – падмяталі тэрыторыю, падфарбоўвалі фундамент, мянялі лямпы ў пакоях і нават “расчэсвалі” граблямі абсталяваны пляж, да гэтага разраўняўшы па ім некалькі тон зямлі. А яшчэ раней паглыбілі дно змялелай рэчкі Дзіва. Ды і пашыраюць пастаянна яе, выкошваючы трыснёг.
Загадчык гаспадаркі лагера Людміла Вітальеўна Ягадка расказвала і пра іншыя навінкі гэтага сезона – новыя вокны ў сталовай, замененую падлогу ў спальных пакоях, а таксама “кабінет” гігіены побач. Ужо чакаюць дзяцей засланыя ложкі і расфарбаваныя сцены. Так што былая школа становіцца не прыстасаваным, а быццам спецыяльна пабудаваным памяшканнем лагера. І вельмі хутка першая змена збярэцца на ўрачыстую лінейку: традыцыйна ля помніка ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, імёны якіх таксама блішчаць новай фарбай.