Полезно знать: для чего в лесах ставят ограждение возле муравейников и какую пользу природе приносят муравьи?

Экология

Новая дарога, якую ПУП “Ляснеўшчына” пабудавала для гаспадарчага карыстання лясгаса, не праходзіць праз населеныя пункты – ад Мірнага і да трасы Полацк­Вілейка вёсак няма. Але неабжытай яе не назавеш, бо абапал дарогі жыхары “прапісаліся” нават у два паверхі – унізе гаспадараць мурашкі, а на вышыні каля 3­3,5 метраў на соснах развешаны сінічнікі.

Мурашнікі заўважаеш адразу дзякуючы таму што яны агароджаны. Па словах працаўнікоў Касарскога лясніцтва, якія працуюць у гэтай частцы ўшацкіх лясоў, тры абкораныя галінкі, злучаныя паміж сабой уверсе, выконваюць хутчэй сігнальную, чым ахоўную функцыю і прызваны адпужнуць ахвотнікаў паласавацца ляснымі санітарамі. Нічога не зробіш – прырода ўстроіла так, што гэтыя “грамадскія” насякомыя, працавітасць якіх увайшла ў фальклор, з’яўляюцца кормам для многіх лясных жыхароў: птушак, лісіц, барсукоў, мядзведзяў. Але не гэта іх галоўная функцыя ў складанай экасістэме. Мурашкі з’ядаюць вялікую колькасць шкоднікаў, тым самым рэгулюючы іх колькасць і зберагаючы дрэвы. Жыхары аднаго невялікага мурашніка за сезон знішчаюць да мільёна шкодных насякомых. Акрамя таго мурашы паядаюць трупы загінуўшых насякомых. Яны спрыяюць і абнаўленню лесу, механічна разбураючы адмерлую драўніну і паскараючы працэсы разлажэння, павышаюць урадлівасць глебы, пераносячы ўглыб арганічныя і мінеральныя рэчывы. Ля мурашнікаў зямля асабліва пладародная, бо тут накопліваецца шмат пажыўных рэчываў. Часта невялікі мурашнік густа зарастае травой, і грыбнік або паляўнічы можа незнарок пашкодзіць яго, што вельмі нежадана. Таму агароджа домікаў санітараў лесу накіравана і на прыцягненне ўвагі людзей. Гэта толькі знешне здаецца, што мурашнік – проста вялікая куча, бо насамрэч ён уяўляе складанейшую сетку лабірынтаў і адсекаў, а некаторыя мурашыныя “інтэрнаты” ідуць на глыбіню да трох­чатырох метраў!

Уверсе ж гаспадараць сініцы. Домікі для іх падобныя на шпакоўні, хіба што памеры іх меншыя. Сініца – адна з самых карысных птушак, бо можа за суткі знішчыць насякомых у аб’ёме, роўным памеру свайго цела. Яны верныя месцу гнездавання, аднак моцныя маразы вытрымліваюць і пераносяць далёка не ўсе птушкі. Спецыялісты падлічылі, што ў асобныя гады да прыходу вясны ў жывых застаецца толькі трэцяя частка асобін.

Агароджваннем мурашнікаў леснікі на сваіх абходах займаюцца пастаянна, а ў будаўніцтве і размяшчэнні домікаў для птушак ім дапамагаюць школьнікі. Напрыклад, у асобныя гады ў майстэрні Арэхаўскай школы, дзе адно з лепшых школьных лясніцтваў, выраблялі да 400 сінічнікаў. Гэта вельмі важна, што дзеці сваімі рукамі робяць домікі для птушак, а праз справу цікавяцца іх жыццём, значэннем у прыродзе. Жывыя істоты ў сваёй большасці безабаронныя перад чалавекам, асабліва невялікія, але прыносяць карысці несуразмерна больш сваіх памераў. Таму глядзець на іх “звысоку” і тым больш чыніць шкоду нельга ні ў якім разе.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *