Школы Ушаччины готовятся к новому учебному году

Благоустройство

Праз месяц у школах Ушаччыны зноў зазвіняць дзіцячыя галасы, абвясціўшы тым самым пра пачатак новага навучальнага года. Вядома, усім хочацца, каб праходзіў ён ва ўтульнасці і прыгажосці. Аднак ці паспелі настаўнікі і тэхперсанал за прайшоўшы час летніх канікул стварыць такія ўмовы? Адказ на гэтае пытанне на бягучым тыдні шукалі і мы, накіраваўшыся ва ўстановы адукацыі раёна.

Самая маленькая, аднак амбіцыйная альма­матэр – Касарская дзіцячы сад ­ базавая школа. Тут не шукалі адгаворак, маўляў, сёлета за парты сядуць толькі 17 вучняў, а ў дзіцячы сад прыйдуць 4 выхаванцы – да падрыхтоўкі ўстановы да навучальнага года, як заўсёды, падышлі вельмі адказна. За ўласныя сродкі купілі фарбу для падаконнікаў і падлогі – новы выгляд атрымалі ўсе без выключэння памяшканні. Другое жыццё набылі і размешчыныя ў двары школы архітэктурныя формы. Дарэчы, тут напачатку летняга сезона надзейна “прапісаліся” і шматлікія прыгожыя кветнікі, догляд за якімі ўзялі на сябе работнікі ўстановы. Не забываюць і пра своечасовую абрэзку дрэў і кустоўя, уборку і вываз смецця, таму прышкольная тэрыторыя выглядае дагледжанай і акуратнай. Падрамантавалі днямі ганак, навялі парадак у сталовай. А зараз работнікі гаспадарчай групы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама завяршаюць рамонт даху ўстановы – ранейшы хоць і меў нармальны выгляд, нярэдка працякаў.

Каб ажыццявіць намечанае хутка і якасна, за выкананне работ у Касарах узяліся, як кажуць, усім светам. На працягу некалькіх тыдняў з самай раніцы і да позняга вечара шчыраваў тут дэсант з тэхперсаналу і настаўнікаў, якія спецыяльна выйшлі з водпускаў. “Сярод актывістаў назаву Валянціну Мікалаеўну Карчэўскую, Галіну Леанідаўну Зянюк, Веру Міхайлаўну Алексяёнак, Валянціну Аляксееўну Бугай, Эвеліну Уладзіміраўну Шпіронак, – кажа дырэктар установы Міхаіл Пятровіч Хоміч. – Практычна не было вольнай хвілінкі ў нашага дворніка і рабочых. Але ж, думаю, ніхто не ў крыўдзе на такі насычаны “графік”: калі бачыш вынікі зробленага – проста не можаш не радавацца!”

Трэба сказаць, што навядзенне парадку ў будынку Касарской школы і на яе тэрыторыі мае зараз асаблівае значэнне. Акрамя таго, што ўжо праз месяц сюды прыйдуць вельмі патрабавальныя “крытыкі” – дзеці і іх бацькі, тут у хуткім часе размесціцца ўчастак для галасавання па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

У чаканні добрых вестак ад выпускнікоў персанал Ушацкай сярэдняй школы (звыш 30 чалавек) рыхтуе вялікую ўстанову да новага навучальнага года. Фарбуюцца фасады, ва ўнутраных памяшканнях – падлога, сцены, столі, мыюцца вокны, скошваецца трава, высаджваюцца новыя кветкі. Значная заслуга ў выкананні пералічаных работ належыць тэхнічнаму персаналу – прыбіральшчыцам падсобных памяшканняў Наталлі Аркадзьеўне Багданавай, Вераніцы Генадзьеўне Дуброўскай, Наталлі Уладзіміраўне Жалейцы, Вользе Мікалаеўне Каваленка, Таццяне Яўгенаўне Ясюк, Святлане Іванаўне Харчанка, Тамары Васільеўне Коршун, Вераніцы Віктараўне Аляксеевай, Валянціне Мікалаеўне Савук. Традыцыйна дапамагаюць у падрыхтоўцы да навучальнага года і бацькі вучняў, разам з класнымі кіраўнікамі яны надаюць новы выгляд аўдыторыям, у якіх будуць займацца дзеці.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *