Известные гитарист Виктор Максимов и аккордеонистка Людмила Семёнова выступили перед своими земляками-ушачанами

Наши земляки

У аддзяленні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН 3 жніўня панаваў асаблівы настрой: наведвальнікі і работнікі ўстановы чакалі ў госці сваіх землякоў – вядомых далёка за межамі нашай краіны гітарыста Віктара Максімава і акардэаністку Людмілу Сямёнаву.

Абое музыканты апынуліся ва Ушачах ў адзін і той жа час выпадкова: проста завіталі праведаць сваіх бацькоў. А таму канцэрт ладзіўся, можна сказаць, экспромтам. На жаль, з­за невялікай плошчы залы, дзе прайшло мерапрыемства, усе жадаючыя не змаглі на ім прысутнічаць, але атмасфера камернага выступлення была прыемнай.

З рускім рамансам XIX стагоддзя, музыкай балканскіх цыган, матывамі джазу і фламенка пазнаёміў гасцей музыкант­віртуоз, кампазітар, майстар ігры на класічнай, бязладавай і гран­гітары Віктар Максімаў. Мужчына ўжо трыццаць год захапляецца інструментам, любоў да якога прывіў яму бацька Генадзь Цітавіч Ларчанка. З 13 год Віктар пачаў займацца музыкай спачатку ў Віцебску, потым у Санкт­-Пецярбургу і Берліне. Музыканту давялося пазнаёміцца з выбітнымі прафесіяналамі гітары, даць шмат гастрольных канцэртаў і таленавітым выкананнем пакарыць знакамітага іспанскага гітарыста Пэпэ Рамера, які лічыцца адным з лепшых віртуозаў ігры на гэтым інструменце. Слухачамі нашага земляка ў розны час былі Уладзімір Пуцін, Ангела Меркель, Анатоль Сабчак, Епіскап Рускай праваслаўнай Царквы, патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II. Лаўрэат міжнародных конкурсаў мае аўтарскі альбом “Белае на Чырвоным”.

Тэматыку нацыянальных каларытаў працягнула добра вядомая нашай публіцы акардэаністка Людміла Сямёнава, якую многія ўшачане памятаюць па дзявочым прозвішчы Дабравольская. З яе біяграфіяй, лёсам і творчымі дасягненнямі мы знаёмілі чытачоў на старонках “Патрыёта”. Нагадаем, што Людміла – лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх музычных конкурсаў, пераможца V Моладзевых Дэльфійскіх гульняў краін­-удзельніц СНД. Выканаўца пачала свой прафесійны шлях ва Ушацкай ДШМ. Зараз Людміла выкладае для дзяцей ігру на акардэоне ў музычна­мастацкай школе №1 г.Мінска, выступае на канцэртах, стварае ўласныя кампазіцыі з апрацоўкамі, прымае ўдзел у запісе музычных альбомаў і саўнд­трэкаў для кінафільмаў. На канцэрце ў яе выкананні гучалі мелодыі французскага вальса, беларускай народнай “Купалінкі” ў аўтарскай інтэрпрэтацыі, аргенцінскае танга ўласнага сачынення.

Прысутныя захоплена сачылі за віртуознымі рухамі выканаўцаў і адорвалі апладысментамі кожны музычны твор. Удзячныя слухачы напрыканцы сустрэчы ўручылі Віктару і Людміле кветкі, а таксама падарункі, зробленыя рукамі наведвальнікаў гурткоў, якія працуюць у аддзяленні. Цёплыя словы выказала школьная настаўніца Л.Сямёнавай Людміла Францаўна Віткоўская: “Люда з дзіцячых год вылучалася не толькі талентам, але і выдатнымі чалавечымі якасцямі – дабрынёй, спагадай, адказнасцю. І, шчыра прызнаюся, была адной з маіх самых любімых вучаніц!”

Як запэўніла арганізатар канцэрта, выконваючая абавязкі загадчыка аддзялення Наталля Генадзьеўна Дабравольская, музыканты яшчэ абавязкова парадуюць сваім талентам ушачан.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *