Сдерживает только дождливая погода. Жатва-2016 в КУСХП «Ореховно»

Сельское хозяйство

Спелая збажына падсыхае хутка, толькі пераўвільготненасць глебы не спрыяе хуткім тэмпам жніва. Энерганасычаныя трактары і “Амкадоры”, якія дзяжураць на ўскрайку поля, з’яўляюцца адметным малюнкам сёлетняй уборачнай. Без гэтай цяглавай сілы работы весці пакуль немагчыма – буксуюць збожжаўборачныя агрэгаты, гараць паліва і нервовыя клеткі камбайнераў і кіраўнікоў гаспадарак, але аграрыі жніво не спыняюць, шукаюць прыдатныя ўчасткі, стараюцца выкарыстаць кожную пагодлівую хвіліну.

У КУСГП “Арэхаўна” ўжо паспелі папрацаваць практычна на ўсіх, нават самых аддаленых палетках, да канца ніводны так і не ўбраўшы. Па словах брыгадзіра Мікалая Леанідавіча Купрыянава, на полі ля Шчарбёнак з 70 гектараў змаглі адолець менш паловы, засталіся кліны збажыны на нізінах ля Ліпавак, па абодва бакі ўздоўж дарогі за Арэхаўнам, ва ўрочышчы Люцікі… І нават на пяскі ля Славеняў давядзецца потым яшчэ раз накіроўваць камбайн – хоць і нямнога, усяго пару гектараў, але не дабралі і тут.

З ветэранам сельскагаспадарчай галіны гутарыў на ўскрайку поля ля Косаўшчыны, куды на пачатку тыдня накіраваліся ўсе тры камбайны гаспадаркі. У выхадныя дажджы тут прайшлі не вельмі моцныя і на пагорках было суха. Пацікавіўся ў М.Л.Купрыянава аб мясцовых плошчах, але за брыгадзіра мне адказаў Аляксандр Гусёнак: “95 гектараў”. Дасведчанасць механізатара не здзіўляе, бо менавіта ён і засяваў гэтыя палі. “Сёння пакуль не буксуем, – паведаміў камбайнер, які займаўся бягучым рамонтам жняяркі. – Але ж яшчэ і бункера не намалаціў, невядома як далей пойдзе, калі ніжэй, бліжэй да возера спусцімся”. Як і ў мінулым годзе, памочнікам у Аляксандра яго бацька, Іван Мікалаевіч. Пенсіянер дапамагаў сыну, успамінаў якасць савецкіх часоў і лаяў сучасныя “арцелі”, якія выпускаюць няякасныя дэталі – на маіх вачах новы палец, з якога толькі знялі ўпакоўку, пры спробе ўстаноўкі разваліўся на дзве часткі!

У “Арэхаўне” на камбайнах па два механізатары, аднаму ў сёлетніх умовах цяжка. Аляксандру Каваленку дапамагае Яўген Курбака, а трэці экіпаж складаюць работнікі арэхаўскага ўчастка камунгаса Артур Ігнатовіч і Валерый Башун. Для ўсіх працаўнікоў гэта не першая, але адна з самых складаных уборачных кампаній. На многіх участках камбайнеры, не рызыкуючы максімальна абцяжарваць агрэгат, выгружаюць зерне, намалаціўшы паўбункера. Тэмпы невысокія, таму з адвозкай без праблем спраўляюцца два МАЗы. На аўтамабілі гаспадаркі працуе Аляксандр Ясюк, а другая адзінка тэхнікі з пачатку ўборачнай прыкамандзіравана са зводнага аўтамабільнага ўзвода вайскоўцаў. Шматтонным самазвалам кіруе вадзіцель Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Віктар Пазняк. На жніве ў Мінскай і Магілёўскай абласцях ён працаваў і раней, а вось на Віцебшчыну трапіў упершыню.

– Угоддзі гаспадарак гэтых рэгіёнаў з вашымі, канечне, не параўнаць, – дзеліцца ўражаннямі мужчына. – Такіх дробнаконтурных палёў, узгорыстага рэльефу раней нідзе не даводзілася бачыць. Безумоўна, гэта ўскладняе апрацоўку зямель, патрабуе ад механізатараў пастаяннай увагі і канцэнтрацыі.

Падчас абеду арэхаўскія механізатары расказалі, што з “шэфам” ім пашанцавала. В.Пазняк не толькі прафесійна адносіцца да сваіх непасрэдных абавязкаў, але і ў свабодныя ад рэйсаў хвіліны стараецца чым можа дапамагчы камбайнерам – з рамонтам, запраўкай, шчыра перажывае за ход уборкі і якасць. Непасрэдна на полі яе кантралююць брыгадзір, а таксама аграном Міхаіл Вусько. Малады спецыяліст у “Арэхаўне” спачатку быў на практыцы, а з нядаўняга часу гаспадарка стала яго пастаянным месцам працы. Кантроль за якасцю ўборкі ажыццяўляюць і спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання – па словах камбайнераў, істотных заўваг да іх не было.

На пачатак тыдня ў КУСГП “Арэхаўна” ўбрана 157 гектараў, або 19 працэнтаў плошчаў. Ураджайнасць ніжэй мінулагодняй – крыху звыш 20 цэнтнераў з гектара. “Гэта таксама вымушае спяшацца, каб максімальна пазбегнуць страт, бо невядома, якім будзе надвор’е далей!” – разважаў М.Л.Купрыянаў, а палі ля Косаўшчыны камбайнеры пры спрыяльных умовах і без форс­мажорных сітуацый планавалі ўбраць за два дні.

Лідарам жа жніва з’яўляецца ААТ “Агра-­Селішча”, дзе на пачатак тыдня было зжата 40,3 працэнта плошчаў. Трэба адзначыць, што ў гэтай гаспадарцы, як і ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, памеры зерневага кліна меншыя, чым у іншых сельгаспрадпрыемствах. Ураджайнасць жа селішчанскіх хлебаробаў не радуе – усяго 18,6 цэнтнера з гектара. Першымі тысячу тон зерня намалацілі ў КУСГП “Вялікадолецкае”, а ў панядзелак гэты паказчык пераваліў за паўтары тысячы, убрана амаль трэцяя частка зерневых і зернебабовых пры сярэдняй ураджайнасці 25,8 цэнтнера з гектара. Вышэй яна толькі ў ААТ “Дземенец”, дзе атрымліваюць амаль 29 цэнтнераў на круг. Мясцовыя хлебаробы таксама дасягнулі тысячнага намалоту, як і ў ААТ “Ільюшынскі”, дзе ўбрана каля пятай часткі плошчаў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.

на здымках: А.Гусёнак, А.Ігнатовіч, В.Башун, А.Каваленка;  В.Пазняк, М.Купрыянаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *