Как водитель Глыбочанской больницы сестринского ухода Руслан Литвин помогает в уборке урожая

Сельское хозяйство

Адзін з самых маладых удзельнікаў сёлетняга жніва Руслан Літвін ужо рыхтуе давераны яму КЗС-1218 да зімовага захоўвання.

Знайсці яго на мехдвары ААТ “Ільюшынскі” дапамог старэйшы таварыш і калега Мікалай Тараканаў. “Зараз тое-сёе падкруцім, пачысцім – і праз некалькі дзён развітаемся з гаспадаркай, – зазначыў ён. – Трэба ж у свае прывычныя будні вяртацца!”.

Калі Мікалай, які працуе вадзіцелем ў Глыбачанскай бальніцы сястрынскага догляду, у свой час меў аграрную практыку ў мясцовай гаспадарцы, то для Руслана функцыі механізатара – у навіну: куды больш прывычна імчаць па вясковых дарогах на ФАПы, дастаўляць медыкаў Дубраўскай урачэбнай амбулаторыі да пацыентаў. “Мы ўжо вельмі чакаем яго вяртання, – даведаўшыся пра нашы планы сустрэцца з маладым памочнікам “Ільюшынскага”, прызналіся яго калегі. – Без Руслана нам няпроста, але, канечне, разумеем, што ўборка хлеба зараз – найважнейшая справа”.

“Разумею, што ў сістэме АПК ёсць кадравая праблема, а ўраджай чакаць не будзе – пра гэта і Прэзідэнт нашай краіны казаў, – зазначае Р.Літвін. – Таму калі напрыканцы ліпеня прапанавалі дапамагчы “Ільюшынскаму”, нават не вагаўся – навыкі ёсць, а з практыкай спраўлюся”.

Зрэшты, і сам Р.Літвін, нягледзячы на складаныя жніўныя будні, перажывае за дзейнасць роднай медустановы. “Цікава, як там на нашых чатырох ФАПах справы, як малышы з Любжына, Усвеі і Залужэння сябе адчуваюць – трэба ж іх двойчы на тыдзень наведваць”, – з цеплынёй кажа ён. Адразу бачна: сваю работу Руслан шчыра любіць.
З тэхнікай на “ты” ўраджэнец Ягадак быў з дзяцінства, таму пасля школы іншых варыянтаў не разглядаў – атрымаў у Лепелі спецыяльнасць вадзіцеля-трактарыста. Дарэчы, вучоба давалася нават лепш, чым у школе – наш зямляк аказаўся ў ліку выдатнікаў, у сувязі з чым атрымаў запрашэнне на паступленне з адным экзаменам у Горацкую сельгасакадэмію. Праўда, ад такой прывабнай прапановы адмовіўся: хацелася як мага хутчэй прыступіць да работы і дапамагчы блізкім не толькі матэрыяльна. У вясковай сям’і заўсёды і агарод садзяць, і немалую падсобную гаспадарку трымаюць.

Калі ў мясцовай амбулаторыі з’явілася вакансія вадзіцеля, прапанаваць яе загадчыца Ганна Аляксееўна Аскерка паспяшалася менавіта Р.Літвіну: ведала, які адказны, працавіты хлопец. І той ахвотна пагадзіўся. Ні стан УАЗ-а, які патрабаваў рамонту, ні вялікая тэрыторыя, якая знаходзіцца ў зоне абслугоўвання ўстановы, яго не напужалі. За дзень, бывала, па 300 кіламетраў за рулём намотваў: на ФАПы ў Мосар, Завячэлле, Слабаду, Вяркуды ездзіў, з доктарам – па розных вёсках да пацыёнтаў, аналізы ва Ушацкую райбальніцу дастаўляў…
Першы ўдзел ва ўборчанай кампаніі для Р.Літвіна, сапраўды, простым не быў. Тэхніка выходзіла са строю разы чатыры. Прычым, дробнымі паломкамі не абыходзілася – напрыклад, аднойчы давялося тэрмінова мяняць транспарцёр нахільнай камеры. Бывала, пасля праліўных дажджоў так забуксоўваў, што “Амкадор” у дапамогу выклікаў. Але ж хлопец аптымізму не губляе: “Даводзілася ўжо ў 7 гадзін на работу ехаць – але на вёсцы я да такога прывычны. Затрымацца на палетках да позняга вечара – таксама не праблема: я ж малады, поўны сіл. Штосьці новае асвоіць – з задавальненнем”.
Заробкам і ўмовамі працы Р.Літвін застаўся задаволены. На наша ж пытанне з падтэкстам “Якія планы на наступнае лета?” упэўнена адказаў: “Калі будзе патрэба, зноў сяду за штурвал камбайна”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *