Великодолецкая «Двина» снова в строю

Сельское хозяйство

Каб атрымаць максімальны эфект ад азотных угнаенняў, ранневясеннюю падкормку азімых культур вельмі важна правесці ў аптымальныя тэрміны – калі пачынаюць актыўна адрастаць маладыя карэньчыкі раслін.

Выконваюць гэтыя работы з дапамогай высокапраходных машын тыпу “Раса” і “Дзвіна” – і відавочна, што кожнай гаспадарцы вельмі важна мець такую тэхніку ў сваім арсенале.

Калі перад пачаткам пазамінулага сезона стала відавочна, што вялікадолецкая “Дзвіна” выпрацавала свой рэсурс і надышоў час адпраўляць яе пад спісанне, дырэктар сельгаспрадпрыемства Антон Сафонаў прыгадаў, што ў Лепелі ёсць брыгада ўмельцаў, здольных аднавіць лічы што любую тэхніку. Ацаніўшы стан машыны, вопытны аграрый і механік Аляксей Ачкалас, яго сын Аляксандр і іх памочнік Сяргей Зарэмба заключылі з гаспадаркай дагавор і ўзяліся за справу. А ўжо праз два тыдні вывелі адрамантаваную “Дзвіну” на далецкія палеткі.

І вось ужо трэці год гэтае звяно рыхтуе да сезона машыну на вялікіх мяккіх колах, а потым Аляксей садзіцца ў яе кабіну і дапамагае гаспадарцы ў якасці механізатара. Праўда, калі на мінулым тыдні мы сустрэліся з лепельскімі хлопцамі, настрой у іх быў не надта добры: работу па ўнясенні азоту пад зерневыя спыніла паломка рухавіка – і Сяргею Вусько на МТЗ давялося буксіраваць машыну з поля ля Капцоў на мехдвор. “Канечне, вымушаная замінка ў такую гарачую пару зусім не радуе, але мы ўжо знайшлі вузел на замену і спадзяёмся дня за паўтара ўхіліць праблему”, – падзяліўся з намі Аляксей.

Так, зрэшты, і атрымалася: зараз “Дзвіна” зноў шчыруе на палетках – а фронт работ у яе немалы: у “Вялікадолецкім” падкормлена каля паловы з 1160 гектараў, засеяных азімымі збожжавымі культурамі.

На здымку: С.Зарэмба, Аляксей і Аляксандр Ачкаласы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *