Ушачанин Евгений Коваленко служит в войсках специального назначения

Образование и молодежь

Здаецца, зусім нядаўна Яўген Каваленка ў ліку мінулагодніх прызыўнікоў атрымліваў павестку на ўрачыстасці ў музеі – і вось ужо гэты абаяльны шыракаплечы хлопец сядзіць перад намі і ажыўлена распавядае пра сваю службу ў войсках спецыяльнага назначэння.

Жаданне служыць у спецназе ў хлопца было яшчэ да прызыву – падмацавалі выбар медыцынская камісія і гутарка ў абласным ваенным камісарыяце. Прывілею трапіць у элітныя войскі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь атрымліваюць самыя падрыхтаваныя: і фізічна, і маральна – наш зямляк цалкам адпавядаў гэтым крытэрыям. Дастаткова прыгадаць пра яго спартыўныя дасягненні: Яўген – майстар спорту па армрэстлінгу, уладальнік залатога медаля юніёрскага чэмпіянату Еўропы, прызёр маладзёжнага чэмпіянату Свету. Да таго ж за плячыма хлопца быў спартыўны факультэт Полацкага дзяржуніверсітэта. Натуральна, што з такой “базай” заняткі па фізічнай падрыхтоўцы для маладога абаронцы Айчыны цяжкасцей не ўяўлялі. “Нарматывы па падцягванні ў нашай роце складалі 15-20 разоў – для мяне ж не праблема зрабіць 40, – расказвае Жэня. – А самым складаным сталі строгія распарадак і дысцыпліна. Як і ўсім навічкам, мне было няпроста: адаптацыя заняла каля двух месяцаў, потым цалкам прызвычаіўся да армейскага жыцця”.

Самым жа запамінальным момантам службы ён лічыць прыняцце прысягі: ва ўрачысты дзень да яго прыехала цэлая дэлегацыя з родных Ушач – бацькі Таццяна Канстанцінаўна і Канстанцін Юр’евіч, родныя, сябры: “Мая “група падтрымкі” была самай вялікай – ледзь умясціліся ў двух аўтамабілях!”

За год службы ён прыкметна ўзмужнеў знешне і загартаваўся маральна, дадаў у вынослівасці і вытрымцы, засвоіў ваенную навуку. Прызнаецца, што на многія рэчы зараз глядзіць па-іншаму, з больш дарослай пазіцыі. Маладым людзям, у якіх ваенная служба яшчэ наперадзе, Яўген раіць успрымаць гэты этап жыцця не як складанае выпрабаванне, а як нагоду для самаўдасканалення. І, канечне, вельмі пажадана для будучага прызыўніка мець пэўную фізічную падрыхтоўку – ушачанам пашанцавала, бо яны атрымалі магчымасць займацца ў цудоўным спарткомплексе. Дарэчы, сам герой нашага аповеду ў водпуску пасля заканчэння службы праводзіць тут шмат вольнага часу. А яшчэ абдумвае важнае рашэнне – якім будзе яго далейшы жыццёвы шлях. Магчыма, малады чалавек вернецца да распачатай яшчэ да арміі работы спартыўнага інструктара Полацкага ўніверсітэта, але чакае прысваення звання малодшага лейтэнанта запасу, у сувязі з чым разглядае і варыянт аб прадаўжэнні ваеннай кар’еры.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *