Молодёжь Ушаччины приняла участие в областном водно-пешеходном походе

Образование и молодежь

Традыцыйны абласны водна-пешаходны паход для працуючай моладзі прайшоў у Полацкім раёне. Удзел у ім прыняла і ўшацкая каманда.

Праграма складалася з трох этапаў. На першым – турыстычным – трэба было на байдарцы прайсці 8-кіламетровы маршрут па азёрах Гомель і Суя, зрабіўшы фотаздымкі зададзеных аб’ектаў. Сваё майстэрства тут паказвалі настаўнік фізічнай культуры Ушацкай школы Святлана Краснова і начальнік планава-эканамічнага аддзела раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Яўген Мягель. З першых хвілін наша “двойка” падабрала рытм веславання і на фініш прыбыла ў першых радах. Яно і нядзіўна: Святлана, якая была і капітанам каманды, не навічок у заплывах на байдарцы, летась падчас аналагічнага паходу адстойвала гонар Ушаччыны ў Гарадоцкім раёне. Ну а пра яе выдатную фізічную форму і вынослівасць ведаюць многія.

Пакуль жа байдарачнікі змагаліся з хвалямі, астатніх удзельнікаў чакала не менш складанае выпрабаванне: экстрэмальны турыстычны маршрут працягласцю каля дзясятка кіламетраў, які трэба было пераадолець за тры гадзіны. “Нават не ўяўлялі, як будзе няпроста! На асобных участках увогуле складана прайсці, а выконваючы тэхніку пешаходнага турызму, адшукаць зададзеныя кропкі і паспяваць рабіць адзнакі ў каманднай картцы. Але ж падвесці каманду было нельга, да таго ж мы дапамагалі адзін аднаму!” – дзяліліся ўражаннямі нашы землякі, паспяхова справіўшыся з заданнем. Акрамя вышэй прыгаданых байдарачнікаў Ушаччыну прадстаўлялі выратавальнікі Мікіта Сямчонак і Максім Клімашэўскі, Віктар Волах з лясгаса і студэнтка Паліна Дзенісёнак.

Завяршальным жа стаў трэці этап – забаўляльная спартландыя з разнастайнымі конкурсамі, дзе ўшачане таксама змаглі праявіць сябе. Па суме балаў, набраных на ўсіх этапах, ушацкая каманда заняла трэцяе месца.

Выканала моладзь у гэты дзень і яшчэ адну важную місію – ушанавала памяць загінуўшых у гады вайны, усклаўшы кветкі на мемарыяльным комплексе “Партызанам брыгады К.Варашылава”, што знаходзіцца на беразе возера Шчаты.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *