«Сладкое» хобби или Торты от души. Ирина Тихонова радует ушачан оригинальными тортами

Мир увлечений

Торт з выявамі герояў папулярных мультфільмаў, у форме машыны, кнігі, букета кветак, вадаёма з рыбаком. Ад кулінарных шэдэўраў маладой ушачанкі Ірыны Ціханавай немагчыма адарваць вачэй і, зразумела, шкада есці. А смак прадукцыі хатняга кулінарнага цэха зусім не ўступае выгляду!

Дзяўчыну захаплялі розныя віды творчасці – ад бісерапляцення, квілінга, вышывання, да ўпрыгожання дома. Выпечкай займалася і раней, а ўбачыўшы напярэдадні мінулага Новага года ў сяброўкі торт ручной работы з масцікі, зацікавілася і гэтай справай. Прайсці курс абучэння, узброіцца рознымі неабходнымі прыладамі і матэрыяламі дапамог інтэрнэт. І ўжо да свята ўсіх закаханых і дня нараджэння свекрыві Ірына вынесла на суд родных першыя тарты. Аналогіі з першым блінам не атрымалася – выпечка аказалася хоць і не ідэальнай знешне, але вельмі смачнай. Натхніўшыся, Ірына ўвайшла ў азарт і стала ўдасканальваць сваё майстэрства, тым больш што на вясеннія месяцы ў сям’і Ціханавых прыпадае шмат розных святаў. А ў хуткім часе тартамі ручной работы зацікавіліся сябры і знаёмыя – тады Ірына зарэгістравалася ў падатковай інспекцыі як рамеснік. Пік заказаў прыйшоўся на кастрычнік, за месяц было выраблена каля 30 тартоў, два з якіх – вялікія вясельныя.

Зараз у “арсенале” І.Ціханавай ужо мноства розных прылад і рэцэпты для выпечкі 11 тартоў з 23 рознымі начынкамі. Але самадзейны кандытар эксперыментуе, заўсёды ўлічвае пажаданні кліентаў і не спыняецца на дасягнутым, імкнецца рабіць штосьці новае – натуральны зефір, імбірныя пернікі, якія так любяць яе дзеці Ваня і Маша. Ці, напрыклад, вось гэтыя пернікавыя домікі, унутр якіх можна палажыць яшчэ і цукеркі.

– Вельмі люблю выпякаць да дзіцячых святаў, упрыгожваючы тарты вафельнымі малюнкамі. І, канечне ж, прыемна чуць станоўчыя водгукі ад задаволеных кліентаў, – гаворыць Ірына.

Салодкія вырабы яна рэкламуе ў групе сацыяльнай сеткі “ВКонтакте” і на ўласным YouTube-канале ў інтэрнэце, сваю ролю робіць і “сарафаннае радыё”.

– Лічу, што ў любой справе вельмі важным момантам з’яўляецца падтрымка родных, – зазначае Ірына. – Дзякуй за гэта мужу Яўгену і яго маме Наталлі Аляксандраўне, якія толькі вітаюць маё захапленне. Наогул, усім землякам параіла б раскрывацца, шукаць сябе і не баяцца спрабаваць штосьці новае.

Ну а гэтымі днямі маладая гаспадыня спяшаецца парадаваць навагоднімі тартамі як сваіх родных, так і многіх ушачан. І ў кожны выраб укладае ўсё майстэрства і душу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *