Хозяева заповетной Горы. Чем живут жители небольшой, но живописной деревни в Сорочинском сельсовете?

Общество

Гэтую вёску варта было назваць не Гарой, а Горамі. Крутыя ўзгоркі тут чаргуюцца з нізінамі, якія мясцовыя жыхары клічуць прыгожым словам латокі… На высокіх месцах і стаяць хаты дзвюх пастаянна пражываючых сямей Ладзікаў і Гладышаў-Баркоўскіх, а яшчэ дачнікаў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Мінска. А вышэй за ўсё залаты ад бяроз і зялёны ад ялін лес. У нізіне – Маковічы ды пустуючыя зараз хаты. А яшчэ возера, якое адшукаеш не на кожнай карце. Ды і назва ў памяці толькі старэйшых мясцовых жыхароў. Праўда, адны клічуць яго Стрэшанькай, а другія Стрэчанькай. “Сустракаюцца яны падземнай рэчкай з возерам Трошча. Так старажылы казалі, адсюль і назва”, – тлумачыць Н.М.Ладзік. А вось “Чырвонай зоркай” у 1930-м калгас назвалі сімвалічна – з надзеяй на светлае жыццё. 44 двары і амаль 200 чалавек было ў вёсцы да вайны, пераважна Баркоўскія і Гладышы. Чатырнаццаць маладых вяскоўцаў загінула на франтах ці прапала без вестак, у тым ліку і брат В.І.Ладзіка. Вядома ж вёска намнога раней, толькі паводле інвентарызацыі 1846 года ў гэтым уладанні памешчыцы Корсак жыло 70 чалавек.

Не зарастае сцяжынка да возера

На маляўнічым пагорку стаіць дом сям’і карэнных жыхароў вёскі. Праўда, жывуць тут не муж з жонкай, а брат з сястрой: тры гады таму Іван Сямёнавіч Баркоўскі і Таццяна Сямёнаўна Гладыш уладкаваліся ў адной хаце – на схіле жыцця разам весялей, ды і сацыяльным работнікам так больш зручна. Да слова, даглядае іх таксама сям’я – Анатоль Мікалаевіч і Зоя Валер’еўна Севярын. “Бываем у сваіх падапечных літаральна штодня: жонка гатуе ежу і прыбірае хату, у маіх абавязках – вада, дровы, агарод, сёлета, напрыклад, садзілі на ўчастку бульбу”, – расказвае Анатоль Мікалаевіч, які ў момант нашага візіту якраз вымаў з сумкі прадукты, набытыя ў аўталаўцы. Сацработнікі жывуць у Белым, дабіраюцца да Гары на аўтамабілі, а летам і зімой – напрамкі праз возера, на лодцы ці па лёдзе. “Добрыя людзі, чулыя і адказныя”, – кажа пра памагатых Іван Сямёнавіч.

Мужчына ўжо адзначыў 85-годдзе – за плячыма вялікае няпростае жыццё і шмат успамінаў. Прыгадвае, як малымі дзецьмі беглі хавацца ад нямецкіх самалётаў у выкапаны за дарогай бліндаж, як пасля вайны, босыя і галодныя, аралі на конях калгасныя палі. З прыцягненнем у севазварот ушацкіх палеткаў звязаў Іван Сямёнавіч і сваю прафесію – шмат гадоў адпрацаваў у меліярацыі, займаўся абслугоўваннем каналаў. Вось толькі са шкадаваннем зазначае, што так і не здолеў стварыць сям’ю, не мае нашчадкаў, да якіх мог бы прытуліцца ў старасці. “Спачатку адкладваў гэту справу, усё спадзяваўся, што неўзабаве спаткаю сваю абранніцу, ды так вось і спазніўся…” – прызнаецца мужчына. Але ж, канечне, ён заўсёды імкнуўся напоўніць жыццё сэнсам, карыснымі справамі – аддаваў сябе рабоце, а пасля выхаду на пенсію трымаў падсобную гаспадарку, у тым ліку дзвюх кароў. Як і любому вяскоўцу, цяжка Івану Сямёнавічу і зараз сядзець без справы, таму пастаянна шукае сабе пасільны занятак, а яшчэ вельмі любіць прагуляцца па маляўнічым наваколлі – ведаючы гэта, Анатоль Мікалаевіч акрамя тэрыторыі сядзібы спецыяльна абкошвае для свайго падапечнага і сцяжынку, што вядзе ад хаты да возера.

“Жывём, як паны”

Гэта Ніна Мікалаеўна Ладзік выказалася пра свой цяперашні расклад. Прадуктаў купіць, казу і курэй пакарміць, печ пратапіць, на траіх есці прыгатаваць… І чытай сабе ў вольную хвіліну. Галоўнае, запасціся тым, што не родзіць на ўчастку. Таму і несла жанчына пад сваю гару, на якой узвышаецца іх дом і векавыя дрэвы, праз плячо дзве поўныя сумкі з прадуктамі. Хлеб, пячэнне, сала… апошняе не заўсёды застаецца ў аўтакраме, таму і набывае гаспадыня пра запас – усе ў сям’ і любяць. З тых няпанскіх часоў, калі трымалі па тры парсюкі, дзве каровы, каня, цялят, і іншую дробязь. Гектар зямлі – толькі на сенакос, на які яна выходзіла на пару з мужам Віктарам Ісакавічам. Потым зяць дапамагаў, унук, дзяўчаты сушылі. Тады і бульбы шмат садзілі, каб скаціне хапіла, ды і сям’я немаленькая – акрамя чацвярых дзяцей даглядалі Ладзікі і дзвюх матуль. І, канечне ж, працавалі ў калгасе. Ніна Мікалаеўна – у брыгадзе, а гэта значыць і ў паляводстве, і даяркай – на ўсіх работах, куды пашлюць. Віктар Ісакавіч быў у “Адважным барацьбіце” трактарыстам, звеннявым, а ў апошні час і даглядчыкам. Тут, у Гары, стаялі цялятнік і стайня, ну а разворваліся ўсе крутыя ўзгоркі, нават невялікі перашыек паміж іх маленькім возерам Стрэчанка і Трошчай.

Зараз Ніне Мікалаеўне і Віктару Ісакавічу ўжо па восемдзясят, тры дочкі жывуць сваім жыццём, але часта наведваюць бацькоў, а са старымі сын Аляксандр. Нягледзячы на праблемы са здароўем, ён пастаянна ходзіць у Мосар у бібліятэку за кнігамі. Для сябе і маці, вось толькі густы ў іх адрозніваюцца. Аляксандр Віктаравіч надае перавагу тэхнічнай літаратуры, ведае, напрыклад, усе адрозненні паміж “Донам-120” і 150. На такія навінкі маці, канечне, не глядзіць, а вось апошні раз, праўда, дагадзіў, Ніна Мікалаеўна зараз з задавальненнем чытае “Цені знікаюць апоўдні”, сын жа за тыдзень “праглынуў” “Пятра Першага”.

Можна сказаць, што на Н.М.Ладзік зараз і трымаецца дом. Дужэй здароўем за мужа гэта статная прыгожая бландзінка. І на нагу хуткая, і ў руках усё спорыцца. Каб лягчэй было, зусім нядаўна калодзеж выкапалі ля дома, з якога напаўняюць ёмістасці зімой. Раней выручала чыстая вада з возера, па вёсцы наогул студняў не было. “Маці мая да 104 год пражыла, – кажа жанчына і дадае, – лепш меней, ды на сваіх нагах і пры памяці”. Гады постаці яе не сагнулі, толькі валасы перафарбавалі. У пачатку шасцідзясятых, калі і пазнаёміліся з мужам на танцах у Мосары, яе клікалі “чарнявая з Завыдрына”. Даўно гэта было, зараз не толькі свая, але і адна са старажылаў, якая ведае пра вёску ўсё.

Карані бацькоўскага сада

“Куды ж яблыкі ўхітрыліся збыць?”, – пытаемся ў сям’і Маковічаў, гледзячы на абсалютна чысты, без адзінага яблычка, вялікі сад. І чуем нечаканы адказ: “А сёлета не наш год, не было іх, нават пазычаць давялося, каб на зіму што кінуць”. Затое на наступны будзе. А паколькі ўраджай у Маковічаў тады, калі ў астатніх на Ушаччыне яго няма, то і кошт прыёму добры – летась на 800 рублёў здалі.

Багатую спадчыну пакінулі бацькі Людмілы Мікалаеўны. Яблыні шчыльна стаяць адна ля адной, а паколькі даглядаюцца, то і крэпкія, нягледзячы на ўзрост. Наогул, тут у парадку ўсё. Ля дома, у якім жывуць зараз амаль увесь год, змайстравалі столік, летнюю альтанку. Яна часова ператварылася ў сховішча для сабраных дароў агарода, а вось цёплае, дзе і зімуе як у бярлозе бульба, – па-ранейшаму шчыльна закрыты бурт. Даўно пладаносіць вінаград, з’явілася і лазня, а за ёй нават эстакада.

– Сын змайстраваў. Ён сюды прыязджае амаль кожныя выхадныя, а паколькі ў аўтамабілях разбіраецца, то і зрабіў, каб зручней майстраваць. Вельмі любіць гэтыя мясціны, асабліва возера, – тлумачыць Пётр Васільевіч, які таксама сваёй лічыць гэту вёску, хоць сам з не менш маляўнічых і недалёкіх Каз’яняў. – Прамую дарогу, што ідзе ад Обаля да Пышна, праз нашы мясціны майстравалі на конях яшчэ да вайны. Бойкая гравійка, а вось ладны пад’езд у вёску з’явіўся пазней, па Гары ж дарогі лічы ніколі і не было. У маладосці то па полі заходзіў, то ад могілак.

Грунтоўна абжыліся тут Маковічы, далучыўшыся да катэгорыі пастаянных жыхароў, і кажуць, што не цягне ў кватэру ва Ушачы.

Падымаліся на арэхах і гусянятах
Шкада, што мы пазнаёміліся ў час, калі Таццяна Сямёнаўна Гладыш (на здымку) ужо не ходзіць і амаль не бачыць – не можа правесці па наваколлі. Аднак у светлай памяці і добрым настроі. А таксама ў курсе ўсяго, што адбываецца ў раёне. Пра землякоў са старонак “Патрыёта” ёй з братам чытае сацыяльны работнік. (Цікава, што ў гэтай глыбінцы – стапрацэнтная падпіска на “раёнку”). А калі выпала нагода расказаць пра сябе, жанчына толькі ўсміхнулася. “Хіба ж пра маё жыццё на старонцы ўмесціш”.

Сапраўды, на шляху старэйшага жыхара вёскі – гістарычныя вехі: вайна і не менш складанае аднаўленне. Прычым апошняе ў Таццяны Сямёнаўны таксама падзелена на этапы:

– Спачатку, адразу пасля вызвалення Беларусі, падымаліся на арэхах – у нас жа ўсё наваколле ў ляшчыне. З пустымі рукамі ў Полацк за насеннем не ішлі: на рынку слоікамі па рублі за адзін прадавалі вайскоўцам, у якіх былі наяўныя грошы. Назад на сабе неслі па сорак кілаграмаў насення, таму дамоў нічога больш не возьмеш, але спрабавалі набыць хоць пачак солі.

Пазней выцягвала птушка. На яйкі садзілі дзесяць нясушак, не толькі курэй, але і гусак… і большую частку вывадка прадавалі – недалёка ў Косаўшчыне гадавалі на мяса птушку, таму і закуплялі малых. Потым зажыліся авечкамі, яны і зараз пасвяцца ля хаты, парсюкамі. Прадавалі лішкі мяса, трэба ж было падымаць траіх дзяцей, хату будаваць, што і зрабілі з мужам Сцяпанам.

Паднялі. Добрыя выраслі дзеці, унукі, ды і праўнукі ўжо не маленькія. Уцеха маці, што пераважна ўсе абжыліся ва Ушачах і, зразумела, не забываюцца на бацькаўшчыну. Святлана Сцяпанаўна Азевіч нават градкі трымае ля бацькоўскай хаты, хоць і радзей прыязджае, бо з нядаўняга часу працуе ў Віцебску. Калі госціць Людміла Сцяпанаўна Шарыпенка, то як і раней, кожную раніцу ідзе летам мыцца ў любімае ўсімі возера. Добра ведаюць у раёне і вадзіцеля-паштавіка Сцяпана Сцяпанавіча Гладыша.

З прыемным настроем пакідалі мы Гару – маленькую маляўнічую вёску, якую не назавеш выміраючай. Надта прыгожа тут, каб не абжываліся гэтыя мясціны – і сведчаннем таму абсалютна новыя дамы дачнікаў. І, канечне, не пакідаюць такую багатую спадчыну маладыя патомкі гаран. Думаецца, яны будуць не менш беражліва ставіцца да навакольнага хараства, чым іх дзяды і прадзеды.

Наталля БАГДАНОВІЧ, Вольга КАРАЛЕНКА.



5 комментариев по теме “Хозяева заповетной Горы. Чем живут жители небольшой, но живописной деревни в Сорочинском сельсовете?

  1. Здравствуйте,а как же про шикарные поля барщевика (мы его называем беларусский бамбук),заросшие кладбище.А вообще приезжайте к нам летом!

  2. А дорога по деревне вообще шикарная,не возможна проехать к озеру,и к домам жилым

  3. Очень тепло и трогательно. Все так и есть как Вы написали.Спасибо за прекрасные фотографии наших сторожил:т.Нины Ладик, дяди Вани Барковского, бабы Тани Гладыш, д.Пети с т. Люсей. Мы все их любим и обожаем.Спасибо Вам от всех жителей и родственников,дачников д. Гора.

  4. Статья просто замечательная. Спасибо авторам, что рассказали о нашей малой родине. Место действительно очень красивое, но самое главное-это люди, которые здесь живут. Всегда жители нашей деревни отличались трудолюбием, добротой, гостеприимством,готовностью помочь.Хочется вспомнить слова Кирилла Крастошевского: «Ах, как хочется вернуться…на нашу улицу в три дома, где всё просто и знакомо, на денёк. Где без спроса ходят в гости, где нет зависти и злости, милый дом…»

  5. Согласна с Еленой, места действительно чудесные. Но, к сожалению, Татьяна абсолютно права. Гору, слава Богу, борщевик ещё не сожрал. Но думаю потому что были ещё коровы, кони — люди косили. Но остануться только дачники — и это «счастье» оккупирует и эти удивительные места!!! Вдоль дороги всё заросло этим «чудо» растением — долго Гора не продержится. Я вещь убойная. Писали с дочкой доклад о борщевике.
    Ядрёная штука!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *