Строительство жилья, ремонт улиц, открытие новых объектов. Как развивается Ушаччина в последние годы?

Общество

Зусім нядаўна давялося стаць сведкам цікавай размовы. Ля новага магазіна “Санта” ў чаканні трэнераў бавіла час некалькі юных спартсменаў са сталічнага цэнтра алімпійскага рэзерву па водных відах спорту, якія праводзілі вучэбна-трэніровачны збор на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”. “Шыкоўныя ўмовы”, “класны басейн”, “вельмі смачна гатуюць”, – госці не скупіліся на станоўчыя эпітэты наконт пражывання ў нашым гарпасёлку. А адзін з падлеткаў вобразна ахарактарызаваў свае ўражанні наступным чынам: “Думаў, што вязуць у нейкую глухамань… А тут такі гарадок прыгожы, магазіны сучасныя, усё побач – нібы з дома і не выязджаў! Выйду з комплексу і адчуваю сябе як ва Уруччы, ці на якой іншай ускраіне Мінска…” Параўнанне, пагадзіцеся, прыемнае. Мы, мясцовыя, у чарадзе будзённых спраў часта, як кажуць, “замыленым” поглядам не заўважаем тое, што прыкмячаюць госці раёна, нашы землякі, якія рэдка наведваюць сваю малую радзіму, – яна развіваецца і прыгажэе. Магчыма не так хутка, як нам таго хацелася б, але нельга аспрэчыць відавочнае – зроблена шмат.

2020-ы з’яўляецца заключным годам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Ушацкага раёна на 2016-2020 гады. Менавіта ў яе рамках ажыццяўляюцца пераўтварэнні ва ўсіх сферах жыцця рэгіёну. Да заканчэння пяцігодкі застаюцца лічаныя месяцы, і па многіх паказчыках праграмы можна ўжо рабіць прагнозы выканання, падсумаваць зробленае і разам з тым агучыць планы на бліжэйшыя перспектывы. Пра гэта пойдзе размова ў нашым інтэрв’ю са старшынёй раённага выканаўчага камітэта У.Г.АЎДОШКАМ:

Уладзімір Генадзьевіч, калегі з асобных рэгіёнаў усур’ёз нам зайздросцяць, маўляў, раён небагаты, а кожны год у вас адкрываюцца і мадэрнізуюцца аб’екты, пераразаюцца чырвоныя стужкі…

– Сапраўды, калі ўзяць апошнія гады, то нам ёсць чым пахваліцца нават у маштабах вобласці. Мы дастойна справіліся з задачай рэканструкцыі нашай святыні – мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, што стала гістарычнай падзеяй, таксама ў 2016-ым прайшло асвячэнне храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры ў гарпасёлку, сучасны прывабны выгляд займела цэнтральная плошча райцэнтра, якая зараз з’яўляецца адным з улюбёных месцаў адпачынку ўшачан самага рознага ўзросту. Як і фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”, які набірае папулярнасць не толькі ў жыхароў суседніх раёнаў, а і карыстаецца попытам за мяжой, у прыватнасці, да нас ахвотна едуць спартсмены нават с самых далёкіх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Упрыгожылі райцэнтр будынкі райнасеніспекцыі, аварыйна-выратавальнай часці, пабудаваны два 40-кватэрныя жылыя дамы ў мікрараёне вуліцы Віцебскай, паспяхова праведзена рэканструкцыя двух дзіцячых садкоў у гарпасёлку. На працягу ўсёй пяцігодкі паэтапна вяліся работы па рамонце цэнтральнай райбальніцы, жыллёвага фонду, па добраўпарадкаванні, газіфікацыі не толькі вуліц гарпасёлка, а і сельскіх населеных пунктаў – Вашкова, Арэхаўна, у апошнім аграгарадку запушчана станцыя абезжалезвання вады. Дарэчы, літаральна на працягу апошняга тыдня падключаны такія станцыі ў Старым Сяле Жарскага сельсавета, у Сарочыне, Дубраўцы, будаўніцтва вядзецца ў аграгарадку Глыбачка і таксама павінна завяршыцца сёлета. Наогул, заданне на пяцігодку па росце аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ мы значна перавышаем. А яшчэ хутка расчыніць дзверы новая дзіцячая школа мастацтваў, працягваецца рэканструкцыя музея, моста ў гарпасёлку.

Ведаю, што гэта не поўны пералік нават сёлетніх будоўляў. Што яшчэ ў бліжэйшых планах?

– Узводзіцца чарговы шматпавярховы дом на Віцебскай, у якім частка з 40-кватэр будуць арэнднымі, што дазволіць забяспечыць жыллём і затрымаць у раёне маладых спецыялістаў. Ужо можна агучыць, што неўзабаве распачнуцца работы па цякучым рамонце шэрагу вуліц гарпасёлка, падрадчык абраны. Такім чынам у асфальт апрануцца вуліцы Камсамольская, П.Броўкі, Юбілейная, Кірава, Мамкіна, Кветкавая, С.Шэдзько, Авангардная, Фрунзе, Дружбы. Таксама працягнем рамонт райбальніцы, будуем вуліцу №5 за Віцебскай, дзе ў перспектыве з’явяцца яшчэ 6 шматкватэрных дамоў. Да канца года запланаваны выраб дакументацыі на будаўніцтва гарадской лазні. Яе маем намер ўзвесці на базе былога лазнева-аздараўленчага камбіната, толькі ў меншых памерах. Так што нагода перарэзаць чырвоную стужку, і не адну, яшчэ будзе.

А якія дасягненні ў рэальнага сектара эканомікі?

– Хочацца адзначыць стабільную працу на працягу апошніх гадоў прыватных прадпрыемстваў – “Твестуба-ПРО”, філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, які нарошчвае аб’ёмы і з’яўляецца сапраўдным флагманам прамысловасці раёна. Паспяхова дзейнічаюць ТАА “Форэстгандаль” і ТДА “Алекс Нутта”, якія пастаўляюць на экспарт вырабы з драўніны. З адкрыццём новага цэху павялічыў аб’ёмы прадукцыі Ушацкі лясгас, куды ўладкавалася значная частка работнікаў ААТ “Ушачы”, якое, на жаль, у мінулым годзе спыніла сваю дзейнасць. Так, не кожны вытрымлівае рэаліі новых умоў гаспадарання. Канкурэнцыя паміж дзяржаўнымі і прыватнымі прадпрыемствамі ўзрастае, але гэта нармальная з’ява эканомікі. Незалежна ад формы ўласнасці арганізацый – на іх працуюць нашы людзі – і калі прыватнік прапануе больш высокую зарплату, зразумела, што чалавек пойдзе туды. У якасці прыкладу прывяду вытворчыя ўчасткі “Хадакова” і Слабада” філіяла “Зара” ЗАТ “Віцебск­аграпрадукт”, дзе працаўладкаваліся каля 80 чалавек. Новыя працоўныя месцы з’явіліся з адкрыццём магазіна “Санта”, прыватнага прадпрыемства “Прарыў” ля Завыдрына, шэрагу іншых. Прычым, як бачна, не толькі ў райцэнтры, што дазваляе знайсці работу жыхарам сельскіх населеных пунктаў. З боку раённых улад вітаецца любая ініцыятыва па адкрыцці новых вытворчасцяў, садзейнічанні занятасці людзей – акажам усялякую дапамогу, зразумела, у рамках заканадаўства. Шукаем інвестараў, каб пустуючыя аб’екты нерухомасці вытворчай і невытворчай сферы набылі другое жыццё. Так, напрыклад, на сённяшні дзень зацікавіліся патэнцыяльныя новыя “гаспадары” ААТ “Ушачы”, латышскія прадпрымальнікі ўсур’ёз разглядаюць магчымасць стварэння вытворчасці торфабрыкету ў Жарах. Наогул за чатыры з паловай гады ў раёне ўжо перавыкананы план па працаўладкаванні грамадзян на створаныя новыя працоўныя месцы. Заданне на пяцігодку было 196, а па выніках 2016-2020 гадоў прагназуецца 280. І лічбы гэтыя ўзяты не са столі – той жа новы гандлёвы аб’ект на Савецкай забяспечыць занятасць не аднаго дзясятка чалавек.

Прадпрымальнікі і малы бізнэс практычна ўзялі ў свае рукі сферу бытавога абслугоўвання насельніцтва, значную частку гандлю. А ці ідзе прыватнік у сельскагаспадарчую вытворчасць?

– І тут ёсць станоўчыя прыклады. Тое ж ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” У.Некрашэвіча – прыватнае прадпрыемства. Даволі паспяхова ў апошнія гады развіваецца фірма “Райнбов-Агро” С.Маслюка, прырастае новымі землямі сялянска-фермерская гаспадарка “ВітАграПрадукт” А.Іўчанкова і шэраг іншых. Прычым, прыватнікі эксперыментуюць, асвойваюць новыя ці забытыя для раёна віды сельгасвытворчасці. Для прыкладу, той жа С.Маслюк “рэанімаваў” закінутую ферму ў Апанаскавічах, акрамя вырошчвання буйной рагатай жывёлы заняўся і авечкагадоўляй. Таксама аднавіў старую ферму ў Старым Сяле Ушацкага сельсавета і разводзіць авечак заснавальнік ПУП “Тэхнакрас” П.Герасімёнак. А гэта, да слова, адзін з дзяржаўных напрамкаў аграрнай палітыкі на Віцебшчыне. Згодна з ёй, дарэчы, рэфармуецца і ўзбуйняецца структура так званых “старых” сельгаспрадпрыемстваў. Зараз іх у раёне 6 і толькі две – ААТ “Агра-Селішча” і “Дземенец” не ўваходзяць у склад холдынгу на базе Полацкага малочнага камбіната. У апошнія гады ліквідавана КУСГП “Кублічы”, праходзіць працэдуру банкруцтва КУСГП “Арэхаўна”, аднак зазначу, што гэта не прывяло да падзення сельгас­вытворчасці, у тым ліку і менавіта за кошт стварэння вытворчых участкаў ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Землі не закінутыя, наадварот, ворыва стала больш, чым летась. А колькасць работнікаў раёна, занятых у сельскай гаспадарцы на пачатак года склала 680 чалавек і ўпершыню за значны прамежак часу не знізілася ў параўнанні з мінулагодняй. Вытворчыя ж паказчыкі ў бягучым годзе ўнушаюць аптымізм. Хоць і нязначны, але назіраецца рост пагалоўя буйной рагатай жывёлы, свіней. За пяць месяцаў бягучага года тэмп росту валавой прадукцыі да мінулагодняга ўзроўню склаў 122,5 працэнта. “Плюс” назіраецца практычна па ўсіх асноўных паказчыках, сельгаспрадпрыемствамі атрымана 126,4 працэнта прадукцыі вырошчвання жывёлы, на 110 працэнтаў узрасла вытворчасць малака. “Падрасла” і зарплата аграрыяў. За 2019 год яна склала ў сярэднім 588 рублёў, ці 120 працэнтаў да ўзроўню 2018-га, за 4 месяцы бягучага года – 615 рублёў.

А ці выконваецца заданне пяцігодкі па росце заработнай платы ў цэлым па раёне.

– Па выніках 2015 года намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата работнікаў нашага раёна складала 433,1 рубля. У 2019 годзе яе памер вырас да на 164,4 працэнта або да 711,8 рубля, хаця планавая лічба праграмы – 600. Як бачна, мы перавышаем праграмныя паказчыкі, але тут той выпадак, калі гэта толькі на карысць, як эканомікі раёна, так і грамадзян.

Зразумела, што ў фармаце аднаго інтэрв’ю немагчыма падрабязна прааналізаваць значны перыяд часу ў жыцці раёна. Што яшчэ хочаце дабавіць?

– Хачу нагадаць землякам, што многія з агучаных дасягненняў, будоўлі новых аб’ектаў сталі магчымымі толькі дзякуючы падтрымцы нашага дэпутата, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу У.П.Андрэйчанкі, рэалізацыі рэспубліканскіх і абласных праграм, бо за кошт раённага бюджэту мы не зрабілі б і паловы намечанага. Задум яшчэ шмат – гэта і працяг аснашчэння новым абсталяваннем райбальніцы, набыццё ўжо ў бягучым годзе двух новых сучасных аўтамабіляў “хуткай дапамогі”, далейшае стварэнне належных умоў на аб’ектах сістэмы адукацыі, культуры для максімальнага камфорту людзей. Нам яшчэ трэба многа зрабіць у плане паляпшэння інфраструктуры, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці, каб павысіць прыцягальнасць Ушаччыны для турыстаў і наогул усіх, хто хоча тут не толькі адпачываць, а жыць і працаваць. Справа гэта нялёгкая і не аднаго дня, але разам, паважаныя землякі, пастараемся, каб намечанае ажыццявілася. Мінскам, канечне, не станем, але ёсць куды імкнуцца, і мы для гэтага зрабілі добры задзел.

Гутарыў Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *