Александр Ильич Лаюшко

Наш современник

Вось ужо шаснаццаць гадоў працуе ў ПМК-66 Аляксандр Ільіч Лаюшка. За гэты час набыты багаты вопыт, прыйшло майстэрства. А галоўнае – кожны дзень мужчына ідзе на працу з адчуваннем, што ён на сваім месцы і тут патрэбны.– Лічыце, значную частку свайго жыцця я правёў тут, – прыязна ўсміхаецца Аляксандр Ільіч і ахвотна расказвае, як пасля заканчэння вучобы ў Мосарскай школе, атрымання правоў у Лепельскай аўташколе, службы ў арміі, работы ва Ушацкім лясгасе і ПМК-50 пераступіў прахадную прадпрыемства. Увесь гэты час працуе аўтакранаўшчыком, закладвае фундамент – аснову будучых дамоў, якія хуткімі тэмпамі “растуць” ва Ушачах.

Энергічны і напорысты, Аляксандр Ільіч ніколі не шукаў лёгкіх шляхоў і ўпарта ішоў да мэты. Адказны і патрабавальны да сябе, ён, нягледзячы на цяжкасці, справу сваю ведае добра. Зразумела, усе аперацыі выконвае машына, аднак “камандуе” працэсам усё ж ён – спецыяліст-прафесіянал. І няхай сабе творчасці і рамантыкі ў гэтай справе нямнога, аднак работа цікавая, патрабуе максімум увагі і дасведчанасці.

Пра Аляксандра Ільіча можна сказаць адно – ён выдатны аўтакранаўшчык і добрасумленны працаўнік. Тэхніку ведае да апошняга вінціка. Відаць, таму і служыць яна ў яго доўгі час без паломак. А калі бярэцца за справу, то толькі паспявай за ім. Не любіць прастояў і затрымак.

Бывае, не вытрымлівае метал вялікіх нагрузак, аднак гэта для А.І.Лаюшкі не вялікая бяда: падрамантуе – і зноў да працы. Аляксандру Ільічу, як ён прызнаецца, вельмі падабаецца яго работа – душа хіліцца да яе.

Сапраўды, гэты чалавек у ПМК-66 на асаблівым рахунку. Яго паважаюць і цэняць. “Сумленны, старанны работнік, варты павагі”, – так адклікаюцца пра А.І.Лаюшку сябры, знаёмыя і калегі.

Аляксандр Ільіч, як мы даведалі- ся, не толькі аўтакранаўшчык спраўны. Без працы ён не сядзіць ні хвіліны і ва ўласным доме. Нават скардзіцца: “Мне і дня светлавога не хапае, каб усе справы перарабіць”. Такі ўжо характар у гэтага дастойнага чалавека.

Больш за ўсё Аляксандр Ільіч любіць праводзіць час сярод блізкіх яму людзей, ездзіць у госці да дочак, якія зараз жывуць у Наваполацку, забаўляцца з маленькім унукам. Зразумела, у кожнага члена сям’і Лаюшкаў свае захапленні, свае мары, сваё жыццё. Тым не менш, вельмі часта сям’я збіраецца за адным сталом – і тады можна гаварыць пра ўсё на свеце, успамінаць мінулае і будаваць планы на будучыню.

Вось такі ён, любімы тата і муж. А яшчэ – сапраўдны сябар і добры калега, які больш за ўсё цэніць у людзях дабрыню і справядлівасць, не церпіць хлусні. Напрыканцы мінулага тыдня А.І.Лаюшка адзначыў свой юбілейны дзень нараджэння. Аляксандр Ільіч, заставайцеся такім жа бадзёрым, поўным сіл і аптымізму, якім Вас ведаюць родныя, сябры і таварышы. Няхай Вам спадарожнічаюць поспех, удача, павага на рабоце, узаемаразуменне і дабрабыт у сям’і. Няхай будзе моцнае Ваша здароўе, а сэрца ніколі не ведае трывог!

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *