Страхование — подстраховка на все случаи жизни

Общество

Цывілізаванаму грамадству заўсёды была патрэбна страхавая абарона. Наша служба аказвае істотны ўплыў на фарміраванне страхавога рынку, прымае актыўны ўдзел у эканамічным і сацыяльным жыцці раёна. Мы выконваем сацыяльна значную ролю – забяспечваем абарону насельніцтва і прадпрыемстваў раёна, аказваем своечасовую дапамогу пры неспадзяваных падзеях прыроднага і тэхнагеннага характару.

Сістэма страхавання ўдасканальваецца, з’яўляюцца новыя віды паслуг. Стала звычайнай з’явай страхаванне транспарту, маёмасці, жывёл. Беларуская страхавая галіна паступова нарошчвае фінансаванне, дынамічна развіваецца. Варта адзначыць, што з кожным годам становіцца ўсё больш прэстыжна называць сябе страхавальнікам.

Уплыў крызісных тэндэнцый прымусіў усіх удзельнікаў страхавой галіны пераасэнсаваць сутнасць страхавання, перагледзець метады вядзення бізнэсу, ацаніць кошт і якасць паслуг. Усё гэта ў канчатковым выніку спрыяла рэфармаванню, развіццю новых стратэгічных рашэнняў, мабілізацыі сіл, рэсурсаў і, вядома ж, шляху наперад.

На першае снежня гэтага года ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічае 25 страхавых арганізацый, з якіх лідыруе Беларуская рэспубліканская ўнітарная страхавая арганізацыя “Белдзяржстрах”, якая прапаноўвае больш за 60 відаў страхавых паслуг і мае самую развітую сетку асобных падраздзяленняў. Усё гэта дае магчымасць працаваць з любымі катэгорыямі страхавацеляў у любым населеным пункце.

З мэтай павышэння эфектыўнасці дзейнасці Белдзяржстраху, стварэння рэгіянальнай сеткі, павышэння эфектыўнасці дзейнасці яго падраздзяленняў з першага красавіка 2010 года было ліквідавана прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Ушацкім раёне і створаны аддзел па аказанні страхавых паслуг прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Лепельскім раёне. Асноўнай задачай аддзела з’яўляецца заключэнне і выкананне дагавораў страхавання, гэта значыць мы не толькі заключаем дагаворы, але і пры наступленні страхавых выпадкаў прымаем заявы, складаем акты агляду, робім разлікі. Пералікам сум страхавога пакрыцця займаецца непасрэдна галоўнае прадстаўніцтва па Лепельскім раёне. Я думаю, нашы страхавацелі не адчулі змен.

Трэба адзначыць, што Ушацкі раён па рэйтынгу сярод іншых раёнаў рэспублікі з колькасцю насельніцтва да 25 тысяч займае сёмае месца. Насельніцтва нашага раёна мае велізарны вопыт у страхаванні будынкаў, хатняй маёмасці, жывёл, аўтамабіляў, ад няшчасных выпадкаў. Так, за выплатай страхавога пакрыцця за 11 месяцаў 2010 года звярнулася больш за 600 страхавацеляў, якім выплачаны страхавыя пакрыцці ў памеры 420 млн.руб., у тым ліку па добраахвотным страхаванні жывёл – 131,3 млн.руб. (167 выпадкаў), па добраахвотным страхаванні будынкаў – 68, 7 млн.руб. (190 выпадкаў), было 189 страхавых выпадкаў па добраахвотным страхаванні ад няшчасных выпадкаў, па якіх праведзены выплаты на агульную суму 84,2 млн.руб., сярэдняя выплата склала 450 тыс.руб. Таксама былі праведзены выплаты па добраахвотным страхаванні кватэр, хатняй маёмасці, транспартных сродкаў, па абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў, па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і іншыя.

У штаце нашага аддзела працуе 16 страхавых агентаў і 5 спецыялістаў. Сярэдні стаж працы ў Белдзяржстраху складае 13 гадоў – гэта азначае, што калектыў мае моцную прафесійную базу і вопыт. Выдатна спраўляюцца са сваёй работай вядучы спецыяліст А.П.Северына, страхавыя агенты М.В.Полазаў, В.В.Куніцкая, Л.М.Малахава, Р.І.Самсонава, спецыялісты першай катэгорыі Н.М.Апёнак і В.У.Стрыжонак. Хочацца адзначыць і тых работнікаў , якія маюць невялікі стаж, але сваёй прафесійнай дзейнасцю многае зрабілі для страхавой справы: гэта страхавыя агенты А.Г.Юрчанка, Г.М.Лук’яненка,Т.С. Данішэўская, спецыяліст першай катэгорыі І.С.Хамічонак.

Ад імя нашага прадпрыемства, якое адзначае сёння 89 гадоў з дня свайго стварэння, хачу павіншаваць з днём страхавых работнікаў усіх супрацоўнікаў, а таксама ветэранаў працы і ўладальнікаў страхавых полісаў. Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя і фінансавай стабільнасці, а работнікам сферы страхавання – далейшых поспехаў у развіцці галіны ў нашым раёне. Перад намі стаіць задача і далей развіваць культуру страхавання, рабіць грамадзян, юрыдычных асоб, прадпрымальнікаў эканамічна абароненымі, даваць ім упэўненасць у заўтрашнім дні.

Т.ЗІМНІЦКАЯ,

начальнік аддзела па аказанні страхавых паслуг.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *