Ушачанин Сергей Михайлович детально расскажет об особенностях прививки деревьев

Общество

Сяргей Міхайлавіч Куляшоў абводзіць мяне па садзе, дэталёва расказваючы пра асаблівасці прышчэпаў, і выдаляе лісткі, што пусціліся ніжэй месца “аперацыі”. “Абавязкова трэба рабіць, каб не аднімалі сілы ў галінкі, якой цяжка прыжыцца на новым месцы. А наогул год сёлета вельмі спрыяльны для прышчэпак, практычна ўсё зелянее, нават капрызны двухсантыметровы персік і той зацвіў”.

Сад у С.Куляшова ў Мосары вялікі… і хоць валодае ім 31 год, літаральна ўсе дрэвы – маладыя. Не паверыце, тым больш калі ўбачыце вялізныя ствалы з мноствам галіновых адросткаў. Аднак ва ўзросце менавіта ствалы, што засталіся ад былых гаспадароў, ды літаральна некалькі галін з антонаўкай і штрыфелямі. Пышныя ж дрэвы – усё прышчэпы. С.Куляшоў аддае перавагу менавіта такому развіццю саду ў адрозненні ад пасадкі ў зямлю саджанцаў і называе адразу некалькі пераканаўчых пераваг.

– Па першае, не кожнае дрэўца прыжывецца, у нас тут на схілах многа пакупак знікла, персік ні адзін не ўкараніўся, а вось з прышчэпу расце. Па-другое, няма гарантыі, што на рынку набудзеш тое, што намалявана на карцінцы. Я ж прывіваю гатункі, якія ўбачыў, паспытаў ці параілі знаёмыя. Па-трэцяе, любы прышчэп на здаровым добрым карані дагоніць і перагоніць саджанец. Ды і такую разнастайнасць сартоў сабе не дазволіш, калі садзіць дрэвамі. У мяне ж толькі на адной грушы іх 20. Напэўна ўсё, што расце ў нашым раёне, ёсць у мяне. Прышчэпліваю кожны год, не спадабаўся сорт – выдаляю, а на вольным месцы прывіваю зноў. Люблю эксперыментаваць і з сартамі, і з метадамі. Сёлета вось і перасадка “почкі” прайшла паспяхова, – Сяргей Міхайлавіч смяецца з трапнага каламбура і паказвае на набухлую пупышку чарэшні. Іх таксама зашмат самых розных: ад белых да чорных, ад дробных але салодкіх ранніх бельскіх, што распаўсюджаны на Мосаршчыне, да буйных, як прадаюць на кірмашах.

Пачынаў жа з “ананаса”, што добра адчувае сябе на былой дзічцы. Наогул апошнія, на думку садавода, лепш за ўсё для прышчэплівання яблыкаў, а таксама антонаўка. Для персіка, абрыкоса, прыкмеціў, лепш за алычу ўсё ж сліва. Ну а вінаграду не патрэбны ніхто, ён сам выдатна пускае карані, прычым С.Куляшоў адшукаў самы просты спосаб. Галінку вінаграду ў сакавіку-красавіку ўтыкае ў месца сцёку з даху вады. На гэтым – усё. А на спецыяльнай клумбе вакол дома заўважыла, што літаральна ўвесь маладняк ужо са свежымі лісткамі.

Зразумела, ёсць у садзе і маленькія дрэвы. Дзічкі гаспадар укараняе, каб потым зрабіць на іх прышчэп. Пітомнік за гады, як сям’я Куляшовых-Ліленкаў асела ў Мосары, перамяшчаўся не адзін раз. Зараз на даволі мокрым шляху дажджавых патокаў. А практычна пад усімі кустамі і дрэўцамі заўважыла ўнушальны слой лістоты: і мульча, і ўгнаенне.

Любімы сорт яблыкаў С.Куляшова – каштэля. Зялёна-жоўтае, вельмі цвёрдае восенню, яно смачнае і сакавітае вясной.

Сяргей Міхайлавіч не толькі “пазычае” матэрыял з абрэзаных вярхушак пры продажы на рынку ці ў сяброў, але і дзеліцца ўдалымі сартамі з аднавяскоўцамі і знаёмымі – з усімі, хто да яго звяртаецца. Хоць зараз у продажы ёсць зручныя прылады для прышчэплівання, карыстаецца звычайнымі нажамі – набіў руку і робіць срэзы раўнюткімі. Наогул прыктычна ўсяму ў жыцці гэты дапытлівы чалавек навучыўся сам: і на музычных інструментах іграць, і печы класці, толькі захапленне прышчэплівання дрэў пераняў ад бацькі, які паляпшаў іх сад у Дубровенскім раёне. Вось і яго дачка Алёнка таксама з цікаўнасцю сочыць за працэсам, заўсёды побач, так што расце дынастыя садаводаў. А таксама гаспадароў. Вельмі вялікі свой участак, а таксама пустыя навакольныя тут ідэальна дагледжаны, хоць некалі Сяргею Міхайлавічу даводзілася прадзірацца па хмызняку, каб трапіць да возера. Зараз – чысты спуск, на вадзе даўгая кладка, а па беразе ўжо вялікая яго алея елак. Прыгажосць і цішыня неверагодныя. Самае лепшае месца – лічыць С.Куляшоў і Алёнка. Я ж па-добраму зайздрошчу – бо гэта сапраўды так.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *