Созданный в Ушачах Совет работающей молодёжи состоит из самых активных и целеустремлённых работников

Общество

Дапамагчы моладзі ў працоўнай адаптацыі, вырашэнні сацыяльна-бытавых, жыллёвых праблем, садзейнічаць у арганізацыі, правядзенні спартыўна-аздараўленчых, культурна-масавых мерапрыемстваў – гэтыя і іншыя задачы ставяць перад сабой члены Савета працоўнай моладзі Ушацкага раёна, створанага нядаўна пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. На ўстаноўчым сходзе новага калегіяльнага органа (дарэчы, на Віцебшчыне такіх больш няма) давялося пабываць і нам.

У цэнтры ўвагі – 15 самых актыўных, добрасумленных, мэтанакіраваных маладых людзей, прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў. Нягледзячы на юны ўзрост і “сціплы” працоўны стаж, яны паспелі праявіць сябе ў калектыве, жыцці раёна. Таму, выказала ўпэўненасць намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, змогуць кансалідаваць работу моладзі Ушаччыны, каб у поўнай меры выкарыстаць яе патэнцыял, накіраваць энергію, прафесійныя, арганізатарскія здольнасці ў патрэбнае рэчышча. Алена Васільеўна адзначыла, што кіраўніцтва раёна спадзяецца атрымаць годнага памочніка не толькі ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, але і ў вырашэнні іншых задач. Дарэчы, дзеля гэтага ў перспектыве члены Савета будуць запрашацца на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

– Новы орган не павінен быць дэкларатыўным і існаваць толькі на паперы, а рэальна дзейнічаць па розных напрамках, – падкрэсліла А.В.Пашковіч. – Будзьце напорыстымі, не бойцеся стукацца ў любыя дзверы, весці дыялог і даносіць свае ідэі да кіраўнікоў рознага ўзроўню.

Ва ўзгаданы дзень прысутныя азнаё­міліся з Палажэннем аб Савеце працоўнай моладзі, абмеркавалі яго асноўныя пастулаты. А паколькі ні адна арганізацыя не можа працаваць без кіраўніка, былі абраны старшыня і сакратар новага органа – імі сталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Пётр Алексяёнак і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Арэхаўскай школы Вольга Пахоменка.

Пасля свайго абрання старшыня агучыў першыя прапановы па арганізацыі дзейнасці Савета. Сярод іх – удзел у раённым мерапрыемстве, прымеркаваным да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Выступіў ён і з ініцыятывай больш актыўна праводзіць конкурсы прафмайстэрства сярод маладых людзей, наладжваць нефармальныя сустрэчы з кіраўнікамі рознага ўзроўню, каб мець магчымасць напрамую задаць пытанні і з першых вуснаў атрымаць адказ.

У такім складзе Савет працоўнай моладзі будзе функцыянаваць адзін год. Наперадзе, няма ніякіх сумненняў, нямала годных спраў і цікавых мерапрыемстваў. Планаваць іх маладыя людзі з розных куточкаў раёна мяркуюць на адмысловых сустрэчах, што будуць ладзіцца мінімум раз у паўгода, і праз сацыяльныя сеткі. Каардынаваць работу новага органа будуць намеснік старшыні райвыканкама, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, першы сакратар райкама БРСМ.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *