Семья Матвеенко

Общество

Што можа быць даражэй за дзяцей? Гэтае рытарычнае пытанне можна пачуць ад кожнага, хто выхоўвае дзетак. Яны аснова сям’і, без якой жыццё не мае сэнсу.
Таццяна і Віталь Матвеенкі ніколі не думалі, што будуць мнагадзетнай сям’ёй. Ведалі, як цяжка выгадаваць і паставіць на ногі дзяцей, таму доўга не маглі рашыцца на другое дзіця. У іх ужо расла дачушка Даша. Калі ж маладая сям’я чакала папаўненне, даведаліся, што будзе двойня. Канечне, спачатку разгубіліся, не ведалі, як справяцца, але потым зразумелі, што гэта сапраўднае бацькоўскае шчасце. Так год назад у сям’і з’явіліся яшчэ дзве дзяўчынкі – Саша і Маша.
Гісторыя кахання бацькоў пачалася даўно, калі Таццяна вучылася ў Полацкім педагагічным каледжы. Прыязджала на выхадныя дадому ў Селішча, туды ж з Расіі пераехала сям’я Віталя. Пазнаёміліся бліжэй, сталі часцей бачыцца. Да таго часу, пакуль пажаніліся, ужо добра ведалі адзін аднаго, вывучылі характары і звычкі. Таму стварэнне сям’і для іх было не спантанным, а абдуманым крокам. Некаторы час жылі з бацькамі, потым пераехалі ў Кублічы, дзе Таццяна працавала загадчыцай дзіцячага сада. А потым сям’я вырашыла пераехаць у гарадскі пасёлак. Сталі на чаргу на будаўніцтва кватэры і амаль адразу трапілі ў адзінаццаты кааператыў. На гэты момант сям’я ўжо стала мнагадзетнай. А паколькі дзяржаўная палітыка накіравана на падтрымку мнагадзетных сямей, то і выплацяць яны толькі палову кошту кватэры, прычым крэдыт разлічаны на 40 гадоў пад адзін працэнт. Другую палову аплачвае дзяржава. Сям’я Матвеенка адчула на сабе гэтую важную падтрымку і без яе, упэўнены, што не змаглі б жыць сёння ў прасторнай трохпакаёвай кватэры ў новым мікрараёне гарпасёлка. Тым больш здавалася яна з поўнай аддзелкай.
Таццяна зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, а Віталь працуе слесарам у жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Безумоўна, цяжка такой вялікай сям’і з маленькімі дзеткамі ў матэрыяльным плане, аднак зноў жа падтрымка з боку дзяржавы – у месяц выдзяляецца пэўная колькасць дзіцячага харчавання бясплатна. Дапамагаюць і абедзве бабулі, якія любяць песціць унучак.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, а без іх і не бывае ў нашым жыцці, Таццяна і Віталь шчаслівыя ад таго, што ў іх ёсць дзеці, што іх жыллё пастаянна напоўнена звонкімі галасамі. Сёння нават не ўяўляюць сябе без усіх траіх дзетак. Старэйшая Даша зараз вучыцца ў першым класе, а Саша і Маша ўжо смела робяць крокі па новай кватэры і вымаўляюць першыя словы. Хоць і двайняткі, але характары ў маленькіх розныя, тым не менш усё робяць разам, любяць пагуляць са старэйшай сястрычкай.
У штодзённых клопатах і праходзіць час у сям’і. І клопаты гэтыя прыемныя, бо звязаны з выхаваннем дзетак, якія растуць і развіваюцца, адкрываючы з кожным днём штосьці новае. Пачуцці ж бацькоў, калі побач з імі такія сонейкі, толькі мацнеюць.
Якраз сёння Сашы і Машы спаўняецца годзік. Няхай яны растуць здаровыя і шчаслівыя на радасць сваім бацькам!
На здымку: сям’я Матвеенка.



1 комментарий по теме “Семья Матвеенко

  1. Про таких отважных семьях действительно нужно писать.Какие хорошенькие детки, здоровья им и родителям.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *