Вера Михайловна Маслак

Общество

ЯЕ ЛЁС – ДАПАМАГАЦЬ ЛЮДЗЯМ

Сталасць… З цягам часу гэты этап чалавечага жыцця захопіць кожнага з нас. У гэтым узросце людзей падпільноўвае шмат праблем. Асноўныя з іх – хваробы і адзінота. Такім людзям патрэбна асаблівая дапамога. Яе могуць аказаць дзеці, блізкія, суседзі, сябры. А калі іх няма, то надзея на сацыяльных работнікаў, супрацоўнікаў спецыялізаваных арганізацый, на іх кампетэнтнасць, неабыякавасць. На шчасце, у нашым раёне праблем з добрымі кадрамі няма.

Вось ужо тры гады  загадчыцай аддзялення кругласутачнага прабывання адзінокіх пажылых грамадзян і інвалідаў у аграгарадку Вяркуды з’яўляецца Вера Міхайлаўна Маслак. Яна прымала актыўны ўдзел у будаўніцтве і ўпарадкаванні ўстановы, так сказаць, сваімі рукамі стварала добрыя ўмовы для будучых пастаяльцаў. Першапачаткова планавалася размясціць у аддзяленні 26 чалавек, аднак зараз тут пражывае 34.

– Галоўнае, каб нашым бабулям і дзядулям было камфортна, – гаворыць Вера Міхайлаўна. – Месца дазваляе прыняць большую колькасць грамадзян, а значыць трэба рабіць гэта.

Кіраўніцтва раёна неаднаразова адзначала выдатную работу В.М.Маслак па арганізацыі спрыяльнага мікраклімату пастаяльцаў аддзялення, па правядзенні культурных мерапрыемстваў, а таксама яе цудоўныя арганізатарскія здольнасці, энергічнасць, прынцыповасць, настойлівасць. У мінулым годзе Вера Міхайлаўна прымала ўдзел у конкурсе “Чалавек года Віцебшчыны” і, хаця не стала пераможцай, за свае заслугі атрымала падзяку старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, а таксама кветкі і падарункі з нагоды свята 8 сакавіка. Удасканальваліся ўменні, напрацоўваўся вопыт работы з пажылымі людзьмі – і ўжо ў гэтым годзе кандыдатам на званне “Чалавек года Віцебшчыны” ад работнікаў сацыяльнай сферы нашага раёна зноў прызначана В.М.Маслак. Прафесіянал сваёй справы, шчыры чалавек, яна дастойна высокіх узнагарод!

Вера Міхайлаўна прызналася, што штатная інструкцыя нярэдка падпраўляецца жыццём. Па любой вялікай ці малой патрэбе работнікі аддзялення тэлефануюць ёй на  мабільны. Бывае, што прыходзіцца ноччу ісці да сваіх пастаяльцаў, вырашаць пэўныя праблемы.

– Гэта вельмі сур’ёзна адчуваць адказнасць за пажылых людзей. Дзякуй Богу, што жыву недалёка ад аддзялення, а таму магу прыйсці сюды ў любы час. Нашым бабулям і дзядулям патрэбна асаблівая ўвага, клопат.

Часам для старых важны не столькі матэрыяльныя выгоды, колькі душэўны суразмоўца, з якім можна пагаварыць, абмеркаваць апошнія навіны, які суцешыць, падтрымае. В.М.Маслак адчыняе дзверы ў іх пакоі, цікавіцца старэчым жыццём. Яна, як тонкі псіхолаг, да кожнага знаходзіць падыход. Не дзіўна, што Вера Міхайлаўна, чужая па сутнасці, стала для пастаяльцаў аддзялення родным чалавекам, магчыма, нават раднейшым за ўласных дзяцей.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: В.М.Маслак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *