В Ушачском РОЧС проводили на заслуженный отдых Елену Раговешко, посвятившей работе 27 лет

Общество

Мінулы чацвер у райаддзеле па надзвычай­ных сітуацыях быў урачыс­тым і адна­часова сумным днём – калектыў праводзіў на заслужаны адпачынак Алену Анатольеўну Рагавешку – на працягу многіх гадоў адзіную прадстаўніцу жаночага полу сярод ушацкіх выратаваль­нікаў.

– Мне шкада Вас адпускаць! Без перабольшвання скажу, што менавіта вы былі ў ліку самых лепшых старшын груп матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння аддзелаў вобласці. Дзякуючы Вашым старанням Ушацкі райаддзел заўсёды вылучаўся ідэальным парадкам у шматлікай дакументацыі, – адзначыў начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС С.М.Мялешкін, які ў гэты дзень з рабочым візітам знаходзіўся на Ушаччыне і прыняў удзел ва ўрачыстым зборы калектыву. Сяргей Мікалаевіч падзякаваў А.А.Рагавешка за годную службу і ўручыў памятны падарунак (на здымку).

Алена Анатольеўна прысвяціла МНС 27 гадоў. Не заступала на баявыя суткі, але менавіта на ёй заўсёды была матэрыяльна-тэхнічная частка, вядзенне і падрыхтоўка бухгалтарскіх дакументаў, справаводства, заключэнне дагавораў на аказанне аддзелам платных паслуг і многае іншае. Ніколі не заставалася яна ўбаку і ад добраўпарадкавання, як на прылягаючай тэрыторыі, так і непасрэдна ў пажарнай часці.

– А калісьці нават не думала, што Ушаччына стане для мяне роднай. З Верхнядзвінскага раёна прыехала працаваць ва ўшацкае аддзяленне “Белаграпрамбанка”, месца тут было часовае і меркавала вярнуцца на радзіму, – прыгадвае Алена Анатольеўна. – Але ва Ушачах ужо знайшла сваю другую палавінку і стварыла сям’ю. Працавала нават некаторы час не па спецыяльнасці – у яслях-садзе. У 1994 годзе Генадзь Васільевіч Рубанік прапанаваў пайсці на службу ў аддзел па надзвычайных сітуацыях, начальнікам якога тады быў Юрый Леанідавіч Шыханцоў. Шчыра кажучы, вельмі сумнявалася і доўга раздумвала, што рабіць, ды і хвалявалася – ці спраўлюся. Аднак так склалася, што ў гэтым калектыве мне было вельмі проста і камфортна, складана хіба толькі на Дзень абаронцаў Айчыны, пакуль калектыў не папоўнілі яшчэ дзве жанчыны. Гады службы праляцелі для мяне імгненна.

“Яна наш надзейны тыл, вопытны работнік, памочнік у многіх справах і важнае звяно ў нашай камандзе! Такія кадры на вагу золата! – кажа намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Андрэй Міхайлавіч Уліновіч.

За час службы А.А.Рагавешка сабрала ўсе магчымыя ўзнагароды – ад грамат раённага ўзроўню да міністэрскіх, яе службовую форму ўпрыгожваюць і такія значныя, як нагрудны знак “Выдатнік” і медаль “За бездакорную службу” III ступені. Поўнасцю заслужана па выніках мінулага года яе прозвішча занесена і на раённую Дошку гонару.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *