Бригады водоканала в любую погоду устранят неисправность

Общество

Цяжка адшукаць больш складаную, ды і незайздросную працу, чым у работнікаў водаканала. Гэта для выканаўцаў. І адну з самых патрэбных для нас, спажыўцоў. Адчуваеш гэта, калі кран па-здрадніцку не выдае ні кроплі не тое што гарачанькай – ніякай. Добра, калі ў двары ёсць калодзеж, і тое сто разоў прыгадаеш пра выгоды цывілізацыі. А калі і студні няма.

В.Маісеенка, С.Хаткевіч, С.Мацюш.

Таму супрацоўнікаў участка водаканалізацыйнай гаспадаркі “Полацкводаканала” чакалі на мінулым тыдні сваім мікрараёнам прыватных дамоў па Ленінскай, як багоў. Дзве брыгады ўжо раз’ехаліся па загадзя запланаваных маршрутах, і адна з машын прыбыла да нас пасля абеду. Пачалі з самага складанага – пошуку прычыны збою. Знешне ўсё як звычайна, на паверхні ніякага працякання, як і ў дамах, а што там пад зямлёй? І вось яны ля апошняга вузла з адгалінаваннямі да спажыўцоў. Толькі вентылі і трубы грунтоўна схаваны ў вадзе. Адпампавалі – трэба зазначыць, што машына брыгады ўкамплектавана ўсім неабходным: і генератар на выпадак зваркі труб, і помпа для адкачвання вады. А далей уручную вычэрпвалі застойную “кашу”, папярэдне адшукаўшы “дно”. Вельмі нязручна было паварочвацца ў вузкім коле, якім агароджаны вузел, нават самаму хударляваму з супрацоўнікаў, электрагазазваршчыку Віталю Мікалаевічу Маісеенку. Дапамагалі, абмяркоўваючы варыянты знікнення вады, майстар Сяргей Ягоравіч Мацюш і слесар аварыйна-аднаўленчых работ Сяргей Уладзіміравіч Хаткевіч. Меркавалі ўжо, дзе назаўтра давядзецца перакрываць лінію, колькі без вады часова людзей застанецца, і ці атрымаецца пад ціскам памяняць запорны кран, бо думалі пра самы апошні варыянт – раскопваць месца злучэння труб экскаватарам.

Не ведаю, хто ўзрадаваўся больш, калі гэтага не спатрэбілася. Віталь Мікалаевіч усё ж дабраўся да заржавелай арматуры. І вярнуўшыся ўвечары з работы, усе жыхары канстатавалі наяўнасць у кранах добрага ціску.

Так штодня праходзяць іх працоўныя будні. Старшы майстар участка Андрэй Сяргеевіч Дзямешка кажа, што на дні паступае па некалькі выклікаў з усіх куткоў раёна. У любое надвор’е ліквідуюць парывы састарэлага водаправода, размарожваюць калонкі, чысцяць забітую каналізацыю. Здараецца, што за дзень і не атрымоўваецца справіцца з паломкай. Аднак яны не кідаюць справу незавершанай, калі работы экстранныя, а працоўны дзень ужо закончаны. Застаюцца – колькі патрэбна. Добра ведаюць гэта, напрыклад, жыхары вуліцы Школьнай у гарпасёлку. Парыў камунікацый адбыўся 31 снежня. І Новы год сустракаць водаканальшчыкі разышліся па дамах у дзве гадзіны ночы. Затое людзі на свята былі з вадой.

Звязацца з Ушацкім участкам водаканалізацыйнай гаспадаркі можна па тэлефоне 3-10-18 (да 10 гадзін), а пакінуць заяўку па адзіным нумары 115 ці ў дыспетчарскай “Полацкводаканала” (8-0214) 77- 41-75.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *