День спорта в Ушачах

Cпорт

У гэтым годзе мерапрыемствы да Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту праводзіліся 25 мая і былі прымеркаваны да адметнай даты: у гэты дзень адзначыў бы сваё пяцідзесяцігоддзе заснавальнік аддзялення дзюдо Ушацкай спартыўнай школы Станіслаў Анатольевіч Шэдзько. На жаль, гэты выдатны трэнер і надзвычай прыемны чалавек рана пайшоў ад нас, але за крыўдна кароткі адведзены яму лёсам час ён паспеў многае: выхаваў дастойных вучняў-паслядоўнікаў, зрабіў свой любімы від спорту вельмі папулярным на Ушаччыне. Яго памяці быў прысвечаны традыцыйны турнір па барацьбе дзюдо сярод школьнікаў, які сабраў сёлета 115 удзельнікаў з 7 гарадоў нашай вобласці. Пачалося мерапрыемства з ускладання кветак да мемарыяльнага знака, які ўстаноўлены на вуліцы, названай у гонар Станіслава Анатольевіча. Потым адбылося ўрачыстае адкрыццё спаборніцтваў. Дырэктар Ушацкай ДЮСШ І.У. Клімашэўскі расказаў аб гісторыі турніру і пажадаў удзельнікам спартыўных поспехаў, затым прадстаўнікі каманд узнялі флаг нашай краіны. Дзіцячыя спаборніцтвы заўжды вельмі захапляльнае відовішча. Трэба было бачыць, з якім запалам праходзілі паядынкі, як трэнеры, стоячы збоку татамі, літаральна паўтаралі ўсе рухі сваіх выхаванцаў, міжвольна імкнучыся ім дапамагчы, як радаваліся дзеці не толькі ўласным перамогам, але і поспехам адзін аднаго, як горда ўздымаліся на п’едэстал і як прыгожа на ім выглядалі з медалямі. Дарэчы, ў скарбонцы ўшацкіх дзюдаістаў тры “золата”: перамогамі вызначыліся Насця Цвяцінская (трэнер – В.В.Кіліна), Ілья Аўласенка і Саша Сакалоў (трэнер – С.М.Фядосенка). Усе ўдзельнікі адзначылі добрую арганізацыю спаборніцтваў, якія праходзілі ў спартыўнай зале Ушацкай школы, у сувязі з чым арганізатары выказваюць удзячнасць дырэктару ўстановы С.К.Турло.  
У праграму мерапрыемстваў уваходзілі таксама спаборніцтвы па армрэстлінгу сярод школьнікаў. Тут пераможцамі сталі Улад Гайко, Сяргей Касяк і Яўген Каваленка.
Не засталіся ў баку шахматысты, якія выяўлялі мацнейшых ігракоў раёна. Першае месца з 6,5 ачкамі з 8 магчымых атрымаў А.Крацёнак, на другім С.Гарадзецкі (6 ачкоў), трэці – М.Варанько (4,5 ачкі).
Ну а якое ж свята без гульні нумар адзін? Тым больш, што якраз у сераду ў нашай краіне праводзіўся адзіны дзень масавага футбола. Ва Ушачах прайшло адразу два турніры. У раённых спаборніцтвах сярод школьнікаў удзельнічала 9 каманд. Першымі сталі футбалісты з Кубліцкай школы (настаўнік А.У.Гулевіч), другімі – Арэхаўскай (У.М.Качко), на трэцім месцы футбалісты Ленінская базавай школы (М.Р.Джураеў). Пераможцы былі ўзнагароджаны кубкам, медалямі і граматамі. У спаборніцтвах сярод дваровых каманд не было роўных старшакласнікам Ушацкай школы. Яе ўдзельнікі таксама былі адзначаны прызам.
Спартыўнае свята ўдалося – а інакш і быць не магло, бо на Ушаччыне са спортам заўсёды сябравалі і будуць сябраваць.
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымках: трыумф Сашы Сакалова; будучыя зоркі футбола. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *