Традиционно ярко и массово прошел областной спортивный праздник «Витебская лыжня» в Городке

Cпорт

“Віцебская лыжня-2023” стала яркім фінішным акордам зімовага спартыўнага сезона ў Прыдзвінні. Сёлета свята было прымеркавана да 85-гадовага юбілею рэгіёну, што надало яму асаблівы размах і каларыт.

С.Ціханёнак, А.Сыс, Д.Цімафееў, І.Шчукіна.

У ліку 600 лыжнікаў з 60 каманд, якія ў суботу выйшлі на старт гарадоцкай лыжаролернай трасы, былі і ўшачане. Наша каманда традыцыйна заявілася ў эстафету, дзе выступаюць дзяржслужачыя. Ужо не першы год старцёрам зборнай з’яўляецца загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргей Ціханёнак – гэты этап спецыфічны, бо патрабуе навыкаў кантактнай барацьбы, і наш вопытны лыжнік перадаў эстафету ў ліку лідараў забегу. Годна правёў свой кіламетровы адрэзак яшчэ адзін старажыл каманды – старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама Алег Сыс. Жаночы этап з 2021 года паспяхова “закрывае” бухгалтар Ірына Шчукіна, ну а фінішорам сёлета быў дэбютант спаборніцтваў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Цімафееў. “З задавальненнем паўдзельнічаў у “Віцебскай лыжні”: спадабаўся запал гонкі, сяброўская атмасфера, якая пануе ў нашай камандзе, ды і само свята было вельмі яркім!” – падзяліўся ўражаннямі Дзмітрый Пятровіч.

Нашы землякі заўсёды сур’ёзна падыходзяць да гэтых прэстыжных стартаў, вось і сёлета стараліся вылучыць час для трэніровак, прыязджалі ў Гарадок, каб пазнаёміцца з трасай. Усё гэта дазваляе дастойна выглядаць на лыжні: калі раней наш раён фігурыраваў у другой палове фінішнага пратакола, то ў апошнія гады нязменна навязвае барацьбу лідарам. Сёлета ўшачане сталі шостымі ў заліку, дзе былі прадстаўлены каманды ўсіх райвыканкамаў, апроч гарадскіх, якія спаборнічалі асобна. Залатыя ж медалі ў нашай намінацыі атрымалі сенненскія лыжнікі.

На свяце праяўлялі свой спрыт таксама аматары гіравога спорту, армрэстлінга, госці мерыліся сіламі ў перацягванні каната, глядзелі нумары творчых калектываў, частаваліся салдацкай кашай. “Віцебская лыжня” ў чарговы раз пацвердзіла статус маштабнага свята, натхніла ўдзельнікаў на далейшае спартыўнае ўдасканаленне, яшчэ больш згуртавала калектывы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *