Развитие лёгкой атлетики в Ушачах: таланты есть, дело за старанием и условиями

Cпорт

Лёгкая атлетыка – самы старажытны і даступны літаральна для кожнага чалавека від спорту. Бег, скачкі, кіданне снарадаў уваходзілі яшчэ ў праграму антычных Алімпіяд, у цяперашні ж час Каралева спорту – лідар па колькасці медалёў алімпійскай праграмы: так, сёлета на гульнях ў Рыа­-дэ-­Жанейра будзе разыграна 47 камплектаў узнагарод. У Беларусі развіццю гэтага віду спорту надаецца сур’ёзная ўвага. У гэтым сэнсе вельмі важна як мага раней адшукаць і прыцягнуць да заняткаў з прафесіяналамі здольных дзяцей – нядаўна мы расказвалі пра рэспубліканскі праект “300 талентаў для Каралевы”, у лік пераможцаў якога ўвайшла і ільюшынская школьніца Аксана Васілевіч. Падобная задача пастаўлена і перад аддзяленнем лёгкай атлетыкі, якое адкрыта ва Ушацкай ДЮСШ з верасня 2015 года.

Дакладней жа будзе сказаць, што гэтае аддзяленне ва ўстанове адноўлена, бо ў былыя часы яно паспяхова рыхтавала юных лёгкаатлетаў на працягу 16 год. Дарэчы, адной з яго навучэнак у пачатку 80­х давялося быць і мне. Назаўсёды засталіся ў памяці насычаныя разнастайныя трэніроўкі, якія праводзіла з намі малады трэнер Таццяна Леанідаўна Клопава. Прыгадваю, напрыклад, з якой цікавасцю і ўпартасцю асвойвалі мы тэхніку розных стыляў скачка ў вышыню, а колькі эмоцый прыносілі паездкі на абласныя спаборніцтвы! І няхай я не звязала лёс з прафесійным спортам, атрыманыя ў юнацтве загартоўка, вынослівасць вельмі спатрэбіліся ў жыцці. Зараз жа завуч ДЮСШ перадае свой вопыт і веды цяперашнім школьнікам з райцэнтра. Ёсць магчымасць займацца лёгкай атлетыкай і ў вясковых дзяцей – групы пачатковай падрыхтоўкі працуюць на базе Вяркудскай, Глыбачанскай, Ільюшынскай і Арэхаўскай школ – заняткі ў іх праводзяць настаўнікі фізкультуры. Летась набыты спартыўныя касцюмы, шыпоўкі, накідкі на агульную суму каля 12 мільёнаў рублёў. Але маецца патрэба ў розным спортінвентары, спецыяльным лёгкаатлетычным абсталяванні. Зацікавіць навучэнцаў лёгкай атлетыкай не так проста, як, напрыклад, гульнявымі відамі ці адзінаборствамі. Аднак, як сведчаць словы выхаванцаў, гэта ўдаецца. “Нам вельмі падабаецца займацца! – расказваюць Карына Кучаронак і Маша Падгола. – Амаль у любое надвор’е трэніруемся на вольным паветры, калі стаялі маразы, хадзілі ў лес на лыжах, каталіся на каньках”.

Самым жа цікавым момантам гэтага года стаў для дзяцей іх дэбютны выязны турнір – адкрытае першынство Докшыцкай ДЮСШ па лёгкай атлетыцы. Гэты турнір даў магчымасць ацаніць свой патэнцыял. А ён, як аказалася, у юных ушачан даволі вялікі. Так, зусім не “па­гасцявому” паступіў з гаспадарамі Ілья Вер’ясаў, заваяваўшы першыя месцы ў трох з чатырох  дысцыплін спаборніцтваў, дзе бралі ўдзел ушачане: скачку ў даўжыню з месца і трайным скачку, а таксама штурханні набіўнога мяча. У бегу на 30 метраў ён паказаў трэці вынік, які дазволіў атрымаць трэці юнацкі разрад. Другім месцам і адпаведным разрадам на гэтай дыстанцыі ў дзяўчат адзначылася Карына Кучаронак, на рахунку якой таксама срэбра ў абедзвюх скачковых дысцыплінах. Падтрымала сяброўку і Маша Падгола: яна заваявала дзве бронзы ў скачках, выканала нарматыў трэцяга разраду ў бегу, а ў кіданні мяча паказала вынік на ўзроўні выступлення лепшых хлопчыкаў. Прынеслі прызавыя месцы ў камандную скарбонку Дзяніс Шук (бронза ў кіданні мяча), Аляксей Броўка (бронза ў скачках у даўжыню), палепшылі асабістыя рэзультаты Юра Качко, Алег Усцін, Кірыл Харашкевіч, Раман Літвін дастойна выглядалі і самыя маленькія ўдзельнікі спаборніцтваў Ягор Літвін і Аня Галавешкіна, якая атрымала трэці разрад у бегу.

Трэба сказаць, што не толькі паспяховымі стартамі запомнілася дзецям паездка ў Докшыцы: для іх была прадугледжана і культурная праграма, разынкай якой стала наведванне басейна ў мясцовым аздараўляльным комплексе. “Нам вельмі спадабалася! Хутчэй бы паехаць на новыя спаборніцтвы!” – наперабой выказвалі свае эмоцыі падчас трэніроўкі дзеці. І гучным “Ура!” сустрэлі паведамленне трэнера пра запланаваны на красавік выезд на чарговы турнір. А яшчэ разважалі пра тое, як чакаюць адкрыцця нашага комплексу “Юнацтва”. Вялікія спадзяванні з гэтым спартыўным аб’ектам звязвае і Т.Л.Клопава: “Было б вельмі добра, каб у ігравой зале новага комплексу было пакладзена спецыяльнае бегавое пакрыццё і абсталявана скачковая яма. Гэта б дало нам усе шансы вырасціць з нашых дзетак спартсменаў, якія прыйдуць на змену Юліі Несцярэнка, Аліне Талай, Марыне Арзамасавай, Андрэю Краўчанку”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *