Международный день защиты детей в Ушачском приюте

Наши дети

Яркія, вясёлыя, шустрыя, прыгожыя… Самыя незвычайныя і непрадказальныя. Гэта – нашы дзеці. Усе яны такія розныя і ў той жа час вельмі падобныя. Падобныя сваім жаданнем радавацца і смяяцца, быць шчаслівымі і жыць пад мірным небам. Разам з любячымі бацькамі…

Першы дзень лета заўсёды асаблівы. У Міжнародны дзень абароны дзяцей дарослыя дораць хлопчыкам і дзяўчынкам цудоўнае свята. І на гэты раз з самага ранку сустракалі шматлікіх гасцей выхаванцы дзіцячага сацыяльнага прытулка г.п.Ушачы. Па традыцыі прадстаўнікі раённай улады, супрацоўнікі арганізацый не пакідаюць дзяцей без увагі і падарункаў.
Маленькія зорачкі парадавалі ўсіх падрыхтаванымі нумарамі. Канцэртную праграму склалі прыгожыя песні і танцы. Публіка шчодрымі апладысментамі адорвала юных спевакоў і танцораў. А потым пачаліся гульні, забавы, конкурсы і чароўныя пераўвасабленні. У цудоўны астравок дзяцінства ператварылася ў той дзень памяшканне дзіцячага прытулка.
Вельмі кранальнай стала тая частка мерапрыемства, калі малыя разам з гасцямі і сваімі матулямі (а іх прыйшло на свята чатыры) сталі ў адзін круг, дзяліліся адзін з адным пажаданнямі. Гучала многа шчырых, цёплых слоў. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.Р.Карабань выказала пажаданне, каб кожны з малых вярнуўся дадому, каб у іх сем’ях жыла радасць, каб не знікала бацькоўскае цяпло. Як бы не клапаціліся пра іх у прытулку, але дзеці ўсё роўна хочуць вярнуцца ў сваю сям’ю, бо, як не старайся, а прытулак не заменіць родны дом. Пра гэта казала старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.В.Пашковіч. А галоўны спецыяліст сектара па абароне дзяцінства раённага аддзела адукацыі Т.М.Клімашэўская пажадала дзецям, каб лета-2011 стала для іх самым шчаслівым, радасным і вясёлым. Таццяна Мікалаеўна адзначыла, што галоўны прыярытэт нашай дзяржавы – клопат пра самых маленькіх грамадзян, а таму яны ніколі не застануцца без увагі і падтрымкі.
Напрыканцы свята госці дарылі малым ласункі, кнігі, цацкі. Таксама прынеслі падарункі для ўсіх выхаванцаў установы супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія ў сацыяльным прытулку – частыя госці. Дзеці частаваліся цукеркамі і шчыра дзяліліся сваімі ўражаннямі. А тыя “шчасліўчыкі”, да якіх у гэты дзень прыйшлі бацькі, не адыходзілі ад самых дарагіх ім людзей. Бо самы лепшы падарунак для дзяцей – любоў таты і мамы!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *