«Сафийские дары» наращивают темпы сева

Сельское хозяйство

Андрэй Яфрэмаў.

Раней, плануючы паездку да механізатараў пэўнай гаспадаркі, мы хаця б арыенціровачна маглі меркаваць, у які бок раёна накіруемся.

Сёлета ж, калі справа датычыцца, напрыклад, палявых работ “Сафійскіх дароў”, прадказаць напрамак паездкі практычна немагчыма: землі, якія апрацоўвае сельгаспрадпрыемства, раскіданы па самых розных кутках Ушачыны. Так, на працягу гэтага тыдня сафійцы шчыравалі і на сваіх – матырынскіх палетках, і ў наваколлі Жывалакі, і ля глыбачанскай Двор Усвеі, якая сёлета пашырыла іх “аграрную карту”.

А ў дзень, калі мы адправіліся да хлебаробаў, звяно сейбітаў шчыравала ля сарочынскага Забалацця. Планы ў “Сафійскіх дароў” традыцыйна самыя буйныя ў раёне – яравымі культурамі трэба заняць 2838 гектараў. І калі на пачатку пасяўной тэмпы работ тут былі сярэднія, то гэтымі днямі аграрыі гаспадаркі па працэнце засеяных плошчаў амаль дагналі лідараў – вялікадальчан. Зрэшты, гэта і нядзіўна, бо на палетках сафійцаў зараз працуюць тры пасяўныя агрэгаты, а на вясенне-палявых работах штодня занята 12 трактароў.

Ужо не першы сезон мы бачым на палях з сеялкай Андрэя Яфрэмава. Хоць і належыць ён да кагорты маладых, але выдатна сябе паказвае на любых працэсах, таму кіраўніцтва вез ваганняў давярае яму і гэты – напэўна, самы адказны. А для нас, журналістаў, Андрэй адметны сваім асаблівым дараваннем: з ім проста немагчыма зрабіць няўдалыя фотакадры, бо абаяльная ўсмешка гэтага хлопца расквеціць самы шэры палявы пейзаж. А што ўжо казаць пра сонечны красавіцкі!

Дырэктар любой гаспадаркі хацеў бы мець у штаце такога адказнага і руплівага працаўніка, як Міхаіл Ражноўскі. У гэтым сезоне вопытны сейбіт выводзіць на палеткі прадукцыйны комплекс Horsch і, безумоўна, робіць грунтоўны ўнёсак у стратэгічную справу.

А яшчэ адну сеялку зачапіў за сваю тэхніку Юрый Юркевіч (на здымку). Трохметровы агрэгат, які, здавалася, ужо сваё адпрацаваў, таленавітыя сафійскія майстры здолелі аднавіць і наладзіць ужо ў ходзе пасяўной. І было прыемна назіраць, як пад кіраваннем умелага камунгасаўца, які штогод прыходзіць на дапамогу аграрыям, кампактная сеялка спрытна бегае па дробнаконтурных участках.

“Сёлета сяўба распачалася не так рана, таму разумеем, што трэба максімальна выкарыстоўваць кожны дзень, каб укласціся ў спрыяльныя тэрміны”, – падзяліўся з намі Валерый Башун, які ў гэты раз быў заняты на падвозцы насення і чакаў на ўскрайку поля, пакуль апусцеюць бункеры. Гэты старанны і сціплы работнік на працягу доўгіх год узімку забяспечвае цяплом жыхароў Арэхаўна, а вясной змяняе кацельню на гарачыя палявыя будні.

У гаспадарцы традыцыйна дбаюць пра збожжавыя – на палетках ля Забалацця, напрыклад, будзе каласіцца пшаніца. На ўчарашнюю раніцу было засеяна 55 працэнтаў рапсавых участкаў – 105 гектараў з 192-х адведзеных пад яравыя крыжакветныя. Як ужо прыгадвалася, сёлета аграрыі Прыдзвіння асаблівую ўвагу акцэнтуюць на кармавых культурах – і сафійцы ўжо пасеялі 675 гектараў зернебабовых, істотна перавыканаўшы планавую лічбу, а таксама больш трэцяй часткі курурузы на зерне.

Работы наперадзе, канечне, шмат, але ў хлебаробаў гаспадаркі ёсць усе шансы занесці важнейшы стартавы адрэзак палявога сезона ў свой актыў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *