Весенний пал травы: опасность и ответственность

Профилактика и безопасность

У мінулым годзе з-за выпальвання сухой расліннасці ледзь не згарэлі Строкты – ад агню баранілі вёску не толькі выратавальнікі, а і тэхніка камунальнікаў, лясгаса, сельгаспрадпрыемства, а ў Любжыне ў двары ўласнага дома загінула пажылая жанчына, якая хацела патушыць агонь, што па сухой траве рухаўся да яе дома…

Пашкадуйце прыроду, зберажыце кашалёк!

Як бачым, за прыкладамі наступстваў палаў нават у суседнія раёны хадзіць не трэба. Аднак з году ў год усё паўтараецца. “Надзвычайныя сітуацыі развіваюцца па двух сцэнарыях: у першым выпадку людзі падчас навядзення парадку не разлічваюць свае сілы і не могуць потым справіцца з агнём, у другім – наўмысна кідаюць запалку дзе прыйдзецца, каб хутчэй стала расці новая трава”, – каменціруе І.В.Кошкін.

Тым часам, эколагі не стамляюцца нагадваць, што выпальванне не прыносіць карысці, як многія лічаць, не “прагравае” і не ўгнойвае глебу, бо мінеральныя элементы попелу раствараюцца і сыходзяць з водамі, не стымулюе рост новай травы апроч пырніку і тых відаў, што размнажаюцца не насеннем, а карэнішчам. Палы знішчаюць карысных насякомых, звяроў, птушак – у прыватнасці, кладкі крыжанкі, кнігаўкі, аўсянкі, жаўрука, лугавога канька, гнездавы перыяд якіх якраз пачынаецца ў красавіку. Пры спальванні травы паветра забруджваецца вуглякіслым газам, уздоўж дарог у яго разам з дымам трапляюць солі цяжкіх металаў. Пашкадуйце прыроду і зберажыце кашалёк: за выпальванне сухой расліннасці, іржышча на карані можна атрымаць штраф да 30 базавых велічынь”, – нагадвае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.А.Шук.

Палім смецце па правілах

Як адзначае інспектар сектара прапаганды райаддзела па надзвычайных сітуацыях Г.М.Ляшкова, спаліць смецце на сваім участку можна, але строга па правілах. Самае важнае – толькі ў бязветранае надвор’е і на бяспечнай адлегласці ад пабудоў – парыў ветру можа імгненна падхапіць полымя, іскры паляцяць на бліжэйшыя збудаванні. Ні ў якім разе нельга выкарыстоўваць гаручыя вадкасці. Паліць вецце, адходы неабходна пры абавязковай наяўнасці пярвічных сродкаў пажаратушэння (ёмістасць з вадой аб’ёмам не менш 10 літраў і рыдлёўка). Не пакідайце вогнішча без нагляду да поўнага спынення тлення. Варта адзначыць, што пры парушэнні правіл пажарнай бяспекі падчас спальвання смецця на ўчастку можна атрымаць штраф да 5 базавых велічынь. Калі ж іх ігнараванне прывядзе да пажару, гаворка пойдзе пра больш унушальныя лічбы.

Лес баіцца агню

У рэжым павышанай гатоўнасці перайшлі зараз не толькі выратавальнікі, а і работнікі лясгаса. Кожны год ім даводзіцца бараніць лес ад агню, які бяжыць па сухой траве з палёў, абочын дарог. У зонах масавага адпачынку абсталёўваюцца спецыяльныя месцы для развядзення вогнішчаў, робяцца мінералізаваныя палосы ў лясных масівах, вядзецца відэаназіранне за лесам з вышак. Дарэчы, на мінулым тыдні лясгасаўцы на практыцы адпрацавалі навыкі выяўлення і тушэння пажараў падчас агляду гатоўнасці лесапажарных брыгад. Мерапрыемства прайшло ў фармаце семінару і пераймаць вопыт ва Ушачы прыязджалі спецыялісты ўсіх лясгасаў вобласці (на здымку).

“Просім грамадзян быць уважлівымі і асцярожнымі з агнём, не кідаць падпаленыя запалкі і акуркі, не разводзіць вогнішча ў лясных масівах, на тарфяніках і ў месцах з падсохлай травой, не выпальваць сухую расліннасць на палянах, не пакідаць у лесе прамаслены або прамочаны гаручымі рэчывамі матэрыял, бутэлькі або шкло – яны здольныя спрацаваць як запальныя лінзы”, – гаворыць інжынер па ахове і абароне лесу Ушацкага лясгаса І.С.Шугалей. – За парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках, якія не нанеслі ўрону, можна паплаціцца штрафам у памеры да 12 базавых велічынь. Калі ж з-за пажару па вашай віне адбылося знішчэнне або пашкоджанне лесу – да 30 плюс урон, нанесены прыродзе.

* * *

Днямі ад знаёмых давялося пачуць: “Ведаем, што нельга паліць сухую траву, але так хочацца хутчэй яе спаліць, каб было прыгажэй”. Ганіце ад сябе падобныя думкі, не паспееце азірнуцца, як трава зазелянее і без запалкі. А чорныя палі ды ўзгоркі, абочыны дакладана не дабавяць прыгажосці нашым населеным пунктам.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *