В лесах Ушачского района введён третий класс пожароопасности

Cлужба-101

У лясах Ушацкага раёна ў цяперашні момант уведзены трэці клас (па пяцібальнай шкале) пажарнай бяспекі. У сувязі са спякотным надвор’ем дзяржаўная лясная ахова ДЛГУ “Ушацкі лясгас” зараз працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Вядзецца назіранне з пажарных вышак, на адной з іх – відэаназіранне, супрацоўнікамі лясной аховы, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ажыццяўляюцца рэйды.
Згодна “Правіл пажарнай бяспекі ў лясах Рэспублікі Беларусь”, у пажаранебяспечны перыяд забараняецца разводзіць вогнішчы ў хвойных лясах і маладых насаджэннях, на ўчастках буралому, тарфяніках і месцах з падсохлай травой. У той жа час дапускаецца развядзенне вогнішчаў з выкарыстаннем мангалаў, барбекю, грыляў на спецыяльна абсталяваных пляцоўках. Рабіць гэта ў такую спякоту трэба з вялізнай асцярожнасцю: знайсці найбольш адкрытае месца, абкапаць вогнішча, зняць верхні пласт глебы, пераканацца, што пад вашымі нагамі – не тарфянік, і, вядома ж, адыходзячы, заліць агонь вадой. За парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі вас могуць прыцягнуць да адказнасці, наклаўшы штраф да 50 базавых велічынь. Дарэчы, аб тым, што людзі, якія адпачываюць у нашых мясцінах, у большасці сваёй свядомыя, гаворыць той факт, што мінулым летам у раёне не было буйных лясных пажараў.
З пачатку пажаранебяспечнага перыяду дзяржаўнай лясной аховай было складзена 5 пратаколаў за парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках. Па прагнозах сіноптыкаў, наперадзе спякотнае лета, а таму з разуменнем аднясіцеся да прымаемых мер па папярэджанні лясных пажараў і абавязкова выконвайце прыведзеныя вышэй правілы.
В.СЕЛЕЗЕНЬ,
інжынер па ахове і абароне лесу ДЛГУ “Ушацкі лясгас”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *