Согреться и не сгореть. В Беларуси с начала года произошло более трёхсот пожаров

Cлужба-101

За два тыдні новага года ў Беларусі зарэгістравана 316 пажараў, за аналагічны перыяд мінулага іх было значна менш – 226. Сёлета ахвярамі пажараў сталі ўжо 66 чалавек, з іх двое дзяцей. Летась загінуўшых было 33 і дзяцей сярод іх не было.

У першыя дні года прыйшлі і сумныя звесткі з аператыўных зводак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Першы пажар у краіне быў зарэгістраваны ўжо праз 10 хвілін пасля бою курантаў. У Стаўбцоўскім раёне дом гарэў адкрытым полымем, выратаваць гаспадыню-пенсіянерку і яе сына не ўдалося. У ноч на 4 студзеня трагедыя адбылася ў вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна, дзе ў агні загінулі  хлопчык і дзяўчынка 2012 і 2006 гадоў нараджэння, а таксама жанчына 1978 года нараджэння. Яшчэ адно дзіця ўдалося выратаваць, але дзяўчынка атрымала вельмі моцныя апёкі і знаходзіцца ў рэанімацыі. У гэты ж дзень у Гарадоцкім раёне гарэў жылы дом, на шчасце, гаспадар змог своечасова выбрацца з памяшкання і не пацярпеў. Дом моцна пашкоджаны агнём, верагоднай жа прычынай з’яўляецца парушэнне правіл эксплуатацыі печы. У бальніцу ў Столінскім раёне 5 студзеня трапіла ўся сям’я – двое малышоў і трое дарослых атруціліся ўгарным газам. Папярэдняя прычына – раней часу закрытая заслонка дымавога канала печы.

Моцныя маразы ў спалучэнні са святамі, якія расслабілі людзей, паўплывалі на абстаноўку з пажарамі ў краіне. На Віцебшчыне з пачатку года адбылося ўжо 46 пажараў, якія забралі жыцці 10 чалавек. На Ушаччыне адбыўся адзін пажар, у выніку якога пашкоджаны агнём дом у вёсцы Краснае Глыбачанскага сельсавета.

Нават самым пільным і адказным гаспадарам не варта расслабляцца, не забывайце аб правілах бяспекі.

Абсалютная большасць пажараў адбываецца ў прыватных дамах, памятайце, што печ можа прынесці не толькі цяпло, але і бяду. Ушацкія выратавальнікі ў чарговы раз нагадваюць асноўныя правілы: не пакідайце без нагляду печы і каміны, якія топяцца, і тым больш не даручайце сачыць за гэтым малалетнім дзецям. Не кладзіце паліва, гаручыя матэрыялы на перадтопачным лісце і каля самой печы, не прымяняйце для распальвання лёгкаўзгаральныя рэчывы, не распальвайце дровы, якія па сваёй даўжыні не ўлазяць у печ. Яшчэ адно важнае правіла – не перагравайце печы: рэкамендуецца іх тапіць не больш 2-3 разоў за дзень па 1-1,5 гадзіны. Вытапіць печ трэба паспець за тры гадзіны да сну. І, канечне, трэба пастаянна сачыць за станам любога ацяпляльнага прыбора. Каб пазбегнуць шчылін у кладцы, перыядычна ачышчайце дымаход ад сажы, абавязкова правярайце, ці ёсць цяга ў дымаходзе.

Для прафілактычнай работы, папярэджання пажараў і гібелі людзей на іх раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізаваны рэйды па праверцы стану жылых памяшканняў грамадзян пажылога ўзросту. У некаторых абследаваных домаўладаннях  былі выяўлены недахопы ў эксплуатацыі пячнога ацяплення, а таксама грамадзяне, якія маюць патрэбу ў дадатковай сацыяльнай абароне.

Беражыце сябе і выконвайце правілы пажарнай бяспекі!

Вольга КАМАРКОВА.

Па пытаннях рамонту пячнога ацяплення можна звяртацца ва УП ЖКГ. Заяўку можна зрабіць па тэлефоне 2­03­20 (Ніна Мікалаеўна Маковіч). А вось калі вам трэба адрамантаваць праводку, можна звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання (тэл. 2­99­73) ці да індывідуальнага прадпрымальніка Дзмітрыя Міхайлавіча Зелянко (тэл. 2­-98-­32, (8029)­101­-55­50, 715­-41-­39).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *