Торжественно и трогательно прошел выпускной вечер в детской школе искусств

Образование и молодежь

45 навучэнцаў атрымалі днямі пасведчанні аб заканчэнні Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў.

Самы вялікі выпуск – 15 чалавек – сёлета ў аддзяленні, дзе займаліся юныя мастакі, што падкрэсліваў і вялізны букет руж у руках педагога Айгуль Смык. А Насця Лёля апроч атэстата атрымала і грамату за выдатную вучобу. З гонарам і шкадаваннем выпускала сваіх “першых скрыпак” Паліну Аўласенку, Насцю Клачок, Ксюшу Барысёнак і Аню Ключонак загадчык харавога аддзялення Ж.В.Савіцкая. Зрэшты, дзяўчаты не развітваюцца з любімым хорам і паедуць на абласны конкурс у Браслаў. А М.А.Грынберг спадзяецца, што па-ранейшаму будзе бачыць на рэпетыцыях аркестра выпускнікоў аддзялення народных інструментаў Анастасію Хвошч, Данілу Юрэвіча, Івана Шайтара, Аксану Алхімаву. Насця, прынамсі, мяркуе на наступны год паступаць у музычны каледж.

Здаецца, зусім нядаўна гледачы канцэртаў сустракалі авацыямі хітовы нумар “Музыка нас звязала” пяцёркі вакалістак эстраднага аддзялення Надзі і Паліны Раманоўскіх, Насці Ларчанкі, Ульяны Міхаль і Паліны Салаўёвай – а сёлета гэты квінтэт пакідае школу. Апошняя выйшла на сцэну і падчас прэзентацыі фартэпіяннага аддзялення: яна, а таксама Мікіта Зільберт, Віка Сіротка і Даша Бабенка за поспехі адзначаны граматамі.

Усе дзеці былі актыўна задзейнічаны ў вялікім канцэрце, дзе прысутнічалі не толькі музычныя нумары, а і цікавы канферанс, гумарыстычныя мініяцюры, экспрэс-інтэрвью з дырэктарам установы Н.В.Івановай, якая падкрэсліла, што нават калі не ўсе выпускнікі будуць далей развівацца ў мастацтве, у жыцці творчыя навыкі дакладна не будуць лішнімі.

Узнімаліся на сцэну і бацькі, каб прывітаць усіх педагогаў. Так, Наталія Дрозд, дачка якой Аня з захапленнем вучылася іграць на гітары, асабліва дзякавала настаўнікам аддзялення народных інструментаў, Марыя Аўласенка і Лілія Міцкевіч не шкадавалі кампліментаў у адрас тых, хто навучаў харавікоў і мастакоў. Сваю порцыю слоў удзячнасці атрымалі і педагогі, якія дапамагалі дзецям асвоіць фартэпіяна, – як тыя, што выйшлі ў гэты дзень на сцэну, так і В.Э.Кароткая, якая не змагла быць побач са сваімі калегамі і вучнямі.

Шчымлівымі момантамі імпрэзы сталі агульная развітальная песня і прыгожы флэшмоб на пляцоўцы перад школай. І нават пасля салодкага стала дзеці, якія за гэты час моцна здружыліся, не спяшаліся разыходзіцца па дамах – быццам хацелі, каб як мага даўжэй працягнуўся іх апошні вучэбны дзень у “музыкалцы”…

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *