В Ушачском районе впервые прошел слет православной молодежи

Образование и молодежь

Першы злёт праваслаўнай моладзі раёна, што адбыўся на мінулым тыдні, атрымаў мілагучную назву “Ушацкая сябрына”. І будзе склікаць аднадумцаў і ў наступныя гады, паколькі больш 30 дзяўчат і юнакоў у канцы насычанага дня “прагаласавалі” дружным воклікам за яго прадаўжэнне.

Што так яно і будзе, можна меркаваць нават па зборы першага, пробнага мерапрыемства. Акрамя пастаянных наведвальнікаў нядзельнай школы прыхода святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры былі дзеці, якія раней, мабыць, увогуле не наведвалі храмаў. Але калі ў спецыяльнай групе “Праваслаўная моладзь” убачылі запрашэнне на фэст, пацвердзілі свой удзел. Некаторыя, як Саша Рубіс, паклікалі сваіх сяброў, далучыліся і прадстаўнікі прымаючага боку – кублічане. Так і назбіралася шэсць каманд, якія пасля службы і агульнай трапезы ўдзельнічалі ў квесце па 10 тэматычных станцыях.

Спачатку падалося, што кожны займаецца, чым хоча. Адны ў турыстычнай форме праходзілі па бервяну, другія сядзелі над картачкамі, трэція насілі сучча. Аказалася, што нікім некіруемая моладзь дзейнічае дакладна па адпрацаваным маршруце. Прычым, якое заданне чакае іх наперадзе, даведваліся толькі пасля праходжання папярэдняга, скінуўшы фотапацвярджэнне на спецыяльна створаную групу ў сетках. Сучасныя тэхналогіі ўкараніў лідар маладзёжнай праваслаўнай суполкі Акім Дзямешка, стварыўшы нават QR-код. Такім чынам кожная з каманд праз гульню знаёмілася з сэнсам урыўкаў са свяшчэннага пісання, гісторыяй праваслаўных храмаў Ушаччыны, займалася карыснымі справамі – спасцігала на справе сэнс духоўнасці.

Дарэчы, праходзіў злёт у аграгарадку Кублічы ў дзень святых апосталаў Пятра і Паўла, чыё імя носіць мясцовы храм. Убачылі ўдзельнікі і падмурак велічнай старадаўняй царквы, прапалолі закладзены ля яго кляновы сквер, дапамаглі мясцовым жыхарам у зборы каларадскага жука, прыбралі тэрыторыю ля былой Кубліцкай школы. А выходзячы з дома інваліда вайны Клаўдзіі Іванаўны Сазонавай, дзяўчынкі плакалі – настолькі блізка да сэрца ўспрынялі аповед жанчыны. Маленькай яна бегла хавацца ў мураваны будынак царквы, але не паспела – куля трапіла ў нагу, назаўсёды перакрэсліўшы лёс. Расказ атрымаўся настолькі ў тэму, хоць нікім не планаваўся – дзеці проста прынеслі жанчыне падарунак – прадуктовы набор. Так жа арганічна праходзілі ўсе маршруты дасканала прадуманага квесту.

Доўга, творча, скрупулёзна рыхтаваліся да падзеі члены прыходскага савета на чале з яго настаяцелем, благачынным Ушацкай праваслаўнай акругі іерэем Аляксандрам Таляронкам, які, дарэчы, любіць моладзь і ўмее знайсці з ёй агульную мову. Асноўныя арганізатары Ганна Пашкова і Ірына Коршун запрасілі да ўдзелу настаўніка Ільюшынскай школы Дзмітрыя Дразда, які прыехаў з экіпіроўкай і стварыў цікавую турыстычную дыстанцыю. Не адзін дзень аддала Марыя Правада, каб гістарычныя заданні квесту атрымаліся цікавымі і карыснымі. Малітва нямая без добрых спраў, гэта непадзельная частка духоўнасці, як і наведванне царквы, таямніцы споведзі, прычасця.

Арганізатары злёту вельмі ўдзячны за дапамогу старшыні Кубліцкага сельвыканкама Марыі Васільеўне Ярмош, загадчыцы СДК Святлане Аркадзьеўне Лабёнак, бібліятэкару Таццяне Мікалаеўне Коршун, Дзмітрыю Пятровічу Дразду, ураджэнцу аграгарадка Генадзю Пятровічу Савіцкаму і ўсім кублічанам, што прысутнічалі на свяце.

Увечары ж шмат кублічан сабралася на падрыхтаваны моладдзю канцэрт. Многія з іх, як культработнік Таццяна Касцючэнка пільна ўглядаліся ў твары дзяцей – былому настаўніку было цікава, якая яна – праваслаўная моладзь. Аказалася – звычайная, нават з ружовымі валасамі і ў джынсах з “дзіркамі”, толькі вось сэнс духоўнасці ведаюць не на словах, ды да строгіх свяшчэннікаў па-іншаму сталі ставіцца – за развітальным вогнішчам познім вечарам айцец Аляксандр узяў у рукі гітару.

А на паездку на злёт праваслаўнай моладзі Докшыцкага раёна, дарэчы, адразу запісалася 30 чалавек. Гэта значыць – мерапрыемства спадабалася.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *