Земельное законодательство, благоустройство, электроотопление. Владимир Андрейченко провел прием граждан в Ушачском районе

Общество

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка правёў чарговы прыём грамадзян ва Ушачах. Магчымасцю задаць пытанні нашаму дэпутату скарысталіся 5 чалавек, якіх цікавілі нюансы зямельнага заканадаўства, электраацяплення і добраўпарадкавання.

Ураджэнец вёскі Белае набыў участак з аўкцыёна. Акрамя ўласнай сядзібы пачаў упарадкоўваць і прыстань на беразе возера. Аднак яму было ўказана на незаконнасць такіх дзеянняў, з чым аказаўся нязгодны. Мужчыну растлумачылі, што перш чым абсталёўваць грамадскае месца адпачынку, трэба звярнуцца ў сельвыканкам і атрымаць адпаведны дазвол. “Справа гэта добрая і наадварот вітаецца, калі людзі з энтузіязмам бяруцца за добраўпарадкаванне не толькі ў межах свайго ўчастка, але трэба жыць па законе і прытрымлівацца ўстаноўленых патрабаванняў”, – падкрэсліў Уладзімір Паўлавіч і даручыў сельвыканкаму разгледзець зварот грамадзяніна ва ўстаноўленыя тэрміны.

Пажылая жыхарка гарпасёлка хоча падключыць у сваім доме электраацяпленне, але звярнуўшыся ў раён электрасетак, атрымала адказ – магутнасцяў дзеючай лініі па вуліцы Ленінскай для гэтай мэты ўжо не хапае, таму адмоўлена было яшчэ некалькім жыхарам названага мікрараёна. Жанчына прасіла пасадзейнічаць у вырашэнні праблемы шляхам абсталявання новай лініі, але атрымала несуцяшальны адказ: па вуліцы ў 15 метрах ад яе дома праходзіць газаправод, і ў такіх выпадках па законе не прадугледжана абсталяванне новых электрасетак для мэт ацяплення. Заяўніцы прапанавана ўключыцца ў створаны кааператыў і падвесці газ – з гэтым праблем не ўзнікне.

Жыхар Дворыцы Мікалай Букас (на здымку) не згодны з устаноўленымі нормамі водпуску дроў і звадкаванага газу ў балонах. “Зараз пачнецца сезон нарыхтовак, і газ хутка расходуецца, гэтак жа і з дровамі. Ці можна ўнесці прапанову аб павелічэнні норм?” – пытаўся мужчына. Яму патлумачылі, што на аднаго зарэгістраванага ў доме прадугледжана да 5 балонаў у год па субсідзіруемым кошце – 22 рублі. Пры гэтым поўны кошт 50-літровага – 55 рублёў, як бачым, грамадзяне аплачваюць нават менш паловы гэтай сумы, а розніца кампенсуецца за бюджэтныя сродкі, таму перагляд норм водпуску на газ, а таксама дровы не плануецца. Мужчыну параілі зарэгістраваць у доме і жонку, тады норма водпуску па льготнай цане адпаведна павялічыцца.

Наш дэпутат заўсёды дэтальна ўнікае ў сутнасць кожнага пытання, часам нават яшчэ на стадыі папярэдняга запісу, і стараецца дапамагчы ў рамках дзеючага заканадаўства. А таму кожны раз на прыём прыходзяць не толькі ўшачане. Напрыклад, у гэты раз да Уладзіміра Паўлавіча прыехала жыхарка Мінскага раёна, якую хвалявалі пытанні зямельнага заканадаўства і атрымання крэдыту на будаўніцтва. Зварот жанчыны будзе вывучаны і па магчымасці прыняты меры рэагавання.

А вось Алена Маслюк прыйшла на прыём не з просьбай, а з удзячнасцю ад імя жыхароў аграгарадка Глыбачка за дапамогу ў рашэнні пытання перадачы сетак каналізацыі ад КУСГП “Глыбачаны” на абслугоўванне УП “Полацкводаканал”. Раней глыбачанцы звярталіся да дэпутата па гэтай тэме.

– На першы погляд, пытанні, з якімі прыходзяць грамадзяне на асабістыя прыёмы, здаюцца дробнымі, але для людзей яны маюць вялікае значэнне, – падкрэсліў у размове з журналістамі У.П.Андрэйчанка. – Важна не толькі выслухаць чалавека і разгледзець пытанне, з якім ён прыйшоў, але і паспрыяць яго вырашэнню.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *