Ямочный ремонт в Ушачах: комментарий заместителя председателя Ушачского райисполкома Дмитрия Тимофеева

Общество

“Як у нас па Ушачы робіцца ямкавы рамонт? Раніцай залаталі – пасля абеду і следу не засталося – машыны ўсё коламі расцягнулі. Не скажу, па сталіцы на ўскрайках таксама сітуацыя не лепшая, але ж цэнтр трымаецца. А ў нас і па Ленінскай, Савецкай, Кастрычніцкай не праехаць. Не выразаюць асфальт, не трамбуюць як след ці наогул не трамбуюць. Але так не павінна быць. Навошта рамантаваць на паўдня?” Такім была сутнасць звароту ў рэдакцыю Уладзіміра Румынскага. І не толькі ён абураўся якасцю ямкавага рамонту, тэлефанаванне да нас паступіла не адно.

Два тыдні таму становішча сапраўды было такім. На наступны дзень пасля таго, як латалі выбоіны работнікі камунгаса, толькі дзе-нідзе аб гэтым заставаўся след. Пракаменціраваць сітуацыю мы папрасілі намесніка дырэктара УП ЖКГ Вольгу Віктараўну Шчэрбік:

– Стары асфальт сапраўды не выразалі, паколькі быў зламаны трактар, які працуе з фразой. Аднак асноўная прычына нетрымання сумесі ў тым, што рамонт праводзіўся ў сырое надвор’е, хоць агнём і вялася прасушка ям. Чакаць, пакуль падсохне, было нельга, бо вялікія калдобіны, схаваныя ў вадзе, уяўляюць небяспеку для праезду. Зараз тэхналогія вытрымліваецца: асфальт выразаецца, ямы прасушваюцца, сумесь трамбуецца.

Дарожнае пытанне на пастаянным кантролі і ў кіраўніцтва райвыканкама, патлумачыў сітуацыю намеснік старшыні Дзмітрый Пятровіч Цімафееў, які курыруе галіну:

– Сітуацыя нам вядомая, паколькі дарожная сфера не спецыфічная для дзейнасці УП ЖКГ, неаднойчы выязджалі на месца работ, высвятлялі прычыну нізкай якасці і дабіваліся захавання тэхналогіі. Так, палатно было перанасычана вільгаццю, адсутнічала фраза, існавалі праблемы з работай рэцыклера, аднак і сама тэхналогія ямкавага рамонту пасля раставання снегу ў лютым, сакавіку – толькі вымушаная мера. Халодная сумесь, якая разаграваецца і закладаецца ў ямы – па сутнасці – часовая пломба, якая прызначана для закрыцця вялікіх выбоін, каб потым замяніць яе на пастаянную – асфальт. Зразумела, што і першая павінна стаяць пэўны час. Колькі? Такое пытанне задавалі мы і спецыялістам тэхнагляду. Аказваецца, на такі матэрыял няма гарантыйнага тэрміну. Чакаем запуску вытворчасці эмульсіі, з ёй счэпка старога асфальту і новага (у далейшым ямкавы рамонт будзе рабіцца ім) намнога лепшая. Хаця і на магістралях, дзе дарожнікі робяць рамонт з захаваннем тэхналогіі, такі асфальт не трымаецца доўга – яго выразка і замена – гэта не суцэльная ўкладка, і з часам выбоіны з’яўляюцца побач ці на тым жа месцы.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *