Профсоюзы продолжают мониторинги цен на социально-значимые товары

Общество

Прафсаюзы па ўсёй краіне прадаўжаюць маніторынгі цэн на сацыяльна-значныя тавары. Пастаянна праводзіцца такая работа і ва Ушацкім раёне. Для аналізу абраны дзве гандлёвыя кропкі, якія карыстаюцца папулярнасцю ва ўшачан – “Еўраопт” і “Капеечка”.

– На кантролі тое, што часцей за ўсё пакупнік кладзе сабе ў кошык: тавары мясной і малочнай груп, хлебабулачныя вырабы, пладоваагароднінная прадукцыя, бакалея, – адзначае старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка. – Раз у месяц адпраўляюся на маніторынг, фіксую цэны на тавары, параўноўваючы з папярэднімі месяцамі, уся інфармацыя затым адпраўляецца ў Федэрацыю прафсаюзаў. Трэба адзначыць, што пасля падпісання Прэзідэнтам краіны Дырэктывы №10 “Аб недапушчальнасці росту цэн” павышэння не зафіксавана. У параўнанні з пачаткам года зараз наадварот кошт на некаторыя тавары знізіўся, напрыклад, танней стаў алей, усе віды агародніны. Дарэчы, увага звяртаецца не толькі на кошт, а і ў цэлым на асартымент, насычанасць таварамі магазінных паліц.
Паведаміць пра рост цэн на прадукты і лекі можна анлайн на сайце Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 1prof.by праз спецыяльную анкету (яна ананімная, рэгістрацыя не патрабуецца). Спецыялісты правераць інфармацыю і высветляць прычыны і законнасць росту цэн.

Юрый Дзеркач, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў, член Савета Рэспублікі:
“Цэны – адна з самых актуальных тэм у грамадстве, якая датычыцца кожнага. Лічу, што вельмі важна задаволіць патрэбы людзей у якасных і даступных па кошце прадуктах. Маніторынгам прафсаюзы займаюцца з 2017 года, таму ўсю методыку рэйдаў нашы супрацоўнікі ведаюць дасканала. На мінулым тыдні асабіста правёў маніторынг у гандлёвых кропках на Смаленскім рынку ў Віцебску. Аб’ект мае дастаткова магчымасцяў для рэалізацыі любога прадукту, а пакупнік – доступ да тавараў. Выдатна, што на рынку гандлююць прадукцыяй не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі, а і фермерскія гаспадаркі, фізічныя асобы, якія рэалізуюць лішкі вырашчаных агародніны, садавіны і ягад. Разнастайнасць тавараў прыемна здзівіла, а кошт айчынных прадуктаў даступны насельніцтву”.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *