В Витебске открылась первая в стране областная Аллея единства

Общество

Наша краіна рыхтуецца адзначыць Дзень народнага адзінства. У гонар самага маладога свята ўжо прайшло нямала знакавых мерапрыемстваў. У пачатку гэтага тыдня Віцебшчына далучылася да рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Сімвал адзінства-2023”.

У панядзелак у Віцебску адкрылася першая ў краіне абласная Алея адзінства, якая размясцілася на пляцоўцы культурна-спартыўнага комплексу Летняга амфітэатра: на флагштоках у цэнтры горада цяпер горда лунаюць сцягі раёнаў Віцебшчыны. Урачыстае мерапрыемства прайшло ў рамках маштабнай рэспубліканскай акцыі “Сімвал адзінства-2023”, арганізаванай грамадскім аб’яднаннем “Патрыёты Беларусі”. Кожны год яна не абмяжоўваецца аўтапрабегамі па краіне: у 2021-м арганізатары збіралі ў рэгіёнах мяшочкі з зернем, з якога быў спечаны агульны вялікі каравай. Летась з усіх 118 раёнаў рэспублікі “Патрыёты Беларусі” прывезлі сімвалічныя шасцяронкі, і ў Мінску быў устаноўлены гадзіннік у выглядзе карты. Сёлета нарадзілася новая сімвалічная ідэя: у сталіцы да Дня народнага адзінства насупраць Нацыянальнай бібліятэкі з’явіцца алея сцягаў, дзе будуць прадстаўлены сімвалы ўсіх раёнаў, абласцей і гарадоў абласнога падпарадкавання краіны. Узначаліць алею Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. 152 палотнішчы будуць замацаваны на флагштоках вышынёй у некалькі метраў, на якіх размесцяць спецыяльны QR-код: адсканіраваўшы яго, можна ўбачыць інфармацыю пра рэгіён і яго славутасці.

“Наша акцыя заўсёды праходзіць маштабна і прыгожа, мэта сёлета – аб’яднаць беларусаў пад адным з галоўных нацыянальных сімвалаў – сцягам. Віцебшчына стала чацвёртай вобласцю, якую мы наведалі, аднак рэгіён стаў першым, дзе стварылі сваю абласную алею раённых сцягаў. Аўтапрабегі, ініцыяваныя грамадскім аб’яднаннем, выклікаюць вялікую цікавасць і сталі свайго роду класікай”, – адзначыў старшыня РГА “Патрыёты Беларусі” Мікалай Зарубіцкі.

На ўрачыстую перадачу сцягаў у абласны цэнтр з’ехаліся прадстаўнікі ўсіх раёнаў Віцебшчыны, ушацкую дэлегацыю ўзначаліў кіраўнік раёна С.С.Садоўскі. Сімвалы сваіх рэгіёнаў “Патрыётам Беларусі” перадалі старшыні райвыканкамаў.

“Мерапрыемства праходзіць напярэдадні свята, якое ўвасабляе пераемнасць пакаленняў беларусаў і дачыненне кожнага з нас да лёсу сваёй Радзімы. Сёння, як ніколі, важная кансалідацыя грамадства, бо ідэі міру і стварэння мацнеюць толькі ў канкрэтных агульных справах”, – зазначыў старшыня аблвыканкама А.М.Субоцін.

Як добра, што мы жывём пад мірным небам у незалежнай краіне – думаў і гаварыў кожны з удзельнікаў мерапрыемства і на мемарыяльным комплексе “5-ы полк”. У гады Вялікай Айчыннай тут размяшчаўся канцэнтрацыйны лагер, у ім загінула не менш 80 тысяч чалавек… Усклаўшы кветкі, “Патрыёты Беларусі” і дэлегацыі раёнаў прыгожай калонай праехалі па вуліцах Віцебска. А завяршыў акцыю “Сімвал адзінства” патрыятычны флэшмоб – усе ўдзельнікі аб’ядналіся ў вялікае сэрца вакол сцяга Рэспублікі Беларусь.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *