На мінулым тыдні пад кіраўніцтвам начальніка камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама Андрэя Галяковіча прайшоў штаб па ўзвядзенні ва Ушачах 40-кватэрнага жылога дома.
Увага абласнога кіраўніцтва да звычайнага, здавалася б, дома абумоўлена шэрагам асаблівасцяў. Першы ў райцэнтры з ліфтам і далёка не першы панэльны, менавіта апошняй характарыстыкай ён вылучае агульную для вобласці тэндэнцыю ў цяперашнім будаўніцтве шматпавярховак. Не толькі ў Шумілінскай ПМК, якая з’яўляецца генеральным падрадчыкам, не хапае тынкоўшчыкаў, але і ва ўсіх астатніх на Віцебшчыне. Гэта адна з прычын адмовы ад цагляных дамоў, якімі былі ўсе папярэднія ў мікрараёне Віцебскай. А таксама хуткасць пры ўзвядзенні і эканамічнасць панэльных.
У новым доме будзе толькі тры сацыяльныя кватэры, а ўсе астатнія арэндныя.
Здавалася б, куды прасцей складаць “каробку” з гатовых жалезабетонных канструкцый. Аднак і гэты працэс тоіць нямала падводных камянёў. Па-першае, іх голымі рукамі не возьмеш – патрэбны магутныя краны, а паколькі на панэлі перайшлі паўсюдна, іх не хапае. І абмяркоўваліся варыянты набыцця, арэнды, манеўранасць брыгад, каб перасоўныя калоны вобласці не адышлі ад вызначаных тэрмінаў здачы. Шумілінская ПМК арэндавала кран у адной з мінскіх фірм, уласны ёсць у Браслаўскай… – і давядзецца падзяляць паміж “узброенымі” прадпрыемствамі ўсе раёны вобласці, каб не было прастояў. А яшчэ адна праблема ў тым, што многія будаўнікі даўно не сутыкаліся з панэльнай тэхналогіяй, якая таксама мае шэраг асаблівасцяў. Вось і спецыялісты ПМК №70, што не першы год працуюць ва Ушачах, пераймалі вопыт у калег з Наваполацка.
А.Галяковіч упершыню прысутнічаў на малой радзіме на новай пасадзе. Андрэй Вітальевіч узначаліў будаўнічую галіну вобласці ў канцы чэрвеня.
Хаця здача дома намечана на снежань, каробку даручана вывесці намнога раней. І хоць на мінулым тыдні будаўнікоў толькі віншавалі з пачынам, тым не менш планіроўка дома ўжо праглядаецца, у прыватнасці, бачны пад’езд – адзіны на ўсе сорак кватэр. Спраектаваны ён так невыпадкова, бо ліфт – абавязковае патрабаванне для будаўніцтва жылля з пазамінулага года – задавальненне дарагое. Тым не менш сабекошт запатрабаваных двух- і аднапакаёвак не намнога даражэйшы, чым у папярэднім доме, у прыватнасці, і з-за панэляў.
Будучыня хуткага ўзвядзення дамоў менавіта за панэльным будаўніцтвам. Пад Мінскам запусцілі вытворчасць, дзе могуць ствараць модулі нават з гатовымі фасадам і вокнамі, а ў перспектыве – і з чыставым аздабленнем пакояў.
На будоўлі задзейнічаны і ўшацкія будаўнікі, якія ўваходзяць у склад Шумілінскай ПМК. Вельмі зацікаўлены не толькі на прадпрыемстве, а і наогул у вобласці ў захаванні і нашай брыгады цесляроў. Пры неабходнасці запускаецца і цэх па вырабе бетону, заказаць які, як і раней, могуць і прыватныя жыхары.
Вольга Караленка.