Апошнія дні вясны многія лічаць найлепшым момантам года: шчодрае сонейка, сакавітая квецень, а наперадзе цэлае лета… А як чакаюць гэтага часу школьнікі! І нарэшце, вось яна: тая самая раніца, калі апранаеш выгладжаны святочны ўбор, а замест цяжкага ранца нясеш у школу букет.
Менавіта з падобнымі пачуццямі спяшаліся ў гэту суботу на святочныя лінейкі 1164 вучні нашага раёна. Прынамсі, у часткі з іх узнёслыя эмоцыі падфарбоўвалі ноткі хвалявання і суму: 63 адзінаццацікласнікі сёлета развітаюцца са школай, зробяць крок у самастойнае жыццё і многія са 123-х выпускнікоў 9-х класаў.
Не будзе перабольшваннем, калі скажам, што ў цёплай і сямейнай абстаноўцы прайшла ўрачыстая лінейка ў Вялікадолецкай школе. Вучні і настаўнікі, бацькі і вяскоўцы дружна сабраліся на імпрэзу, каб раздзяліць з выпускнікамі знакавы момант. Павіншаваў з заканчэннем навучальнага года школьнікаў кіраўнік раёна Сяргей Сяргеевіч Садоўскі. Ён выканаў і прыемную місію, уручыўшы за добрасумленную працу і творчы падыход у рабоце Ліст падзякі педагогу-арганізатару Алене Карпёнак, а таксама Дыплом прызёра трэцяй ступені абласной патрыятычнай акцыі-конкурсу “Дарогамі Перамогі” вучню Мікіту Белякову. А дырэктар Ушацкага лясгаса перадаў установе спартыўны інвентар, які хутка спатрэбіцца наведвальнікам летняга лагера.
Але больш увагі, канечне ж, дасталася шасці адзінаццацікласнікам. Прыкметна хваляваліся не толькі яны, а і іх бацькі. Напрыклад, для Наталлі Уладзіміраўны Сямяхінай гэта ўжо трэці апошні званок і выпускны ў сям’і, але з не меншым хваляваннем яна давала наказ дачцэ Жэні і яе аднакласнікам.
– Гэта маё пятае “пакаленне”, і я шчаслівы, што ўсю сваю педагагічную дзейнасць з’яўляюся класным кіраўніком. Мае выпускнікі цудоўныя, упэўнены, што ў іх усё атрымаецца! Зараз пойдзем на апошнюю нашу класную гадзіну, – не стрымліваў пачуццяў Мікалай Уладзіміравіч Аніскевіч.
Але перад тым, як адправіцца ў клас, выпускнікі прыпаднеслі кветкі кожнаму настаўніку і падарунак школе – туі, якія высадзілі разам з ганаровымі гасцямі і кіраўніцтвам установы.
У Арэхаўскай сярэдняй школе праводзілі ў самастойнае жыццё таксама 6 выпускнікоў 11 класа, а праграму 9-га завяршаюць 8. На пляцоўцы ля ўстановы гэтым юнакам і дзяўчатам былі адведзены лепшыя месцы, каб усе прысутныя мелі магчымасць разгледзець іх – прыгожых, прыбраных, праўда, крыху разгубленых на старце экзаменацыйнай кампаніі і новага этапу жыцця. Ганарыліся сваімі вучнямі класныя кіраўнікі Яўгенія Юр’еўна Пацэйка і Таццяна Уладзіміраўна Ліленка.
Падтрымаць выпускнікоў, а малодшым школьнікам пажадаць насычаных, плённых канікул на ўрачыстасць завітала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч. 14 навучэнцам, якія ў гэты дзень папоўнілі рады Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Наталля Мікалаеўна ўручыла членскія білеты.
Старшыні ж пярвічкі БРСМ і па сумяшчальніцтве сёлетняй выпускніцы Кацярыне Пацэйка, выдатніцы вучобы Ксеніі Ісаевай было даручана права ўзняць дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Не менш адказную місію – даць апошні званок – выканалі дзевяцікласнікі Вікторыя Андрэева і Максім Первянёнак.
У гэты дзень было шмат цёплых слоў, віншаванняў, кветак. Прыгожым і шчымлівым дапаўненнем урачыстасці стаў развітальны вальс у выкананні выпускніц, іх сяброў па ўстанове.
– Эмоцыі перапаўняюць! – падзяліўся з намі старшы інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Ушацкага РАНС Сяргей Пацэйка. – Не столькі таму, што ўдзельнічаю ў лінейцы як ганаровы госць – сёння апошні званок прагучаў для маёй дачкі.
Арыгінальна прайшло свята ў Ільюшынскай СШ, якую заканчваюць сёлета 5 вучняў 11 класа і 9 дзевяцікласнікаў. У ліку першых, дарэчы, усяго адна прадстаўніца прыгожай паловы – і ўвагі, і кампліментаў для Аляксандры Урбан, якая вучыцца на 8-10, прысутныя не шкадавалі. Як і класнаму кіраўніку выпускнікоў Анастасіі Анатольеўне Храпавіцкай, якая, дарэчы, днямі адзначыць юбілей.
Рассмяшыла ўсіх гумарыстычная сцэнка ў выкананні малодшых школьнікаў, якія ў нежаданні развітвацца з выпускнікамі прыдумвалі “дыверсійныя” спосабы пакінуць іх на другі год – напрыклад, падмяніць запоўненыя бланкі на ЦЭ. Апошні ж званок у Ільюшыне на гэты раз давалі не выпускнік з першакласнікам, як было заўсёды, а ўсе адзінаццацікласнікі па чарзе: хтосьці – з радаснай усмешкай, нехта – ледзь стрымліваючы слёзы…
Не менш яркіх эмоцый было ў Глыбачанскай школе, дзе апошні званок прагучаў для 6 адзінаццацікласнікаў. Па сваіх таленавітых, творчых юнаках і дзяўчатах, якія падчас лінейкі і вальс танцавалі, і песню разам выконвалі, безумоўна, будзе сумаваць іх класны кіраўнік Ларыса Валянцінаўна Каліноўская.
Добра, што ў гарпасёлку побач са школай ёсць вялікая цэнтральная плошча – толькі такая пляцоўка можа ўмясціць усіх удзельнікаў свята апошняга званка. Пад гучныя апладысменты прайшлі па ёй вучні двух 11-х класаў на чале са сваімі класнымі кіраўнікамі Маргарытай Анатольеўнай Бутоўскай і Галінай Сяргееўнай Данілёнак. Хоць апошняя выкладае замежную мову, але прывітанне выпускнікам выказала на роднай, аздобіўшы яго радкамі нашага паэта-земляка Петруся Броўкі: “Вы выйшлі ўдалеч, маладыя, вам доўга крочыць праз гады. Не забывайцеся ж, якія, вы пакідаеце сляды”. Не выбіраць лёгкіх шляхоў і памятаць сваіх педагогаў раіла першая настаўніца Людміла Аляксандраўна Бабаедава. А Уладзімір Анатольевіч Чумакоў, сын якога Іван сёлета заканчвае школу, даваў наказ ніколі не спыняцца ў дасягненні сваёй мэты.
Запамінальнай стала ўрачыстасць не толькі для выпускнікоў: за дасягненні ў вучобе, перамогі ў розных конкурсах, актыўнасць у грамадскіх справах многія школьнікі атрымалі граматы і дыпломы.
Ёсць на такіх святах два асабліва кранальныя моманты. Трапяткі вальс, у якім пасля ўпартых рэпетыцый старанна кружаць нават тыя, хто раней ніколі на танцаваў. І, канечне, гук апошняга званка – сёлета ва Ушацкай школе права паставіць “фінальную кропку” года атрымалі выпускніца Соф’я Каўрэцкая і першакласнік Іван Федарэнка. Калі ж, усклаўшы разам з малышамі кветкі да брацкай магілы воінаў і партызан, 11-класнікі рабілі агульнае фота ля помніка, малодшы брацік Соні Макар гучна ўздыхнуў: “Эх, вось бы і я з імі быў!”. У адказ хлопчык пачуў дружнае: “Не хвалюйся! Абавязкова будзеш – праз 10 год!” Сапраўды, час ляціць хутка – але школа застанецца для ўсіх самым светлым успамінам.
На святочных лінейках супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях нагадалі дзецям пра неабходнасць захавання правіл бяспекі, заканадаўства падчас летніх канікул.
У Брэсце прайшло рэспубліканскае свята “Апошні званок”, у якім прынялі ўдзел 2600 выпускнікоў з усіх рэгіёнаў краіны. У іх ліку былі і вучні Ушацкай школы Ягор Обух, Вікторыя Салавей, Аляўціна Пракудзіна, Марыя Харак, а таксама Яўген Ільюшэвіч з Арэхаўскай СШ.
Выпускнікі наведалі Брэсцкую крэпасць, на ўрачыстасці лепшых навучэнцаў узнагародзілі каштоўнымі падарункамі. А ў Палацы спорту “Вікторыя” была арганізавана канцэртная праграма.
Вольга КАМАРКОВА,
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ,
Наталля БАГДАНОВІЧ.