Ушачанин поймал белого амура весом более 20 кг на одном из озёр Браславщины

Калейдоскоп

Небывалая ўдача чакала ў нядзелю ўшачаніна В.Л.Шалака на адным з азёр на Браслаўшчыне.

Разумеючы, што ўжо павінен брацца шчупак, заўзяты рыбак узброіўся спінінгам, лодкай і зранку накіраваўся на вадаём. Закінуў раз – нічога, другі – і пачало адбывацца штосьці неймавернае.

– Тое, што трапілася на кручок, пацягнула з такой сілай, што ледзьве ў лодцы ўтрымаўся, – з захапленнем расказвае Валерый Леанідавіч. – Некалькі хвілін без вёслаў лётаў па возеры, як на маторцы. Калі б нехта ўбачыў (шкада, але рыбачыў адзін), дакладна не паверыў сваім вачам. Я ж, учапіўшыся за спінінг, думаў самае рознае: для шчупака – надта моцная асобіна, наўрад ці гэта сом, бо штосьці белае з вады мільганула, тады, можа, якога вадалаза зачапіў (смяецца). Калі ж здабыча пачала збаўляць абароты – відаць, стамілася мяне катаць, падцягнуў яе да лодкі. Прыгатаваны сачок не спатрэбіўся: умясцілася б хіба што галава гэтай рыбіны. Моцна ўхапіў яе рукамі і зацягнуў праз борт.
Ужо на беразе ўшачанін змог адэкватна ацаніць улоў. Упершыню здабыты ім белы амур пацягнуў ажно на 22,8 кілаграма. Нягледзячы на даволі ранні час, больш рыбачыць не стаў – паспяшаўся дамоў, каб падзяліцца эмоцыямі з блізкімі і сябрамі.

– Злавіць такую асобіну для рыбака – як выйграць у латарэю кватэру. Менавіта такім шчасліўчыкам зараз сябе адчуваю, – прызнаўся В.Л.Шалак. – Такое магчыма, напэўна, толькі раз у жыцці, аднак на тое азярцо (на жаль, не ведаю яго назву) абавязкова яшчэ з’езджу.

Станоўчыя характарыстыкі даваў мужчына і свайму спінінгу. Здаецца, самы просты – кітайскай вытворчасці, аднак, мякка згінаючыся, такую сілу вытрымаў! Пашанцавала таксама, што лавіў у той дзень Валерый Леанідавіч менавіта на шнур, а не тонкую лёску.

Між тым, падкінуў белы амур нашаму земляку яшчэ адно выпрабаванне. Ніякія нажы для чысткі не падыходзілі – давялося выкарыстоўваць для гэтай мэты сякеру. Атрымаў у выніку ажно 12 кілаграмаў чыстага мяса.

Парадаваліся за рыбака многія яго сябры, калегі – работнікі раёна электрычных сетак. Убачыўшы на здымках нядзельны ўлоў Валерыя Леанідавіча, многія гэтак жа сабраліся парыбачыць. Ні хваста, ні лускі ўсім!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *