Профессия за кадром

Наш современник

Напісаць пра гэтага юнака збіралася з таго часу, як папрысутнічала сёлета на галоўнай нарадзе культработнікаў. Сярод тых, хто атрымаў Ганаровую грамату аддзела культуры райвыканкама за ўзорную работу па выніках мінулага года, быў і Аляксандр Дзегцяроў. 
– Так, – пацвердзіла дырэктар раённай кінавідэасеткі М. П.Макрыдзіна, – гэта наш добры работнік. У тым, што спраўляемся з планам, ёсць і заслуга Аляксандра. Важна, што не толькі ў прадугледжаныя дні паказу фільмаў працуе як след, але згаджаецца і ў свой асабісты час на карысць справе паслужыць. Калі, скажам, госці раёна прыязджаюць і трэба дакументальны фільм прадэманстраваць.
Мне захацелася пазнаёміцца з хлопцам бліжэй.
Ёсць людзі своеасаблівыя, не падобныя на большасць. Такі і Аляксандр Дзегцяроў. Рослы хлопец, здавалася б, павінен быць прыкметным і ў размове, але ён лічыць за лепшае гаварыць толькі тады, калі ёсць неабходнасць. Маўклівасць і залішняя стрыманасць з’явіліся для юнака маральнай перашкодай, калі ён вырашыў уладкавацца ў горадзе. Аляксандр набыў прафесію слесара-рамонтніка швейнага абсталявання. Размеркавалі на фабрыку ў Полацк, але, папрацаваўшы ў горадзе, зразумеў, што гэта не для яго. Вярнуўся дадому. Тры гады назад прапанавалі хлопцу асвоіць работу відэадэманстратара. Вучыў яго вопытны работнік Д.М.Сазонаў, а Аляксандр ахвотна авалодваў апаратурай. Спачатку не ўсё атрымлівалася, але сёння праекцыйная ўстаноўка, наогул увесь працэс паказу для Аляксандра – азбучная ісціна. Ён вывучаны і замацаваны на практыцы, рука набіта. Аляксандр, да слова сказаць, не толькі дэманструе фільмы, але і сам прадае білеты.
Кола інтарэсаў наведвальнікаў самае шырокае. Гэта камедыі, меладрамы, мультфільмы, трылеры. Усе іх Аляксандр дэманструе з задавальненнем, бо з дзяцінства любіць кіно. Раней больш цікавіўся фільмамі жахаў, цяпер падабаюцца ў асноўным стужкі на жыццёвыя тэмы.
Што яшчэ характэрна для гэтага хлопца – ён вядзе здаровы лад жыцця. Не курыць, расказвае, што ў падлеткавым узросце паспрабаваў, не спадабалася, ды і кінуў. Са спіртным таксама не сябруе. “Таму, – усміхаецца Аляксандр, – не падыходжу пад некаторыя маладзёжныя кампаніі”. Але ён не сумуе. У яго ёсць брат Сяргей, які працуе бетоншчыкам у ПМК-66. Яны блізняты. Абодва аднолькавага характару. Не спяшаюцца свае сем’і заводзіць, спадзяюцца, што лёс іх сам знойдзе. Кожны з хлопцаў задумваецца пра будучую абранніцу і хоча, каб яна ў яго была такая, як мама Галіна Іванаўна (яна працуе поварам у сталовай Ушацкай школы), або бабуля, якая жыве ў Наваселлі. Ёй хлопцы дапамагаюць то дровы пасекчы, то агароджу падрамантаваць. Любяць сваіх родных.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *