«Девушка с неограниченными возможностями». Рассказываем об ушачанке Светлане Лейко

Общество

Ні падчас размовы са Светай Ляйко, ні пакінуйшы сацыяльную кватэру на першым паверсе ў адной са шматпавярховак па Віцебскай, не паўстала адчування, што сустракалася з інвалідам з адной з самых складаных хвароб – цэрабральным паралічом. Мяне вітала дзяўчына не ў калясцы, а ў камп’ютарным крэсле, стройная, з манікюрам, залатымі завушніцамі і нават татуіроўкай. Як многія іншыя трыццацігадовыя. Так і ёсць. Святлана не любіць і ніколі не ўжывае ў дачыненні да сябе ні слова інвалід, ні нават асоба з абмежаванымі магчымасцямі. “Я чалавек з павышанымі патрэбамі”, – і жартам, і ўсур’ёз гаворыць яна.

Трапны выраз, ці не праўда? Бо ёй патрэбна ўсё тое ж самае, што і здаровым людзям, толькі яшчэ каляска і дарожкі з павольнымі спускамі, падзарадка для двухколавага памочніка і поручні, зручны абутак, таблеткі, вітаміны, дыетычнае харчаванне, аўтобус з нізкай прыступкай… Аднойчы на прыпынку адзін з мужчын-пасажыраў кінуў ў бок Светы: “Ездзілі б на аўтобусах для інвалідаў, навошта астатнім перашкаджаць”. І пачуў імгненнае: “Набылі б сабе аўтобус і каталіся б, каб ніхто не замінаў”.

“Баявая, з характарам, за словам у карман не палезе, – кажа маці Ала Папалава, паглядаючы на дачку з пяшчотнай любоўю і адначасова пачуццём віны, якую ніяк не зжыве, шукаючы прычыны хваробы. – І вельмі моцная. Ужо даўно не я ёй апора, а яна мне. Рукамі зараз мала што магу рабіць, дык Света і рыбу чысціць, і бульбу, хоць у яе пальчыкі дрэнна слухаюцца і робіць яна ўсё марудней і з намаганнем. Даведалася пра санаторый з салянымі пячорамі ў салігорскіх шахтах, карыснымі пры астме, і накіравала мяне туды, пры гэтым на тры тыдні адна заставалася ў кватэры і спраўлялася. Па доме даўно толькі яна кіруе: канапу вось гэту прыгожую, шпалеры, камп’ютар, усё сама выбірала і выплачвае крэдыты. Паліто мне ў інтэрнэт-магазіне заказала”.

Так, Света робіць літаральна ўсё: пыласосіць, прыбірае, гатуе, выгульвае свайго шпіца Зефіра. На вуліцы рухаецца на калясцы з электрапрывадам, у кватэры ходзіць, трымаючыся за сцены і мэблю. Была фанаткай і вялікай умельцай рознай выпечкі. Толькі вымушана была пазбавіцца і гэтага хобі – ёй нельга нічога смажанага ды печанага. У 2021 годзе лёс у чарговы раз вырашыў праверыць дзяўчыну на трываласць: у дадатак да ДЦП выявілі яшчэ і анкалогію. І пасля 22 курсаў апраменьвання стравы ўжывае выключна паравыя, ды і тое адзін раз на дні – апетыт таксама знік. Аслаблены імунітэт чапляе іншыя хваробы. Вось і зараз яна часта наведвае паліклініку. І паспрабуйце ўявіць на хвілінку, як ёй даецца гэта заснежаная дарога. Машыны не заўсёды спраўляюцца, а інвалідная каляска…

Света перанесла ўжо 7 сур’ёзных аперацый, не гаворачы пра рэабілітацыі, абследаванні і розныя дробныя хваробы.

Света ж кажа лаканічнае: “Вельмі стамілася”. Не больш. Пра тое, што зараз саслабела, боль ва ўсім целе, а прэпараты, каб зменшыць яго, прымаць нельга, расказвае маці. Як і пра тое, што нядаўна дачку ратаваў шпіц: гаўкаў, каб прыцягнуць увагу, і лізаў хворыя ногі, калі яна павалілася ў ваннай. Дачка дадае толькі, што цярпець прывыкла, а лёгка не жыла ніколі. Толькі па тым, як складана ёй было падчас нашай фотасесіі нават павярнуцца на стуле, як прыпадымала, пераносіла ўслед за тулавам ногі матуля, угадвалася, як даюцца Свеце роля самастойнай гаспадыні, самыя простыя дзеянні і падарожжы. А вандраваць, тым не менш, яна любіць. У Полацк, дзе наведвае манікюрны салон, гаспадыня якога і падарыла дзяўчыне разумнага сабачку, у Мінск, дзе жыве сяброўка, з якой пастаянна перапісваюцца. Падчас знаходжання ў бальніцах у яе з’явілася шмат знаёмых. Многім дапамагае маральна, з цяжкасцю асвоіўшы набор пісьмаў на клавіятуры. Сама з радасцю атрымлівае шчымлівыя падаруначкі, зробленыя рукамі амаль невідушчай мінчанкі, ці пасылкі з Масквы ад жанчыны, што стала блізкім чалавекам пасля выпадковай сустрэчы ў цягніку. У цяжкія хвіліны гоіць душэўны боль музыкай, як не дзіўна, не бадзёрай, а той, у якой пазнае сябе, слухае выканаўцаў накшталт Сяргея Заўялава, з такім жа няпростым лёсам.

Яна вельмі камунікабельная, любіць жыццё і спрабуе зведаць яго радасці. Манікюр – тая дробязь, якая дапамагае адчуваць сябе як усе, ёсць і больш сур’ёзныя “магу”. Складана паверыць, але Света нават верхам на кані ездзіла.

“У мяне нічога не было ў дзяцінстве, нават такой прасторнай канапы, вельмі бедна жылі, таму, калі нечага моцна хачу, стаўлю сабе мэту і дасягаю”.

Яна ніколі не аб чым не прасіла. Калі нечым дапамагаюць, нават родны дзядзька, імкнецца адплаціць. Але новая хвароба ўчасціла наведванне бальніц і павялічыла колькасць прэпаратаў, таму не адмовілася б зараз ад фінансавай падтрымкі землякоў. Жывуць як і раней на 400-рублёвую пенсію і 300 матчыных па доглядзе. Калі ў каго з ушачан з’явіцца жаданне падтрымаць мужную і шматпакутную дзяўчыну, можна пералічыць любую суму на картку 4320 3700 4095 5553 (Белаграпрамбанк, тэрмін дзеяння 04/25). Патрэбы ў яе сапраўды, вышэй, чым у нас, а магчымасці зарабіць няма.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *