Выездной приём граждан в деревне Заозерье

Зваротная сувязь

Бываюць населеныя пункты, у якіх адчуваеш сябе неяк асабліва прыемна і ўтульна – нават калі трапіў сюды ўпершыню. Такія пачуцці міжволі ўзнікаюць у тых, хто прыязджае ў вёску Заазер’е Вялікадолецкага сельсавета. Магчыма, прыгажосць краявідаў наклала пэўны адбітак і на людзей, што тут жывуць: падалося, што памяркоўнасць і добрае пачуццё гумару ўласцівы ўсім тутэйшым вяскоўцам.
Сустрэча з першым намеснікам старшыні райвыканкама А.Я.Вайцянковым, які праводзіў у Заазер’і свой чарговы выязны прыём, была наладжана на вольным паветры, бо наўрад ці якая хата змясціла б усіх жадаючых пагутарыць з прадстаўніком раённага кіраўніцтва. Больш за два дзесяткі заазерцаў выкарысталі гэтую нагоду – і не толькі з мэтай вырашыць асабістыя праблемы, але каб проста сабрацца разам, абмеркаваць жыццё ва ўсім яго багатым дыяпазоне: ад ходу жніва да… вялікай колькасці аваднёў, якія сёлета “лютуюць”, не даюць спакою хатняй жывёле. 
Дарэчы, Аляксандр Ягоравіч і дырэктар КУСГП “Вялікадолецкае” І.П.Дарошчанка, які прымаў удзел у гутарцы, падрабязна асвяцілі тэму ўборкі збожжавых, пацікавіліся, ці ёсць у вёсцы жадаючыя набыць зерне, абмеркавалі пытанні па яго дастаўцы, па дапамозе з уборкай прыватных участкаў. Вяскоўцы, дарэчы, трымаюць 7 кароў і 4 коней. Апошніх, аднак, не хапае, каб апрацоўваць усе агароды, таму прысутныя выказалі пажаданне, каб у мясцовай гаспадарцы можна было “выпісаць” каня. Але колькасць гэтай жывёлы вельмі зменшылася з-за таго, што фермы, якія мелі ў ёй патрэбу, зараз рэканструіруюцца, кармы раздаюцца механізаваным спосабам. Іван Піліпавіч вынес сустрэчную прапанову вяскоўцам, каб тыя скаапераваліся і ўзялі па дагаворы ў гаспадарцы каня на ўласнае ўтрыманне – з сенам ім дапамогуць.
Раней у вёсцы існавалі праблемы з водазабеспячэннем – часта выходзіла са строю абсталяванне. Але зараз, як сцвярджаюць жыхары, вада падаецца амаль бесперабойна. Чаго не скажаш аб тэлефоннай сувязі, на якасць якой ёсць нараканні – іх агучыў Леанід Антонавіч Няміра. Зрэшты, праблема гэтая ў стадыі вырашэння: кіраўніцтва раённага вузла электрычнай сувязі абяцае, што пасля ўстаноўкі новага абсталявання ўсё нармалізуецца.
Узнікла дыскусія па пытанні радыёфікацыі вёскі. У апошні час правадное радыё працавала тут вельмі дрэнна, наспела неабходнасць мяняць сетку, а зрабіць гэта ў аддаленай вёсцы – справа не з дзяшовых. Раённыя спецыялісты ўстанавілі ў кожнай хаце хвалевы радыёпрыёмнік. Наватарства, праўда, прыйшлося да спадобы не ўсім: моладзь задаволена, а вось сталыя людзі прызвычаіліся мець справу з простай тэхнікай з адной “кнопкай” рэгулявання гука і губляюцца ад зваліўшыхся на іх галаву “радыёмагчымасцей”.
Заўваг па транспартных зносінах і забеспячэнні таварамі ў вяскоўцаў няма: штодзень сюды заязджае аўтобус, з двума выхаднымі на тыдні працуе магазін. Спраўна выконваюць сваю работу дарожнікі. Вяскоўцы, канечне, мараць, каб галоўную дарогу вёскі заасфальтавалі, аднак сённяшнія рэаліі такія, што гэта мара, відавочна, пакуль ёю і застанецца. Калі толькі за справу не возьмуцца дачнікі – а вёска на іх багатая, 12 хат тут належыць гараджанам. “Хутка будзем звацца не Заазер’е, а Мінск-2“ – пажартавала адна з жанчын. І паўсур’ёзна дадала: “Адзін заможны мінчанін абяцае хутка пракласці асфальт ад сваёй хаты да возера”.
Узнімаліся і іншыя пытанні наконт добраўпарадкавання. Жыхароў непакоіць вялікае дрэва, што небяспечна нахілілася і можа ў любы момант упасці на праходзячых побач, “мазоліць вочы” кузаў старога аўтамабіля, які ляжыць на абочыне і з’яўляецца “ўпрыгожваннем” цэнтра вёскі. З гэтымі акалічнасцямі паабяцаў разабрацца старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама М.К.Ляшкевіч.
“Усё добра, вось толькі артысты не прыязджаюць. Запрасіце, калі ласка, да нас якую-небудзь вядомую зорку!” – пажартаваў на развітанне старэйшына Уладзімір Піліпавіч Ляхоўскі. На гэта Мікалай Канстанцінавіч адказаў, што сталічных славутасцей не абяцае, аднак у хуткім часе да вяскоўцаў абавязкова завітаюць зоркі з Вялікадолецкага СДК.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *