Особенности нового учебного года

Зваротная сувязь

Падчас “прамой лініі” з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Л.Р.КАРАБАНЬ, якая праходзіла ў рэдакцыі напярэдадні першага верасня, тэлефанаванняў не было. Аднак чарговы навучальны год мае некаторыя асаблівасці, пра іх мы і папрасілі расказаць Людмілу Рыгораўну.
– Многія, напэўна, ведаюць, што змены 2011-2012 навучальнага года звязаны з прыняццем Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь – першага дакумента падобнага кшталту ў свеце. У ім раскрыты правы і абавязкі вучняў, студэнтаў, іх бацькоў, педагогаў, прыведзены патрабаванні да адукацыйнага працэсу. Афіцыйна замацаваны 11-гадовы перыяд навучання ў школах, пяцідзёнка, 10-бальная шкала ацэньвання ведаў. Прычым дрэнная адзнака ў школе будзе толькі адна – 0, усе астатнія, нават 1 і 2, – станоўчыя.
– Адзіная школьная форма ў школах не ўводзіцца?
– У кодэксе няма нормы, якая была б накіравана на прымушэнне школьнікаў насіць адзенне аднолькавага ўзору. Аднак статутамі школ прадугледжаны пэўныя патрабаванні да знешняга выгляду вучняў. Так, абавязковымі з’яўляюцца дзелавы стыль адзення, зменны абутак, спартыўная форма для заняткаў фізічнай культурай.
– Чула, што з гэтага года ўводзіцца дысцыплінарная адказнасць навучэнцаў за дрэнныя ўчынкі, якая наступае з 14 гадоў.
– Так, падставамі для прыцягнення да яе могуць быць спазненні ці не з’яўленне на заняткі, парушэнне дысцыпліны, знявага, псаванне маёмасці і іншыя. Меры пакарання – заўвага, вымова, адлічэнне. Дарэчы, адлічыць са школы можна толькі з 16 гадоў, прычым толькі з 10 або 11 класа. Прычынамі для адлічэння могуць стаць непаспяховасць па трох і больш вучэбных прадметах, адсутнасць на занятках больш 30 дзён на працягу года па няўважлівых прычынах, сістэматычнае невыкананне абавязкаў (знявага аднакласнікаў або настаўнікаў), калі ўжо прымяняліся меры дысцыплінарнага ўздзеяння. Забараняюцца курэнне, спажыванне алкагольных і слабаалкагольных напіткаў, піва.
– Пра “бізуны” зразумела, а што наконт “пернікаў”?
– Школьнікам, якія маюць пасведчанне за 9 класаў з адзнакай, гадавыя ацэнкі 10 і 9 па ўсіх вучэбных прадметах (акрамя фізкультуры, дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, па якіх дастаткова атрымаць 6 балаў) за 10-11 класы, а таксама ацэнкі 10 і 9 па выніках выпускных экзаменаў і абавязкова прыкладныя паводзіны, выдаюцца атэстаты за курс сярэдняй школы асобага ўзору з узнагароджаннем залатымі медалямі. Падобнае патрабаванне пры выдачы пасведчання за 9 класаў з адзнакай. Захаваны срэбныя медалі і выдача пахвальных лістоў за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў.
– Напэўна, для адзінаццацікласнікаў важна, якія ацэнкі пойдуць у атэстат.
– Пасля заканчэння 11 класаў выпускнікі атрымліваюць атэстаты, куды ўваходзяць ацэнкі па прадметах, якія вывучаліся ў 10-11 класах. Усе астатнія (чарчэнне, маляванне і іншыя) выстаўляюцца толькі ў пасведчанні аб атрыманні базавай адукацыі і ў атэстаты не пераходзяць.
– Ці праўда, што з гэтага года вучням трэціх класаў ацэнкі па музыцы і фізкультуры не будуць выстаўляцца?
– Так, па выніках урокаў школьнікам будзе давацца вусная ацэнка іх ведаў і навыкаў, а вось у журналы і дзённікі адпаведныя балы ўносіцца не будуць.
Гутарыла К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *