Да старту летняй аздараўленчай кампаніі на Ушаччыне ідзе актыўная падрыхтоўка. Кіпяць работы зараз і ў новым лагеры “Азёрны”, што адкрыецца для дзяцей ад 6 да 17 гадоў у аграгарадку Арэхаўна.
Касметычны рамонт будынка тут ужо завершаны – яркая палітра ў дзіцячых памяшканнях узнімае настрой. Зараз падключаецца абсталяванне, устанаўліваецца мэбля, прычым, у пераважнай большасці новая – для камфортнага размяшчэння хлопчыкаў і дзяўчынак. Працягваюцца работы па азеляненні тэрыторыі, хутка з’явяцца дадатковыя лавачкі для адпачынку і міні-футбольная пляцоўка. Прадугледжаны таксама спартыўна-гульнявы комплекс, розныя трэнажоры, у актавай зале ўсё “тэхналагічна” гатова для правядзення дыскатэк. Для дзяцей будзе арганізавана збалансаванае пяціразовае харчаванне.
Жадаючыя адпачыць у “Азёрным” могуць ужо зараз запісацца на адну ці некалькі змен. Першая працягнецца з 5 па 19 чэрвеня, другая – з 23 чэрвеня па 7 ліпеня, трэцяя – з 10 па 24 ліпеня, чацвёртая – з 28 ліпеня па 11 жніўня. Кошт пуцёўкі – 636 рублёў, бацькоўская даплата – 334 (астатняе датуецца дзяржавай). Па ўсіх пытаннях звяртайцеся па нумары 5-85-40.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

