В новом выпуске проекта «Один день с …» рассказываем о работе аппаратчика химводоочистки центральной котельной

Калейдоскоп

Што могуць рабіць на цэнтральнай кацельнай, як і любой іншай, жанчыны, цікавіла даўно. Неяк не пасуецца ў мяне гэтыя вялізныя агрэгатныя з дзявочымі рукамі. І аднакласніца Святлана Курбака колькі год таму развеяла цікаўнасць – расказала ў двух словах пра апаратчыка хімводаачысткі. Вось толькі ўнікнуць рэдкую прафесію не ўдавалася, а за гэты час столькі вады ўцякло… Калі раней у камунгасе чатыры чалавекі пастаянна рабілі аналіз тэхнічнай, то зараз – толькі Жанна Сімановіч (на здымку), якую пры патрэбе замяняе Святлана, як і было на гэтым тыдні.

У норме сіні колер

Кожная раніца пачынаецца з забору проб вады. Мае апасенні наконт нежаноцкай прафесіі ўзмацняюцца, як толькі падыходзім да фільтраў. Ну, па першае, яны зусім не падобныя на хатнюю колбу з картрыджам. Перада мной чатыры вялізныя бочкі ў два чалавечыя росты, звязаныя паміж сабой сістэмай тоўстых у дыяметры труб. “Натрый-катыянітавы другаснай ачысткі,” – не з першага разу вымаўляю надпіс і міжволі прыгадваю нашу строгую настаўніцу хіміі Серафіму Мікалаеўну Голубеву, дарэчы, класнага кіраўніка Святланы. “Няўжо вы так любілі прадмет?”, – пытаюся. Абедзьве жанчыны смяюцца. “Не асабліва. Першая рэакцыя на курсах у Віцебску была такой жа. Падумалася, куды я трапіла. На самой жа справе ў аналізах нічога складанага. І ў лабараторыі, калі на практыцы сачыла за дзеяннямі Валянціны Антонаўны Шляхтуновай, іншых жанчын, вельмі спадабалася. Рэальныя цяжкасці былі звязаны з частай рэгенерацыяй, уключэннем прадувак для газавых катлоў і пастаяннай канцэнтрацыяй увагі, – расказвае Жанна. – Дарэчы, мой класны кіраўнік у Дубраўскай школе Ніна Васільеўна Красінская таксама выкладала гэты прадмет. А хімічыць з рэактывамі любілі ўсе”.

З колбамі і бегае апаратчык, робячы праверкі на цвёрдасць і шчолачнасць. Прыносім ваду з фільтра, праз піпетку далучаем 5-7 кропель аміячна-буфернага раствору і яна на вачах чырванее. А цяпер – увага! – цітруем трылонам Б. Дзесяць мікраграмаў – і вада ператварылася ў сінюю. “Норма. Інакш магло быць толькі пры якіх адхіленнях, паколькі ўчора перазапускала фільтры, калі сінець пачала на 200 (гэта гранічны паказчык)”, – задаволена канстатуе Святлана.

Сістэмны ціск уплывае на артэрыяльны

Я ж прашу паказаць мне працэс. “Пераключаем падачу вады на другі фільтр першаснай ачысткі. Ён гатовы да работы, але абавязкова трэба прамыць, бо застаюцца рэшткі солі, якой “аднаўлялі” іоны катыяніту. А цяпер зоймемся спрацаваным фільтрам. Спачатку ўзрыхлім яго, падаём ваду знізу, якая падымае спрасаваны рэагент і вымывае ўвесь бруд – гэта займае хвілін 40-45, пакуль не стане чыстай. А цяпер рэгенерыруем – запускаем саляную бочку. Паспрабуй, павярні венціль”, – прапаноўвае мне Святлана, чым ставіць у тупік. Адной рукой гэтага не зрабіць. Яна ж падымае ўгару дзве і круціць. – “Так-так, мышцы натрэніраваны за 19 гадоў. Сюды засыпаем 20 вядзёр солі, адкрываем ваду і пускаем на фільтр, такім чынам катыяніт зноў будзе працаваць. Ну і прамываем ад солі – з пеністай, белай вада становіцца празрыстай. Паралельна робім забор пробы з дэаратара – там накопліваецца вада, прайшоўшая дзве ступені ачысткі”.

Каб дабрацца да яго – таксама вялізнай 15-тоннай бочкі, падымаемся па металічнай лесвіцы. Побач з ёй шкляная трубка з рыскай. “Гэта ўзровень, ніжэй якога вада не павінна апускацца. Раней, памятаю, ночку бегаю, стаю і палец трымаю на гэтай адзнацы – сачу за паплаўком. Бо калі пайшоў уніз, значыць у сістэме ўцечка і катлы спыняцца, гарпасёлак будзе мерзнуць, а дастаткова і 30 хвілін, каб уся вада сышла”, – расказвае Святлана.

“А такое здаралася нярэдка. І пакуль нашы хлопцы шукаюць парыў, трэба дабаўляць ваду, сачыць па манометрах, каб пры гэтым не апусціўся ціск ва ўсёй сістэме, уласны, артэрыяльны пры такой адказнасці няўмольна павышаецца. Так што не толькі хімію трэба ведаць – рэактывы, дарэчы, раблю сама, але і фізіку, – дабаўляе Жанна. – А летам залазілі ўнутр дэаратара і счышчалі са сценак нарасты”.

Адукацыя апаратчыка хімводаачысткі адносіцца да прафесійна-тэхнічнай, атрымаць яе можна ў шматлікіх цэнтрах падрыхтоўкі.

Сістэму сілкуе Ушачка

“Няўжо пасля таго, як па гарпасёлку паставілі тры станцыі абезжалезвання, вада не стала чыстай?”, – задаю, здаецца, лагічнае пытанне. І чую зусім нечаканы адказ: “А пры чым тут станцыі, вада ж у сістэму бярэцца напрамую з рэчкі. Помпа стаіць у раёне драўлянага моста па Полацкай, якая і падае яе ў спецыяльны адстойнік побач з кацельнай, адкуль і паступае ў сістэму. Так што ў ацяпляльных трубах ачышчаная рачная вада, тады як гарачая і халодная з кранаў – з артэзіянскіх свідравін, якую мы падаграваем цеплаабменнікамі. Многія памыляюцца. Раней апаратчыкі і пасярод ночы маглі ісці ўключаць помпу. Напрамкі не надта далёка, толькі сабакі палохалі”.

Зараз работы ў апаратчыкаў намнога меней: прайшла поўная мадэрнізацыя цепласетак і даволі частых раней уцечак цяпер няма, таму і адбылося скарачэнне штата і з чатырох апаратчыкаў застаўся адзін. Паўплываў і поўны пераход на катлы на шчапе. Газавыя вельмі капрызныя, рэагавалі на самыя нязначныя адхіленні якасці вады, таму пробу з усіх фільтраў і дэаратара браліся днём і ноччу праз кожныя дзве гадзіны. Хапала і пазаштатных сітуацый, якія аднак ушачане не заўважалі, проста ў машыністаў, слесараў і апаратчыкаў кацельні прыбаўлялася работы.

У сістэме цеплазабесчэння гарпасёлка пастаянна цыркуліруе 427 тон вады.

Часы змяніліся да лепшага

На ўсё жыццё запомніла Жанна сваю першую самастойную змену ў 1999 годзе, якая выпала на 7 ліпеня, у ноч на Івана Купалу. Гарачую ваду ў гарпасёлку ў той час не падавалі, таму кацельня не працавала і апаратчыкі пераводзіліся ў вартаўнікі. “Ты глядзі, у нас любяць у гэты дзень нашкодзіць, што сцягнуць, што перавярнуць, таму сачы ў два вокі”, – папярэджваў маладога спецыяліста дырэктар камунгаса Мікалай Прохаравіч Несцярэнка, чым вельмі напужаў дзяўчыну. Не забылася пра ранейшыя часы і Святлана, якая працуе на цэнтральнай кацельнай з 2005-га: “Падчас мадэрнізацыі, якая праходзіла не адзін раз, столькі абсталявання на вуліцы ляжала, а частка памяшкання была адкрытай, не так як зараз. Залезеш вышэй і сочыш за тэрыторыяй. Страшна ад любога шораху, я нават мужа клікала на дапамогу і ўдвух дзяжурылі”.

Зараз выпускаюцца і такія фільтры, што пробы браць не трэба, яны самі паказваюць, калі наступаюць адхіленні ў якасці вады. Аднак сачыць за апаратурай і пераключаць агрэгаты, каб сістэма працавала без збояў, усё роўна трэба. Гэта спрашчае работу апаратчыка, аднак не азначае, што прафесія гэтая адміраючая, наадварот – становіцца больш тэхналагічнай. “А на некаторых кацельнях жанчыны і машыністамі працуюць”, – дабаўляюць Жанна і Света, падкрэсліваючы тым самым, што дарэмна я лічу гэтую тэхнічную кропку выключна мужчынскім царствам.

Апаратчыкі хімводаачысткі працяглы час працавалі таксама Марына і Валянціна Шляхтуновы, Марына Рудзёнак, Наталля Аўласенка, Вольга Бутоўская, Таццяна Каваленка, якія сачылі за якасцю вады на цэнтральнай, бальнічнай і арэхаўскай кацельнях.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *