В хозяйствах района активно ведётся подготовка к старту нового полевого сезона

Сельское хозяйство

Здаецца, зусім нядаўна мы падводзілі вынікі чарговага палявога сезона, а ў гаспадарках раёна ўжо ідзе падрыхтоўка да новага.

Сёлета вывесці тэхніку на лінейку гатоўнасці неабходна ў больш раннія тэрміны. І калі ў сераду мы зазірнулі ў прасторны ангар мехдвара “Сафійскіх дароў”, там ва ўсю кіпела работа.

На здымку: В.Зузёнак, А.Раманоўскі.

“Ужо правялі абслугоўванне трох МТЗ-1221, замянілі масла, фільтры, гуму, адрамантавалі счапленне. Засталося толькі пафарбаваць – і можна праходзіць тэхагляд”, – падзяліўся з намі загадчык майстэрні Аляксандр Васільевіч Барздзей. Дарэчы, графік водпускаў тут склалі такім чынам, каб працэс не спыняўся: напрыклад, слесар Аляксандр Іванавіч Раманоўскі, які ў гэты дзень шчыраваў над рамонтам чатырохкорпуснага абаротнага плуга, адправіцца адпачываць, калі будзе выканана акрэсленае заданне. І проста незаменны ў час падрыхтоўкі тэхнікі вопытны токар Віктар Міхайлавіч Зузёнак. Хоць і з’яўляецца выраз пра залатыя рукі газетным штампам, але для характарыстыкі такіх майстроў як ён больш трапнага проста не прыдумаеш. “Плугі абнаўляем штогод, а іншыя дэталі – і неаднойчы за сезон. На гэтым, напрыклад, замянілі лемяшы, адвалы, долаты, палявыя дошкі: завершым справу – і будзе як новенькі!” – паказваюць работнікі.

У справе і глыбачанцы, якія гэтымі днямі таксама даводзяць да ладу плугі, а яшчэ каробку перадач энерганасычанага трактара. А ў майстэрнях “Ільюшынскага” аднаўляюць раскідвальнік мінеральных угнаенняў і Амкадор – гэта адзінка не прастойвала ніводнага дня, так што ўзнікла патрэба падрамантаваць гідрасістэму.

У гаспадарках Віцебшчыны да аграрнага сезона плануецца адрамантаваць каля 1500 трактароў, 254 пагрузчыкі, больш тысячы раскідвальнікаў угнаенняў, апырсквальнікаў, глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў.

Там, дзе гэта магчыма, прадпрыемствы стараюцца спраўляцца сваімі сіламі, аднак больш складаны рамонт праводзіцца на спецкропках. Гаспадаркі раёна накіравалі на “Заходне-Дзвінскі МРС”, “Віцебскі маторарамонтны завод” і “Амкадор-Віцебск” 14 адзінак тэхнікі. А паколькі “Ільюшынскі” і “Дземенец” зрабілі заяўкі аднымі з першых у вобласці, капрамонт іх МТЗ-3522 ужо завершаны. Павінны аднавіць да пачатку сезона і глыбачанскі энерганасычаны “Беларус”, некалькі дыскатараў і пасяўных агрэгатаў з нашых гаспадарак. А “Ільюшынскі” адправіў на завод два рухавікі са спісаных камбайнаў КЗС-1218, якія маторарамонтнікі адрамантуюць і пераабсталююць для ўстаноўкі на энерганасычаны трактар – такім чынам ушачане адновяць запатрабаваную адзінку. Падобная паслуга з’явілася не так даўно і зацікавіла руплівых аграрыяў з многіх сельгасарганізацый вобласці.
Вядома ж, толькі ўласнымі сродкамі з падрыхтоўкай тэхнікі нашы гаспадаркі не справяцца, таму штогод на гэту мэту выдзяляюцца бюджэтныя. У Беларусі аграрны сектар лічыцца адным з галоўных і заўсёды мае значную дзяржаўную падтрымку.

“Дзяржтэхагляд сёлета будзе праводзіцца не ў сакавіку, як гэта было раней, а напрыканцы зімы: рашэннем райвыканкама зацверджаны графік, адпаведна якому камісія пачне аб’езд ужо 20 лютага – першымі яе прымуць “Сафійскія дары”, – зазначае галоўны інспектар па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Сяргей Мікалаевіч Качан. Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання пастаўлена задача, каб у другой палове сакавіка гатоўнасць тэхнікі была стапрацэнтнай. Прынамсі, аграрыі і самі разумеюць, як важна падысці да пасяўной “у поўным узбраенні”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “В хозяйствах района активно ведётся подготовка к старту нового полевого сезона

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *